Беларусь зьвярнулася па стабілізацыйны крэдыт да ЭўрАзЭС яшчэ ў кастрычніку мінулага году, перад прызыдэнцкімі выбарамі. Пра гэта сьведчыць копія дакумэнту, якая трапіла ў рукі журналістаў і апублікаваная на сайце naviny.by.
Рэдакцыя інтэрнэт-газэты атрымала копію крэдытнай заяўкі зь Менска за подпісам міністра фінансаў Андрэя Харкаўца, датаванай 22 кастрычніка 2010 году.
Упершыню інфармацыя аб заяўцы ў Антыкрызысны фонд ЭўрАзЭС на 2 мільярды даляраў была апублікаваная віцэ-прэм'ерам Сяргеем Румасам 16 лютага гэтага году.
Аднак высьветлілася, што яшчэ за чатыры месяцы да гэтага, урад і Нацбанк распрацавалі праграму «для стабілізацыі сытуацыі ў краіне для атрыманьня фінансавага крэдыту Антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС у мэтах мінімізацыі нэгатыўных наступстваў для нацыянальнай эканомікі ад зьмяненьня ўмоваў зьнешняга гандлю энэргетычнымі таварамі».
У дакумэнце, тэкст якога трапіў у рэдакцыю БелаПАН, урад прадугледжвае абмежаваньне заробкаў, павышэньне тарыфаў ЖКГ і кошту праезду.
дг