• Тракельскі фэст - урачыстасьці Маці Божай Тракельскай (аўдыё)
  • Audio5.17 MB
  • 10.07.2011

Кожны год у ліпені зьбіраюцца ў Марыйным санктуарыі ў Тракелях тысячы вернікаў. З розных куткоў Гарадзенскай дыяцэзіі йдуць сюды пілігрымкі.  Таксама й сёлета 8–9 ліпеня ў Гарадзенскім дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях, што ў Воранаўскім раёне, адбыліся  ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Тракельскай, званыя ў народзе Тракелянкай.

Упершыню Тракелі ў пісьмовых крыніцах узгадваюцца ў 1433 годзе ў лісьце Вялікага Князя Літоўскага Жыгімонта Кяйстутавіча віленскаму ваяводзе Янy Гаштольду. У ім пацьвярджалася ўласнасьць на шматлікія двары й вёскі, у тым ліку на Тракелі, якія тады называліся таксама Новым Дваром. Ня вырашана дакладна, калі й хто пабудаваў тракельскі касьцёл. Лічыцца, што Марцін Гаштольд у 1500 годзе быў яго фундатарам.

Падчас маскоўскага наступу касьцёл падвергнуўся разбурэньню. Аднавілі яго езуіты каля 1674 году, а ў 1687 годзе яго аьсвячэньне зьдзейсьніў віленскі біскуп Уладзіслаў Сільніцкі. Пасьля пажару храм быў зноў адноўлена езуітамі ў 1758 годзе й пасьвечаны ў гонар Наведзінаў Найсьвяцейшай Марыі Панны.

Амаль 200 гадоў Тракелі разам з Дворышчамі былі ўласнасьцю езуітаў і падначалены рэктарам Віленскай акадэміі, пачынаючы ад ксяндза Пятра Скаргі. Войны з Масквой і швэдамі сталі прычынай значнага спусташэньня й зьбядненьня гэтых зямель. Падчас першага падзелу Польшчы ў 1772 годзе закон езуітаў на землях, якія адышлі да Расеі, быў зьліквідаваны ў 1773 годзе. Згаданыя маёнткі пераняла Раздатачная камісія й прадала іх троцкаму судзьдзі Міхаілу Ромеру.

Пры касьцёле традыцыйна, так як і ў іншых парафіях, існаваў прытулак для састарэлых, які ўтрымліваўся на ахвяраваньні багатых вернікаў. Працавала школка для дзяцей, у якой арганіст вучыў чытаць і пісаць. Вядома, што ў 1782 у гэтай школе вучыліся ня толькі шляхецкія, але й сялянскія дзеці. Гэтае нетыповае навучаньне існавала легальна да 1865 году, а пасьля працягвалася тайна.

Касьцёл, які можам сёньня пабачыць, паставіў Стэфан Незабытоўскі ў 1809 годзе. Гэты невялікі драўляны аб’ект плошчай 22 на 10 мэтраў. Цудадзейны абраз Маці Божай зь Дзіцяткам, які й сёньня знаходзіцца ў галоўным алтары сьвятыні, паводле легенды, быў намаляваны ў канцы XV стагодзьдзя і ў 1595 годзе прывезены зь Вільні. Пазьней абраз быў дапоўнены выявай сьв. Казіміра, які кленчыць падчас малітвы. Партрэт сьв. Казіміра, які вельмі шанаваў Маці Божую, быў намаляваны на асобным палатне й даклеены да асноўнага падчас першай рэстаўрацыі абраза ў другой палове XVІІ стагодзьдзя. Хутчэй за ўсё было гэта зьвязана з кананізацыяй каралевіча ў віленскай катэдры ў 1604 годзе.

Пасьля пажару ў 1782 годзе абраз застаўся непашкоджаным. Шматлікія цуды, што адбыліся перад гэтым абразом — ацаленьне ад хваробаў, вызваленьне ад алькагалізму, дапамога ў цяжкіх справах — натуюцца з XVІІІ стагодзьдзя. Яны адбываюцца й сёньня — вернікі каля алтара пакідаюць сьведчаньні пра іх, запісаныя на лістках паперы.

На жаль, лёс гісторыі закрануў гэты храм. У 1957 годзе, пасьля вяртаньня зь лягераў, выехаў у Польшчу пробашч Тракельскай парафіі кс. Міхал Шалкевіч. З 1968 да жніўня 1988 году касьцёл быў зачынены. Нягледзячы на гэта, на кожнае сьвята так як гэта было да вайны, людзі прыходзілі пакланіцца Маці Божай. Прыходзілі зь іншых, нават аддаленых вёсак. Адбывалася працэсія вакол касьцёла, і заўсёды прысутны быў Найсьвяцейшы Сакрамэнт, за якім езьдзілі ў дзейсныя касцёлы ў Ліпнішках і Лідзе й прывозілі яго, схаванага на сэрцы.

Вернікі ўвесь час стараліся аднавіць дзейнасьць касьцёла. Мабыць нейкі ўплыў на адкрыцьцё касьцёла мела таксама бэатыфікацыя ў 1983 годзе Юзафа Каліноўскага (айца Рафала) і, магчыма, сямейныя сувязі з Каліноўскімі, пахаванымі ў Тракелях. Вядомы яшчэ адзін Каліноўскі, сын гэтай зямлі. Гэта Канстанцін, званы Кастусём. Так як айцец Рафал, актыўна дзейнічаў ён супраць царскага панаваньня падчас паўстаньня 1863 году.

18 чэрвеня 1992 году ў Тракелях адбылася першая цягам многіх гадоў працэсія Божага Цела. У гэтым жа годзе пачаліся арганізаваныя пешыя пілігрымкі ў санктуарый. Гэтая форма ўдзелу ў рэлігійным сьвяце пачала карыстацца папулярнасьцю, асабліва сярод моладзі.

Да вайны вядомая ва ўсім Лідзкім павеце й далёка па-за ім Тракяеянка і праходзячы ў адзін дзень кірмаш адзначаліся 2 ліпеня. Але калі Будслаў, што на Міншчыне, 2 ліпеня 1998 году быў аб'яўлены нацыянальным сактуарыем католікаў Беларусі, а Маці Божая Будслаўская каранаваная папскімі каронамі, тракельскае сьвята было перанесена  на першую суботу ліпеня. А паколькі сёлета 2 ліпеня выпала ў першую суботу месяца, да сябе ў госьці клікала Маці Божая Будслаўская. Маці ж Божая Тракельская прымала гасьцей у сваім санктуарыі ўчора.


Падрыхтавала Караліна Русіновіч