• Анджэй Пачобут на свабодзе
  • Audio4.51 MB
  • 05.07.2011

Анджэй Пачобут на свабодзе. Яго асудзілі на тры гады з адтэрміноўкай на два гады й выпусьцілі з залі суду. Судзьдзя палічыў журналіста вінаватым у паклёпе на кіраўніка краіны. Абвінавачаньні па другім артыкулe аб абразе Аляксандра Лукашэнкі зь яго зьнялі.

Пасьля выхаду з суду Анджэй сказаў, што спадзяваўся больш жорсткага прысуду. Ён падкрэсьліў, што вынесены яму прыгавор стаў вынікам ціску на беларускія ўлады з боку Захаду.

Анджэй Пачобут: Сёньняшні прысуд зьяўляецца вынікам ціску на рэжым, вынікам увядзеньня эканамічных санкцыяў. Аляксандар Лукашэнка разумее толькі мову сілы й толькі сілай можна прымусіць яго шанаваць грамадзянскія правы.

Журналіст ад самага пачатку не прызнаваў сваёй віны, пра гэта ён заявіў таксама ў сваім апошнім слове на судзе.

Абвяшчэньне прысуду адбылося толькі ў прысутнасьці сваякоў і кіраўніцтва непрызнаванага ўладамі СПБ, без прысутнасьці журналістаў, без фота- й відэакамэраў. 

На працэс хацеў патрапіць Генэральны консул Польшчы ў Гoрaдні Анджэй Хадкевіч. Аднак міліцыянты яго не ўпусьцілі.

Анджэй Хадкевіч: Мне адмовілі па двух прычынах: па- першае, у залі ўжо знаходзіцца 7 асобаў, дазволеных судом, па-другое, працэс не датычыць грамадзяніна Польшчы. Гэта сур’ёзнае праяўленьне няветлівасьці.  У моманце суду над прадстаўніком польскай нацыянальнай меншасьці ня ўпускаюць консула, які, у адпаведнасьці з польска-беларускай канвэнцыяй, мае права дапамагаць нацыянальнай меншасьці.

Упершыню на працэс жонка журналіста прынесла гадавалага сынка, якога міліцыянты не дазволілі паказаць нават праз агароджу, выклікаўшы гэтым самым абурэньне прысутных пад судом. Ля будынку суду адбылася штурханіна, калі асобы ў цывільным паспрабавалі перашкодзіць журналістам фатаграфаваць Пачобута.

Працэс завершыўся, журналіст цешыцца свабодай, але намерваецца абскардзіць прысуд.
Замежныя палітыкі й экспэрты, аналізуючы прысуд Пачобуту, адзінагалсона заяўляюць, што такім чынам Лукашэнка хоча ўціхамірыць непакорлівага журналіста, паколькі абвінавачаньні зь яго поўнасьцю ня зьнятыя. Зь іншага боку, мяккі па беларускіх мерках прысуд сведчыць пра тое, што рэжым баіцца жорсткіх дзеяньняў з боку Захаду.

Польскае зьнешнепалітычнае ведамства выказала задавальненьне вызваленьнем журналіста, адначасова выразіўшы незадавальненьне прысудам, заявіў на адмысловым брыфінгу прэс-сакратар МЗС Польшчы Марцін Басацкі.

Марцін Басацкі: Мы задаволеныя тым, што пасьля 90-дзённага цалкам няслушнага знаходжаньня ў ізалятары Анджэй Пачобут зможа правесьці вечар зь сям’ёй. Аднак сам факт, што ён абвінавачаны й асуджаны ўмоўна, выклікае наш пратэст.

Прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства заявіў, што Польшча чакае зьняцьця усіх абвінавачаньняў ня толькі з польскага журналіста, але і ўсіх палітзьняволеных. Гэта - асноўная ўмова нармалізацыі адносінаў паміж Беларусьсю ды ЭЗ.

Старшыня камісіі па замежных справах польскага Сэйму Анджэй Галіцкі заявіў, што прысуд журналісту зьяўляецца свайго роду шантажом беларускага рэжыму.

Анджэй Галіцкі: На фоне актуальных беларускіх падзеяў прысуд можа здавацца лёгкім. Аднак нязьменным застаецца факт парушэньня асноўных грамадзянскіх правоў, у першую чаргу свабоды слова. Я ад імя прадстаўнікоў нацыянальных парлямэнтаў эўрапейскіх краіна хачу заявіць, што міжнародная супольнасьць чакае дэмакратызацыі й пашаны асноўных грамадзянскіх правоў у Беларусі.

Анджэй Пачобут на свабодзе. Праз два гады адбудзецца судовае паседжаньне, на якім суд вырашыць, ці  поўнасьцю зьняць зь яго абвінавачаньні. Журналіст намерваецца абскардзіць прысуд у вышэйшай судовай інстанцыі. Ён надалей плянуе займацца грамадзкай дзейнасьцю ў СПБ і асьвятляць беларускую сытуацыю ў выданьні „Gazeta Wyborcza”.

Караліна Русіновіч