Ва ўрадзе Беларусі стварылі працоўную групу па дэбюракратызацыі дзейнасьці дзяржворганаў, паведамляе БелТА. Групу ўзначаліў віцэ-прэм’ер краіны Анатоль Тозік.
Паводле стваральнікаў групы, існуючыя бюракратычныя працэдуры прыводзяць да таго, што ворганы дзяржаўнага кіраваньня не вырашаюць па сутнасьці пытаньні, якія ўваходзяць у прамую кампэтэнцыю, а перакладаюць адказнасць за іх прыняцьце на вышэйшы ўзровень.
Галоўная задача групы Тозіка – разглядаць інфармацыю й прапановы ад грамадзян і юрыдычных асоб, якія датычаць адміністрацыйных працэдураў. Чальцы згаданай групы плянуюць распрацоўваць прапановы па прыцягненьні да адказнасьці службовых асоб, якія парушаюць законы аб адміністрацыйных працэдурах.
Грамадзяне й юрыдычныя асобы, якія сутыкнуліся зь бюракратыяй у дзяржаўных установах, змогуць накіроўваць свае скаргі й прапановы на разгляд групы праз адмысловы разьдзел на інтэрнэт-старонцы ўраду.
дг