• “Сваіх перакананьняў я не зьмяніў. Я лічу Аляксандра Лукашэнку дыктатарам”
  • Audio3.63 MB
  • 06.07.2011

Анджэй Пачобут на свабодзе. Ён атрымаў тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады й быў вызвалены ў залі суда. Беларускі журналіст “Gazety Wyborczej” распавёў Польскаму Радыё пра ўмовы ўтрыманьня за кратамі, абставіны свайго вызваленьня й пляны на будучыню.

Анджэя Пачобута арыштавалі 6 красавіка. Амаль два тыдні ён ня меў ніякага кантакту са зьнешнім сьветам. Ягоная ізаляцыя скончылася тым, што ў камэру да журналіста нечакана завітала прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, пракурора Гарадзенскай вобласьці й начальніка турмы. Яны ўгаворвалі журналіста прызнаць віну, пакаяцца й намякалі, што ў гэтым выпадку ён можа быць адпушчаны на свабоду. Андээй пачобут каяцца адмовіўся.

А. Пачобут: Я зразумеў, што ад мяне чакаюць, каб я перад Лукашэнкам каяўся. Я сказаў, што рабіць гэтага ня буду: мне няма ў чым каяцца й гэта абсалютна выключана. На гэтым размова скончылася. Я больш не даваў паказаньняў, ня вёў размоваў з апэратыўнымі супрацоўнікамі. Мая пазыцыя засталася нязьменнай да суду. Ужо на судзе я даў кароткія паказаньні пасьля таго, як выступіў пракурор. Па просьбе майго адваката, я адказаў на яго пытаньні, а на пытаньні пракурора ўжо не адказваў.

Умовы ўтрыманьня ў гарадзенскай турме былі ў межах закону. Ані фізычных катаваньняў, ані псыхалягічнага ціску на Анджэя Пачобута не аказвалі. Пра гэта распавядае сам журналіст.

А. Пачобут: Я апісваў гісторыю Алеся Міхалевіча. Пасьля даведаўся, што тое самае рабілі з Андрэем Саньнікавым. Таму я рыхтаваўся да таго, што я прыеду ў турму й там мяне сустрэнуць “людзі ў масках”. Але калі мяне перавялі ў турму, то да мяне адносіліся так, як загадвае закон аб утрыманьні асобаў пад вартай. Як на свабодзе, так і ў турме, за свае правы трэба змагацца. Я пісаў скаргі, таму ў апошні пэрыяд майго ўтрыманьня за кратамі да мяне ставіліся ў рамках закону.

Знаходзячыся ў турме, Анджэй Пачобут ведаў, што акцыі ў яго падтрымку праводзіліся па ўсёй Эўропе. Пра гэта расказвала яму падчас сустрэчаў яго жонка Аксана. А ў апошні месяц знаходжаньня за кратамі Анджэй Пачобут мог карыстацца нават тэлевізарам, які яму ў турму перадала жонка.

А. Пачобут: Радыё перадаць не дазволілі. Патлумачылі жонцы, што я нібыта буду падслухоўваць радыёперамовы канваіраў. Але на самой справе радыё мне не перадалі, каб я ня мог слухаць Радыё “Свабоду”, Польскае Радыё ды іншыя станцыі, якія актыўна асьвятлялі працэс нада мной. Перадалі тэлевізар, але бяз пульта, каб я ня мог яго настроіць на польскія каналы. Супрацоўнік турмы ўсталяваў мне  БТ, ОНТ, “Лад”. Але з дапамогай кнопак мне ўдалося злавіць першую праграму польскага тэлебачаньня. Таму я бачыў і ведаў тую рэакцыю, якая была па маёй справе.

Анджэй Пачобут вельмі ўдзячны за дзесяткі лістоў падтрымкі, якія яму ў турму прысылалі ня толькі зь Беларусі, але й з Польшчы, Чэхіі, Швэцыі, Гішпаніі – амаль з усяго сьвету.
Існуе меркаваньне, што свабода Пачобута была абмененая на ўдзел Беларусі ў саміце Ўсходняга партнэрства. Аднак сам журналіст спадзяецца, што ніякіх саступак афіцыйнаму Менску не рабілі.

А. Пачобут: Знаходзячыся ў турме, я перадаваў праз адвакатаў, што не жадаю, каб з-за мяне рабілі нейкія саступкі рэжыму Лукашэнкі. Маю надзею, што ніякіх саступак не было, таму што калі яны былі, улады наступным разам кінуць у турму 10 чалавек і будуць за іх гандлявацца. Сваё вызваленьне я зьвязваю з ціскам Эўразьвязу, які ўпершыню ўвёў эканамічныя санкцыі. Калі б прысуд мне быў іншы, я думаю, Эўропа ўвяла б дадатковыя санкцыі.

Што Анджэй Пачобут намераны рабіць у будучыні? Ён будзе далей займацца журналістыкай. Нягледзячы на пагрозу зноў апынуцца за кратамі.

А. Пачобут: Мая сытуацыя не адрозьніваецца ад становішча большасьці грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Любога чалавека ўлады могуць пасадзіць, калі так вырашаць – і ня важна, ці ёсьць у дачыненьні да яго прысуд з адтэрміноўкай, ці няма. Я надалей зьбіраюся займацца журналісцкай дзейнасьцю. Сваіх перакананьняў я не зьмяніў. Я лічу Аляксандра Лукашэнку дыктатарам, які фальсіфікуе выбары. Я ня згодны з тым, што мяне прызналі вінаватым, і зьбіраюся абскарджваць свай прысуд.

Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё далучаецца да віншаваньняў у адрас Андэя Пачобута ды зычыць свайму калегу посьпехаў у яго адважнай працы.

Аляксандар Папко