• Праца ўрача ў глыбінцы. Як выглядае “бясплатная” беларуская мэдыцына?
  • Audio5 MB
  • 08.07.2011

Наш карэспандэнт у нефармальнай абстаноўцы пагутарыў з урачом Аленай Дубік. Яна скончыла Беларускі дзяржаўны мэдыцынскі ўнівэрсытэт у Менску, але пагадзілася ехаць працаваць на вёску. Потым стала спэцыялізавацца на нырках у райбальніцы.
Што зь сябе ўяўляе беларуская “бясплатная” мэдыцына? Як жывецца рэгіянальным урачам? І чаму маладая жанчына пагадзілася разьвітацца са сталіцай?

З пружанскім урачом Аленай Дубік я сустрэўся падчас турыстычнага паходу. Але ня мог не абмеркаваць стан беларускай мэдыцыны. Алена складае ўражаньне чалавека, які любіць сваю працу больш за грошы, і вельмі ўзважана й аб’ектыўна падкрэсьлівае як станоўчыя моманты, так і праблемы.
Перш-наперш цікаўлюся, чаму яна пагадзілася зьехаць на вёску пасьля сталічнага мэдунівэрсытэта. І атрымліваю такі адказ.

Алена Дубік: Я лічу, што гэта вялікі плюс, таму што калі чалавек прыяжджае на раён, там дзе ён, груба кажучы, і тэрапэўт, і хірург, і пэдыятр, і гінэколяг, адразу атрымоўвае вялікую практыку. Папросту калі застацца працаваць у тым жа Менску, у аддзяленьні, дзе ў цябе адразу ж вузкая спэцыялізацыя, ты шмат чаго не адчуеш і не зразумееш. На вёсцы пракансультавацца й спытаць дапамогі няма ў каго. Калі насупраць сядзіць чалавек, кніжку пры ім не разгарнеш.

Вясковы ўрач часта бывае на ўсе рукі майстрам. Таму да яго часам  зьвяртаюцца па самых кур’ёзных прычынах. Сяброўка Алены Дубік просіць распавесьці мне адну з такіх гісторыяў. 

Сяброўка ўрача: Раскажы пра дзеда, які з бабай не размаўляў тры дні.

Алена Дубік: Выпадкі цікавыя ёсьць, але як бы так – тэт-а-тэт. Гэта мэдыцынская таямніца й нельга яе разгалошваць.
 
Карэспандэнт: Але вылячылі дзеда?

Алена Дубік: Вылечыла, так. Часам дастаткова з чалавекам проста паразмаўляць, і адразу ціск падае, адразу сэрца перастае балець.

Пасьля некалькіх гадоў працы ў вясковай амбулаторыі Алена Дубік пераехала-такі ў райбальніцу й зрабілася так званым вузкім спэцыялістам, пачала лекаваць ныркі. Пытаюся ва ўрача, з-за чаго ў беларусаў здараюцца жыцьцёванебясьпечныя захворваньні гэтых органаў.

Алена Дубік: На першым месцы – гламэруланэфрыты. То бок чалавек цяжка хварэе, напрыклад, на ангіну. Гэта дае ўскладненьні на ныркі, і ў далейшым парушаецца іх функцыя. Таксама калі чалавек пакутуе на артэрыяльную гіпэртэнзію, цукровы дыябэт. Гэта таксама прыводзіць да парушэньня ныркавай функцыі.

Добры й спрактыкаваны ўрач ведае пра захворваньні нырак самыя пікантныя акалічнасьці. Алена Дубік распавядае ў тым ліку пра тое, што нават нерэгулярнае сэксуальнае жыцьцё можа прывесьці да праблемаў. 
 
Алена Дубік: Калі ў чалавека адсутнічае нармальнае полавае жыцьцё, то здараецца застой у малым коле кровазвароту. Ныркі знаходзяцца адносна недалёка ад малога тазу. Таму гэты фактар адбіваецца й на іх.

У грамадзтве даўно вядуцца спрэчкі наконт таго, ці эфэктыўна працуе мадэль так званай беларускай “бясплатнай” мэдыцыны. З аднаго боку, людзі не павінны сплочваць агромістыя сумы за апэрацыі, рэнтген-здымкі ў паліклініках, гіпсы, аналізы й гэтак далей. Зь іншага боку, такая сацыялістычная мэдыцына істотна адстае ад заходнеэўрапэйскай. Некаторыя віды апэрацыяў у нас нават не праводзяцца.
Цікава, ці разьвіваюцца нейкім чынам рэгіянальныя бальніцы? Якія там умовы? Ці моцна яны зьмяніліся з часоў СССР? 

Алена Дубік: Умовы ў нас добрыя. Бальніца новая, абсталяваньне някепскае. Адкрылася новае адзьдзяленьне. Раней нашы пацыэнты хранічныя, а яны ў нас цяжкія, езьдзілі за 60 кілямэтраў у іншы горад. Пераносіць такія далёкія паездкі ім было вельмі складана. Такая мера дапамагае ім выжыць. Калі б ня наша адзьдзяленьне, то людзі б паміралі. А так яны жывуць. Ёсьць выпадкі, калі выжывалі цягам 25 гадоў на такіх апаратах штучнай ныркі.

Нясьціпла цікаўлюся ў Алены Дубік, ці зарабляе яна, кваліфікаваны спэцыяліст, хаця б паўтара мільёны? І колькі для гэтага трэба працаваць? Спадарыня ўрач адказвае на гэта пытаньне неахвотна.

Алена Дубік: У нас у краіне амаль усе ўрачы працуюць на паўтары стаўкі. Складана знайсьці чалавека, які працуе толькі на стаўку. У сярэднім паўтары стаўкі – гэта з васьмі раніцы да сямі вечара плюс яшчэ субота, але гэта няпоўны працоўны дзень. У мяне сябры-урачы жывуць і працуюць у Нямеччыне й Літве. Мы сустракаемся, размаўляем на гэтыя тэмы. Параўнаньня няма.

Напрыканцы гутаркі ўрач Алена Дубік неахвотна акрэсьліла асноўную, на яе погляд, праблему ў беларускіх бальніцах.

Алена Дубік: Вось у нас, у Беларусі, лекі ў аддзяленьнях толькі беларускія. У крайнім выпадку кансіліум прызначае харошыя замежныя лекі, дарагія. Пасьля іх эфэктыўнасьць лячэньня паляпшаецца. У нас, груба кажучы, на табе таблетку асьпірына, на дзьве паловы разламай. Гэта – ад галавы, гэта – ад дыярэі. Толькі не пераблытай. То бок у пляне забесьпячэньня лекамі дрэнныя ў нас умовы. Увогуле няма чым лячыць людзей.

Тым ня менш, з такімі ўрачамі, з такім амаль альтруісцкім падыходам да сваёй працы, як у Алены Дубік, беларуская мэдыцына трымае пэўную марку.

Аляксандр Парошын, Берасьцейская вобласьць