• За выклік міліцыі можна атрымаць 8 сутак
  • 08.07.2011

У судзе Савецкага раёну Менска арыштавалі жыхара Бабруйска Сяргея Кунцэвіча.
У сераду ён быў у Менску. У парку Дружбы народаў павінен быў сустрэцца са сваім знаёмым а 8 гадзіне вечара.

Кунцэвіч распавёў, што прыйшоў у парк на хвілін 15 раней. Раптам ён убачыў, як нейкія бандыты схапілі хлопца й пацягнулі ў машыну. Людзі вакол закрычалі: «Міліцыя! Міліцыя!». Кунцэвіч узяў мабільны тэлефон і патэлефанаваў у міліцыю. Ён быў прыемна зьдзіўлены, калі ўбачыў, як літаральна празь некалькі хвілін зьявіліся міліцыянты. Ён падбег да іх са словамі: «Гэта я выклікаў міліцыю. Тут нейкія бандыты нападаюць на людзей. Вось тут сьведкі ёсьць таксама».

Міліцыянты адразу схапілі мужчыну. Толькі ў аддзяленьні міліцыі ён даведаўся, што ў парку была маўклівая акцыя. Судзьдзя фармальна выслухала аповед мужчыны й арыштавала яго на 8 сутак.


кр/ «Народная воля»