• Сланцавы газ і экалягічныя праблемы
  • Audio4.5 MB
  • 09.07.2011

Спэцыялісты сьцярджаюць, што ў Польшчы знаходзяцца вельмі багатыя радовішчы сланцавага газу, які б мог поўнасьцю забясьпечыць патрэбы краіны на 300 гадоў.

Аднак Польшча знаходзіцца цяпер на самым пачатку шляху па здабычы «блакітнага паліва».

Неабходнага вырашэньня патрабуюць шматлікія пытаньні юрыдычнага, тэхнічнага ды экалягічнага характару. Тым больш, што залежы знаходзяцца на тэрыторыі, ахопленай экалягічнай праграмай ЭЗ „Натура 2000”, і запаведнікаў. Паводле законаў, там забараняецца выконваць геалягічныя сьвідравіны, а калі й дазволена, то толькі адпаведнай тэхнікай у адпаведны час, напрыклад, па-за пэрыядам размнажэньня птушак.


Пра працэс здабычы сланцавага газу распавядае Ян Вярховец, геоляг, навуковы супрацоўнік Катэдры аховы навакольнага асяродзьдзя й прыродных рэсурсаў Варшаўскага ўнівэрсытэту.

На пачатку растлумачым, што гэта такое слацавы газ?

Ян Вярховец: Сланцавы газ знаходзіцца ў міжсланцавай прасторы. Сланцы характарызуюцца сланцаватасьцю, а гэта значыць, што яны лёгка распадаюцца на асобныя пласьціны. Паміж паасобнымі слаямі знаходзіцца пустая прастора, і менавіта ў гэтай прасторы назапашваецца газ. Каб яго здабыць, у сланцавай пародзе неабходна зрабіць шчыліны. А якім чынам зрабіць шчыліны на глыбіні 3-4 кілямэтраў? Трэба прымяніць тэхналёгію, якая выпхне гэты газ са сланцавых шчылінаў. І гэты працэс называецца шчылінаваньне. Ён палягае на запампоўваньні ў горную пароду вялізнай колькасьці вады пад высокім ціскам.

І вось менавіта вада, выкарыстаная для шчылінаваньня, зьяўляецца вялікай праблемай для навакольнага асяродзьдзя. І пры гэтым, што ў яе дадаюцца розныя хімікаты.

Я. Вярховец: Гэтую ваду нельга скінуць так проста ў рэчку ці выліць на поле, луг альбо ў лес, таму што яна забруджаная хлярыдамі й іншымі арганічнымі рэчывамі. Такім чынам, атрымліваецца адкід, саляны раствор, які трэба нейкім чынам абясшкодзіць. Яго можна, напрыклад, назад запампаваць у горную пароду.

Напрыклад, у выкарыстаныя месцы здабычы газу альбо нафты. Аднак у Польшчы гэты мэтад складана будзе прымяніць, кажа Вярховец.

Я. Вярховец: Хутчэй за ўсё, у выпадку Польшчы, побач няма старых сьвідравін, у якія можна заліць саляны раствор. Таксама ня кожную старую сьвідравіну можна для гэтага выкарыстаць. Яна павінна быць шчыльнай, вада ня можа перамяшчацца, ня можа забруджваць ваду, якая выкарыстоўваецца для камунальных мэтаў.

Некаторыя польскія СМІ б'юць трывогу ўжо цяпер, сьцьвярджаючы, што буравыя растворы, запампаваныя ў старыя сьвідравіны, забрудзяць ваду, напрыклад, у калодзежах. Наш суразмоўца тлумачыць, што гэта няпраўда, таму што ў Польшчы пітная вада знаходзіцца на глыбіні 200-300 мэтраў, а глыбей няма прэснай вады, а толькі натуральныя саляныя растворы. Такім чынам, тэхналягічная рошчына, запампанавая ў старую сьвідравіну, не нясе гідралягічнай пагрозы.

Журналісты папярэджваюць таксама аб магчымых трэшчынах ды асяданьні зямлі на тэрыторыі здабычы сланцавага газу. Ян Вярховец абвяргае гэтыя паведамленьні.

Я. Вярховец: Ні ў якім выпадку такая пагроза не існуе, таму што падчас працэсу не паўстае вялікая сьвідравіна. Гэта ня так, як у горнай прамысловасьці: калідоры вышынёю і шырынёю па некалькі мэтраў. У выпадку сланцавага газу галоўная сьвідравіна мае дыямэтар 80-90 мілімэтраў, астатнія - некалькі мілімэтраў.

Ян Вярховец зазначае, што пасьля выкананьня сьвідравіны й шчылінаваньня на паверхні амаль не застаецца сьледу. На агароджаным ўчастку плошчай у некалькі квадратных мэтраў застаецца толькі труба вышынёю 2-2,5 мэтра, памаляваная на жоўты колер, спалучаная з цэнтральнай газавай сыстэмай.

А вакол буракі на палетках, лугі ды лясы.

Падрыхтавала Яланта Сьмялоўская