На гэты раз арганізатары суполкі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” прыдумалі новую стратэгію дзеяньняў: зьбірацца ля пад’ездаў а сёмай гадзіне вечара.
Карэспандэнт Беларускай службы Польскага радыё спэцыяльна паблукаў па дворыках шматпавярховікаў у мікрараёне Уручча. І не заўважыў кампаній, якія накіроўваліся б да ЖЭСу, а потым на пляцоўку да Нацыянальнай бібліятэкі.
19 гадзін 20 хвілін
Ля раённага ЖЭСу ва Ўруччы таксама пуста. Стаіць некалькі чалавек, якія, па іх словах, ні пра якія зборы ня чулі.
У гэты час сілы міліцыянтаў, па ўсім відаць, былі раскіданыя па сталіцы. Цікавая дэталь: на станцыях мэтро мужчынаў замянялі зграбныя жанчыны ў форме “Спэцназу” і з мэталашукальнікамі.
19 гадзін 35 хвілін
На лавах каля Нацыянальнай бібліятэкі сабралася каля 150-200 чалавек. У асноўным, як ня дзіўна, жанчыны й мужчыны сярэдняга й пажылогу веку. Былі й маладзейшыя хлопцы, а таксама журналісты, праваахоўнікі. Хоць называць апошніх праваахоўнікамі па аб’ектыўных прычынах складана.
19 гадзін 40 хвілін
Міліцыянт ў сіняй камізэльцы бесьперастанку цьвердзіць у мэгафон.
Міліцыянт у сіняй камізэльцы: Ваша мерапрыемства несанкцыянаванае.
Людзі проста сядзяць, у далоні ня пляскаюць, паводзяць сябе спакойна.
19 гадзін 45 хвілін
Пачынаюцца жорсткія рэпрэсіі. Спачатку хлопца-раварыста паклалі тварам на зямлю, потым беспрычынна скруцілі журналіста радыё “Свабода” Алега Грузьдзіловіча. І занесьлі ў шэры “ЎАЗ”.
Людзі пачалі заступацца за затрыманых.
Мужчына: Міліцыя, вунь хапаюць чалавека, міліцыя!
Міліцыянт у сіняй камізэльцы: Паважаныя грамадзяне, яшчэ раз паўтараем вам, што мерапрыемства зьяўляецца несанкцыянаваным, у сувязі з гэтым пакіньце плошчу.
Жанчына: А вы патлумачце, якое мерапрыемства!
З-за гвалту й затрыманьняў у некаторых здаюць нэрвы. Мужчына гадоў 60-і ўзмаліўся перад жанчынамі, каб “не краналі міліцыю, якая пры выкананьні”. Хоць людзі й так сядзелі ціха й не парушалі дзейснае заканадаўства.
Вусаты мужчына: Не кранайце іх, людзі пры выкананьні! Ну што ты хочаш! Не кранайце іх, прашу вас, заклікаю! Я вас ня ведаю, вы, напэўна, суседка мая, не кранайце хлопцаў гэтых! Яны пры выкананьні. Трасца мне ў бок! Гэта зразумець-та магчыма? Урэшце рэшт! Ці як?
Жлабы ў цывільнай вопратцы без прад’яўленьня пасьведчаньняў валяць на зямлю пажылога мужчыну буйной камплекцыі. Адзін прыціснуў яму каленам шыю. Потым чацьвёра паспрабавалі завалакчы мужчыну ва “ЎАЗік”. Але ня вышла.
Крыкі зьбітага мужчыны: А-а-а! Я інвалід! Ідзі адсюль!
Мужчына пачаў хрыпець, цела нібы забілася ў канвульсіях. Людзі пачалі крычаць: “Хуткую!” Неўзабаве зьбіты мужчына сам падняўся й пайшоў да прыпынку. Ад яго адчапіліся.
Восем гадзін роўна
Людзей адціснулі да аўтобуснага прыпынку. Чалавек дзесяць паспрабавалі пляскаць у далоні. На іх тут жа накінуліся жлабы. Білі рукамі, нагамі й нават каленямі. Як гестапаўцы палонных габрэяў.
Міліцыянт у жылеце: Паважаныя грамадзяне, яшчэ раз вам тлумачу…
Жанчына: Што ў нас, у свабоднай краіне, робіцца? Раскажыце мне такое! Што, на лаве нельга пасядзець? Зь сябрамі нельга сустрэцца?
Яшчэ адна жанчына: Гэта наша плошча!
20 гадзін 02 хвіліны
Экшн ля Нацыянальнай бібліятэкі скончыўся. Людзі разыходзяцца. Затрымалі каля дзесяці чалавек.
І хоць на гэтай акцыі прысутнічала па розных падліках ад 150 да 200 жыхароў Першамайскага раёна, непрафэсійныя дзеяньні міліцыянтаў прывялі да крывавых і страшных кадраў, якія могуць пасеяць хутчэй нянавісьць у людзях, чым жах.
Гэта была ўжо пятая “маўклівыя акцыя ” ў сталіцы. Па падліках журналістаў, на гэты раз у Менску затрымалі ня менш за восем дзясяткаў чалавек. Калі ўлічыць досьвед мінулых акцый, затрыманых насамрэч можа быць пад дзьве з паловай сотні.
Але людзей менш на акцыі не прыходзіць.
Кожная серада пераўтварае сталіцу ў лучыну, якая можа разгарэцца ў сапраўднае полымя.
Аляксандар Парошын, Менск