Перакананьне ды ўзровень гармону голаду

Людзі, якія былі перакананыя, што спажылі больш калярычны напой, адчуваюць большую сытасьць, чым асобы, якія мяркуюць, што іхны напой быў малакаляры йны й абязтлушчаны.

Паводле псыхолягаў з Ельскага ўнівэрсытэту, стан мысьленьня ўплывае на ўзровень граліну – гармону, што адказвае за зьяўленьне пачуцьця голада. Гралін выпрацоўваецца пустым страўнікам.

Узровень граліну павышаецца перад харчаваньнем і зьніжаецца пасьля яго. І калі колькасьць гармону ў арганізьме вялікая, то гэта хутчэй за ўсё азначае, што дадзены чалавек будзе есьці зашмат.

Псыхолягі з Ейльскага ўнівэрсытэту частавалі ўдзельнікаў экспэрымэнту малочным кактэйлям, энэргетычным напоям, які ўтрымлівае 380 кілякалёрыяў. Палове ўдзельнікаў паведамілі, што калярыйная вартасьць напою складае 620 кілякалёрыяў, другой, што – 140. Аказалася, што ў асобаў, якія былі перакананыя, што спажываюць больш калярыйны напой, узровень граліну значна зьнізіўся. А ў другой паловы ўзровень гармону амаль не зьмяніўся.

Паводле навукоўцаў, дасьледаньне даказвае, што стан мысьленьня можа паўплываць на фізычнае пачуцьцё сытасьці. Згаданае пачуцьцё ў большай ступені залежыць ад уражананьня, чым ад рэчаіснай калярыйнасьці стравы, лічаць навукоўцы.

Супраць дэпрэсіі - лептын

Лептын – горман, які выпрацоўвае галоўным чынам падскурная белая тлушчавая тканка, сыгналізуе сытасьць, а ў выпадку жанчынаў зьмяншае схільнасьць да дэпрэсіі.

Чым менш лептыну ў арганізьме, тым большыя схільнасьці да падзеньня настрою. Вынікі праведзеных на жывёлах дасьледаваньняў сьведчаць пра тое, што лептын у вялікай ступені ўплывае на ўзровень самаадчуваньня людзей.

Пра гэта сьведчаць таксама вынікі назіраньняў за групай жанчынаў. Так, узровень лептыну нізкі ў стройных кабетаў, а высокі -  у поўных жанчынаў. У сваю чаргу дэпрэсія вельмі часта назіраецца падчас хвароб, зьвязаных зь нізкім узроўнен згаданага гармону, напрыклад, анарэксіі.

Група навукоўцаў з Гарвардзкай мэдычнай школы аналізавала сувязь між узроўнем лептыну ды прызнакамі дэпрэсіі ў 64 жанчынаў. Аказалася, што высокі ўзровень гармону ў арганізьме азначае меншыя схільнасьці да дэпрэсіі й кепскага настрою.

Партугальскія студэнты сьпісваюць на іспытах

Сьпісваньне - вялізная праблема сярод партугальскіх студэнтаў. Як вынікае з апошніх дасьледаваньняў, падчас іспытаў махлюе большасьць мясцовых навучэнцаў.

70% зь іх прызналіся, што прынамсі раз у жыцьці сьпісалі на экзаменах. На падставе дасьледаваньняў Унівэрсытэту Порта можна зрабіць таксама іншыя сумныя высновы: выкладчыкі мясцовых ВНУ альбо паблажлівыя, альбо проста прыкрываюць вочы на такую практыку сваіх студэнтаў.
 
Аўтарка апытаньня Аўрора Тэйкшэйра апытала амаль 5,5 тысячаў студэнтаў некалькіх сотняў партугальскіх факультэтаў. Высновы нецікавыя: сьпісваюць усе і ўсюды. Цікава, што цягам апошніх 5 гадоў згаданая зьява значна ўзрасла.

Паводле Аўроры Тэйкшэйры, ёсьць некалькі прычынаў такога стану рэчы. Перш за ўсё, лічыць навуковец, студэнты ня ўмеюць вучыцца, у іх празьмерныя амбіцыі альбо яны проста лянівыя. Апрача таго, аўтарка апытаньня зьняртае ўвагу на адсутнасьць адпаведнай і эфэктыўнай сыстэмы пакараньня ашуканцаў.


Больш зморшчынаў - большая паргоза з боку астэапарозу

Чым больш зморшчынаў зьявіцца на твары жанчыны ў першых гадах пасьля мэнапаўзы, тым большая пагроза разьвіцьця астэапарозу й пераломаў касьцей у будучыні - сьведчаць амэрыканскія дасьледваньні.

Ажно 30% жанчынаў пасьля мэнапаўзы пакутуе ад астэапарозу – хваробы, якая паступова, безь ніякіх сымптомаў можа давесьці да значнага аслабленьня касьцей, што павялічвае іхную падатлівасьць на пераломы.

Дасьледаваньні ахапілі больш за 100 жанчынаў старэйшых за 50 гадоў пасьля мэнапаўзы.

У прыватнасьці, навукоўцы ацэньвалі іхныя зморшчыны на твары й шыі - колькасьць і глыбіню. Аказваецца, што існуе сувязь між колькасьцю зморшчынаў ды станам касьцей. Чым больш зморшчынаў, тым слабейшыя косьці, прычым незалежна ад узросту, памеру тлушчавай тканкі ды іншых паказчыкаў, якія нармальна ўплываюць на стан касьцей чалавека.

Калі згаданы тэзіс пацьвердзіцца, можна будзе лягчэй дыягназаваць пагрозу астэапарозу ў жанчынаў. 

Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org