Пацярпелым у выніку выбуху ў менскім мэтро ўсё яшчэ патрэбная дапамога. Толькі аднаму Яраславу Пясецкаму, які у выніку тэракту страціў абедзьве нагі, на пакупку пратэзаў трэба больш за 20 тысячаў эўра. Усяго ж падтрымкі патрабуюць больш за 80 пацярпелых ад выбуху.
26-гадовы Яраслаў Пясецкі ў выніку тэракту 11 красавіка страціў абедзьве нагі й атрымаў апёкі. У гіпсе ён правядзе яшчэ больш за паўтара месяцы. Нам удалося зьвязацца й паразмаўляць зь юнаком.
Я. Пясецкі: Я зараз ляжу дома ў гіпсе. І ляжаць мне яшчэ каля 50 дзён. Па ўзаканьчэньні гэтага тэрміну паеду назад у шпіталь – здымаць гіпс, рабіць кантрольны здымак. Затым буду праходзіць рэабілітацыю: аднаўляць суставы, цягліцы. А пасьля ўжо – на пратэзы.
Дапамога з боку Менгарвыканкаму, дзяржаўная страхоўка, а таксама дапамога, якую выплацяць Яраславу, калі ён атрымае пасьведчаньне аб інваліднасьці, разам складуць заледзьве 5 тысячаў эўра. Адзін пратэз нагі каштуе 15 тысячаў. А іх патрэбна два – распавядае сястра Яраслава Вераніка.
В. Пясецкая: Па нашых падліках, пратэз нагі каштуе 15 тысячаў эўра. А іх трэба два, прычым два розныя. Менгарвыканкам выплаціў нам дапамогу ў памеры 100 базавых велічыняў. Таксама на гэтым тыдні павінная быць пералічаная дапамога па страхоўцы ў памеры 3 тысячаў эўра ў пераліку на беларускія рублі. Таксама Яраславу будзе пералічана сума ў 300 базавых велічыняў, калі ён атрымае пасьведчаньне аб інваліднасьці.
Дапамогу пацярпелым у выбуху ў менскім мэтро аказвае Беларускі Чырвоны Крыж. Аднак аплаціць пратэзы ўсім ён ня здольны – распавядае намесьнік старшыні арганізацыі Вольга Рубец.
В. Рубец: Мы аказваем дапамогу людзям, якія да нас зьвярнуліся – у выглядзе лекавых сродкаў, сродкаў рэабілітацыі (гэта бандажы, кампрэсійныя павязкі), сродкаў асабістай гігіены. Канешне, мы ня зможам закупіць пратэзы для ўсіх. Мы можам толькі паўдзельнічаць у дапамозе. У нас не сабрана дастаткова сродкаў, каб аказаць дапамогу ўсім.
Сам жа Яраслаў Пясецкі не губляе бадзёасьці, марыць як мага хутчэй вярнуцца на сваю працу. Ён працуе інжынерам-тэхнолягам у адной зь менскіх фірмаў. Цешыць тое, што хлопца падтрымліваюць яго калегі і сябры.
Я. Пясецкі: Падтрымку адчуваю – крыху ў маральным, крыху ў матэрыяльным пляне. Больш, канешне, ў маральным. Штотыдзень, а то й часьцей, наведваюць калегі з працы, прыходзяць аднаклясьнікі, аднагрупнікі.
Дапамога патрэбна ня толькі аднаму Яраславу, але й больш за 80 пацярпелым у выніку красавіцкага тэракту – распавяла нам намесьнік старшыні Беларускага Чырвонага Крыжа Вольга Рубец.
Аляксандар Папко
З мэтай збору сродкаў на дапамогу Яраславу Пясецкаму адчынены рахунак у “Беларусбанку”.
Для фізычных асобаў:
атрымальнік: Пясецкі Яраслаў Аляксандравіч
рахунак: 01006047, ААТ "ААБ Беларусбанк"
ад каго: прозьвішча, імя, імя па бацьку (цалкам)
Для юрыдычных асобаў:
атрымальнік: Пясецкі Яраслаў Аляксандравіч
банк атрымальніка: аддзяленьне 303 філіяла 510 ААТ "ААБ Беларусбанк" г. Менск, код 603, УНН 100633430
транзытны рахунак: 3819382100008
прызначэньне плацяжу: для залічэння на Пясецкі Я.А., № рахунку 01006047
плацельшчык: поўная назва юрыдычнай асобы й яе адрас.
Рахунак Менскай гарадзкой арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа для збору сродкаў пацярпелым ад выбуху на станцыі мэтро “Кастрычніцкая”:
Рахунак 3015741262011, аддзяленьне № 539 ў ААТ “Белінвестбанк”, г. Менск, код 739, УНП 100511893, ОКПО 37384923, БІК (МФО) 153001739 з паметкай “Выбух у мэтро”.