• Вас пакаралі за ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту? Праваабаронцы дапамогуць!
  • Audio3.79 MB
  • 06.07.2011

Праваабаронцы прапануюць дапамогу затрыманым падчас акцыяў маўклівага пратэсту. Беларускі Хэльсінскі Камітэт дапаможа абскардзіць незаконны прысуд, а праваабарончы цэнтар “Вясна” зьбірае грошы на выплату штрафаў пацярпелым.

Дзесяткі чалавек былі прысуджаныя да штрафаў альбо да адміністратыўнага арышту пасьля акцыяў маўклівага пратэсту, якія кожную сераду адбываюцца ў Беларусі.

Пастановы судоў выглядаюць амаль аднолькава – кажа сябра Беларускага Хэльсінскага Камітэту адвакат Гары Паганяйла. Суды сьцьвярджаюць, што людзі, якіх міліцыянты ў цывільным наўгад выхоплівалі з натоўпу,  нібыта нецэнзурна лаяліся, альбо ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі, пляскалі ў далоні й перашкаджалі мінакам хадзіць, чым груба парушалі грамадзкі парадак. Факты, указаныя ў пастановах, ня маюць ніякіх доказаў і фактычна сфальсіфікаваныя – кажа Гары Паганяйла.

Г. Паганяйла: Мы лічым, што ўсе гэтыя факты выдуманыя, ніякіх доказаў правапарушэньняў не прадстаўлена. Суды ввынесьлі свае пастановы незаконна. Таму мы патрабуем, каб гэтыя рашэньні былі адмененыя.

Беларускі Хэльсінскі Камітэт дапамагае пацярпелым падаць скаргі на дзеяньні міліцыі й пастаноы судоў, а таксама правесьці скаргі праз усе неабходныя інстанцыі – паведамляе адвакат.

Г. Паганяйла: Мы дапамагаем скласьці скаргу, указаць у ёй усе спрэчныя моманты й выразіць патрабаваньне адмяніць вынесенае судом рашэньне. Калі скарга накіроўваецца да пракурора, то ў ёй ставіцца пытаньне аб апратэставаньні. Калі скарга накіроўваецца ў суд вышэйшай інстанцыі, то ў ёй мы патрабуем адмяніць выкананьне адміністрацыйнага прысуду з-за адсутнасьці факту правапарушэньня ці адсутнасьці віны грамадзяніна.

Калі вас пакаралі штрафам, ня трэба выплочваць яго адразу. Сьпярша неабходна абскардзіць пастанову суду – настойліва раіць юрыст Гары Паганяйла. Калі чалавек адбывае арышт, прысуд усё роўна можна абскардзіць з дапамогай адваката. Беларускі Хэльсінскі Камітэт гатовы дапамагчы беларускім грамадзянам выслаць зварот нават да спэцдакладчыкаў ААН – кажа юрыст.

Г. Паганяйла: Грамадзяне павінныя выкарыстоўваць нават такія формы абароны сваіх правоў. Яны могуць зьвяртацца да спэцдакладчыка ААН па незаконных затрыманьнях, па правядзеньні мірных збораў і сходаў, да спэцдакладчыка ААН па незалежнасьці судзьдзяў.

Пакараных штрафам можна падтрымаць фінансава. Рахункі, на якія людзі зьбіраюць грошы на выплату спагнаньняў, апублікаваныя на сайце праваабарончага цэнтру “Вясна”. Пра гэта распавядае праваабаронца Алесь Бяляцкі.

А. Бяляцкі: Гэтыя рахункі стварылі актывісты сацыяльных сетак. На іх можна пералічыць грошы ў розных валютах: у беларускіх рублях, а таксама ў расейскіх рублях, далярах ці эўра, калі пацярпелых хоча падтрымаць хтосьці з-за мяжы. Гэтыя грошы перадаюцца нам, і мы за кошт іх выплочваем штрафы за пакараных у акцыях пратэсту.

Праваабаронцы ўжо перадалі на выплату штрафаў больш за 7 мільёнаў рублёў, сабраных неабыякавымі людзьмі. Неўзабаве будзе перададзена яшчэ 4 мільёны – паведаміў Алесь Бяляцкі.

Калі вы ці вашыя блізкія хочаце падаць скаргу на дзеяньні міліцыі ці пастанову суду, то кантакты Беларускага Хэльсінскага Камітэту можна знайсьці на сайце арганізацыі www.belhelcom.org . Рахункі, на якія можна высылаць грошы для аштрафаваных, апубліукаваныя на сайце праваабарончага цэнтру “Вясна” www.spring96.org .


Аляксандар Папко