Лета, шаноўнае спадарства, у разгары, і ў нашым радыёпадарожжы лягічна будзе накіравацца на нейкі летні курорт. А паколькі Польшча на поўначы раскінулася на берагах Балтыкі, ды направімся на мора. Вядома ж, лета асацыюецца з сонейкам, адпачынкам і пясчанымі пляжамі, якімі вядома Балтыйскае мора. Сёньня распавядзем Вам пра прыгожы польскі балтыйскі курорт Калобжэг.
Дарэчы, назву Калобжэг з польскай мовы можна перакласьці як “каля берага”, гэта значыць, горад каля берага. Першыя ўзгадкі ў пісьмовых крыніцах пра Калобжэг датуюцца 7-м стагодзьдзем. У 1255 годзе Калобжэг атрымаў гарадзкія правы. Ужо тады горад быў даволі моцным цэнтрам рыбнай лоўлі й гандлю. Цягам большай часткі сваёй гісторыі Калобжэг быў пруска-нямецкім горадам. У 1859 годзе горад атрымаў спалучэньне чыгункай са Шчэцінам і Гданьскам. У палове 19-га стагодзьдзя ў Калобжэгу пачалі адчыняцца санаторыі, паколькі навукоўцы адкрылі тут лекавыя воды. І з таго часу горад вядомы таксама як цэнтар санаторна-курортнага лячэньня. Пасьля прыходу Гітлера да ўлады жыхары Калобжэга падтрымалі фашыстаў, а сам фюрэр стаў ганаровым грамадзянінам Кольбэрга – гэтак на нямецкай мове гучыць назва гораду. У 1945 годзе падчас вызваленьня Калобжэга савецкімі й польскімі войскамі горад быў зьнішчаны ў 95%. На шчасьце, пасьля вайны большасьць старых будынкаў удалося адбудаваць і рэканструяваць. Дзякуючы гэтаму сёньня Калобжэг –прыгожы сярэдні горад з насельніцтвам каля 50 тыс. чалавек, вельмі зялёны й спакойны. І таму ён дасканалы для адпачынку людзей, якія хочуць правесьці водпуск у спакойнай атмасфэры на беразе мора.
Дарэчы, Калобжэг – гэта горад многіх культурных і мастацкіх мерапрыемстваў, якія перш за ўсё праходзяць тут летам. А калі ёсьць Шэнгенская віза, то можна на дзянёк-другі накіравацца ў Данію, у тым ліку на прыгожы востраў Барнхольм, разьмешчаны пасярэдзіне Балтыкі. Справа ў тым, што паміж Калобжэгам і дацкімі портамі існуе некалькі паромных спалучэньняў.
Нейкі час таму ў рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” я распавядаў пра пірс у Сопаце – найдаўжэйшы драўляны аб’ект такога тыпу ў Эўропе, яго працягласьць – прыкладна 500 мэтраў. А вось у Калобжэгу пабудаваны найдаўжэйшы ў Польшчы жалезабэтонны пірс даўжынёй 220 мэтраў. Іншым характэрным гарадзкім будынкам, так бы мовіць, візіткай Калобжэга зьяўляецца маяк, пабудаваны ў 1946 годзе на месцы старога, зьнішчанага падчас ваенных дзеяньняў. Дарэчы, аматарам гісторыі будзе цікава, што ў сакавіку 1945 году гітлераўцы абаранялі Калобжэг ажно два тыдні, стварыўшы ў горадзе надзвычай моцную лінію абароны. Пасьля жорсткіх баёў і шматлікіх сьмяротных ахвяр горад быў узяты войскамі Чырвонай Арміі ды сіламі польскіх дывізій.
Так што наведаць Калобжэг сапраўды варта, і асабліва ў летні час!
вс