• Беларусь парушыла прынцыпы Орхускай канвэнцыі
  • 04.07.2011

Беларусь парушае базавыя палажэньні Орхускай канвэнцыі „Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя па пытаньнях навакольнага асяродзьдзя”, - пастанавілі ўдзельнікі 4-й Нарады бакоў Орхускай канвэнцыі, якая 1 ліпеня прайшла ў Кішынёве.

У прыватнасьці, Беларусь парушыла асноўныя экалягічныя правы грамадзян двойчы — пры будаўніцтве Нёманскай ГЭС і пры рэалізацыі праекта беларускай АЭС.

„Мы спадзяёмся, што гэта дапаможа пакласьці канец існуючай у нашай краіне практыцы й што меркаваньне грамадзкасьці, нарэшце, пачне ўлічвацца ў прыняцьці экалягічна значных рашэньняў”, — сказала ў сваім выступленьні на пленарным паседжаньні нарады прадстаўнік беларускага грамадзкага аб'яднаньня „Экадом” Тацьцяна Новікава.
 
Орхуская канвэнцыя аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя па пытаньнях навакольнага асяродзьдзя была прынятая ў канцы чэрвеня 1998 года на канфэрэнцыі міністраў аховы навакольнага асяродзьдзя Эўропы ў дацкім горадзе Орхус.

Беларусь падпісала гэты дакумэт у сьнежні 1998 года. У сьнежні 1999-га ўдзел Беларусі ў канвэцыі быў зацьверджаны ўказам прэзыдэнта.
 
БелаПАН/аз