• Экспэрты FIDH гавораць пра катаваньні ў Беларусі
  • Audio5.16 MB
  • 04.07.2011

Беларусь наведалі прадстаўнікі Міжнароднай Фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH). Яны  прадставілі справаздачу аб абмежаваньні палітычных і грамадзянскіх правоў грамадзян пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 годаю.

Інфармацыю зьбіралі ў вызваленых кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў выбарчых штабоў кандыдатаў у прэзыдэнты, сваякоў арыштаваных, адвакатаў, супрацоўнікаў праваабарончых арганізацый, журналістаў, а таксама прадстаўнікоў эўрапейскіх дыпляматычных місій.

Маштаб, працягласьць і аб'ём рэпрэсій выклікаюць асаблівую занепакоенасьць у праваабаронцаў. Артак Кіракасян, - прадстаўнік Міжнароднай Фэдэрацыі правоў чалавека - правёў некаторыя паралелі сытуацыі ў Беларусі з яго роднай краінай Армэніяй.

Артак Кіракасян: Што мяне насамрэч зьдзівіла: людзі, што былі ўцягнутыя ў гэты працэс, фактычна былі пазбаўленыя прававой падтрымкі, адваката. Людзі сустракаліся з адвакатам толькі падчас допытаў. Але былі так званыя гутаркі, у якіх адвакат ня быў задзейнічаны. Я параўноўваю гэтую сытуацыю з Армэніяй. У нас была падобная сытуацыя, але тычылася гэта толькі сьведак. Канстытуцыя трактавалася па-рознаму: што для сьведак можа выклікацца адвакат, а можа й не. Але цяпер Канстытуцыйны суд адназначна ўвёў правіла, што пры любых працэсуальных дзеяньнях чалавек мае права на адваката. Тут практычна ўсе, нават кандыдаты ў прэзыдэнты, хадзілі на гэтыя “гутаркі”, і з пункту гледзішча правоў чалавека гэта парушэньне, бо ніхто ня мае права выклікаць на такія гутаркі без усялякага статусу. Другое – сувязь са зьнешнім сьветам: людзей перасьледавалі, іх саджалі ў турмы й родныя па некалькі дзён ня мелі магчымасьці ведаць дзе знаходзяцца іх блізкія. Гэта мяне ўразіла. Наступнае: умовы ўтрыманьня. Проста жахлівая рэч, што людзі ня мелі магчымасьці хадзіць у прыбіральню, калі яны мелі ў гэтым патрэбу. З гэтай прычыны мусілі менш піць, есьці. Гэта й ёсьць катаваньні.

Сфабрыкаваныя крымінальныя справы ва ўмовах поўнага кантролю судовай сыстэмы суправаджаліся ператрусамі, допытамі, паклёпніцкімі кампаніямі й запалохваньнем шырокага кола грамадзянскіх і палітычных актывістаў, -- канстатуюць аналітыкі Міжнароднай Фэдэрацыі правоў чалавека. Пастаянна паступае інфармацыя пра жорсткае, зьняважлівае абыходжаньне з затрыманымі, катаваньні. А грамадзянскі кантроль над месцамі зьняволеньня ў Беларусі адсутнічае.

Кірыл Карацееў: Забарона прадуктовых перадач сур’ёзна ўскладняла жыцьцё тым, хто знаходзіўся ў зьняволеньні. Новым зьмяненьнем стала практыка вызваленьня, калі размова ідзе ня толькі аб вызваленьні, але й аб выкраданьні перад гэтым чалавека на некалькі гадзін. Бо, калі чалавек знаходзіцца ў руках дзяржавы, але аб гэтым ніхто ня ведае – яго родныя, сябры, -- то размова ідзе менавіта аб выкраданьні. На шчасьце кароткатэрміновым. Тыя эмоцыі, што перажывалі родныя людзей, якія мусілі б быць на волі, гэта вельмі цяжкія пакуты. Важная праблема – незалежнасьць юрыдычнай прафэсіі, статуса адваката. Праблема зьявілася не ўчора, але менавіта пасьля 19 сьнежня яна зьявілася з падвойнай сілай.

Драматычная сытуацыя ў Беларусі патрабуе неадкладнага й жорсткага рэагаваньня з
боку міжнароднай супольнасьці, гаворыцца ў справаздачы FIDH. Там жа ёсьць рэкамэндацыі кіраўніцтву Беларусі -- спыніць крымінальныя справы супраць удзельнікаў мірнай дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 г., неадкладна й безумоўна вызваліць усіх вязьняў, што праходзяць па гэтай справе, прыняць заканадаўчыя акты для прадухіленьня выпадкаў катаваньняў у краіне. Увесьці крымінальныя, грамадзянскія й адміністрацыйныя санкцыі за парушэньні заканадаўчых працэдур датычна арышту, допыту, абыходжаньня са зьняволенымі, і шэраг іншых рэкамэндацый.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі ўскладае вялікія спадзевы менавіта на міжнародную рэакцыю на факты парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.
 
Алесь Бяляцкі: На сёньняшні дзень Беларусь знаходзіцца ў даволі ўнікальнай сытуацыі, бо мы акружаныя “ворагамі”. Летува старшынствуе ў АБСЭ, Польшча – у Эўрапейскім зьвязе, а Украіна – у Радзе Эўропы. Усе нашы суседзі ачольваюць зараз арганізацыі, да якіх крайне нэрвова й недружалюбна ставяцца беларускія ўлады. І дзякуй Богу! Нашыя суседзі больш чым хто разумеюць складанасьць і драматычнасьці нашай сытуацыі. І, думаю, бліжэйшы год у гэтых міжнародных структурах будзе працягвацца ясны палітычны сыгнал беларускім уладам, што так не павінна быць.

Міжнародная Фэдэрацыя правоў чалавека дае рэкамэндацыі й для міжнароднай супольнасьці -- выкарыстоўваць усе магчымыя дыпляматычныя й палітычныя сродкі для таго, каб кіраўніцтва Беларусі выканала вышэйназваныя рэкамэндацыі, пачалася супраца з Радай па правах чалавека ААН і з Офісам Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека, быў створаны мандат Спэцыяльнага дакладчыка па правах чалавека ў Беларусі пры Савеце па правах чалавека ААН, аднавіць працу Офіса АБСЭ ў Менску. Дамагацца ўвядзеньня цэлага шэрагу міжнародных працэдур для кантролю за дзейнасьцю ўладаў.

Марыя Кароль