Добры дзень, паважаныя сябры!
Я сардэчна дзякую складальнікам усіх лістоў, што прыйшлі цягам мінаючых сямі дзён на абанэнцкую скрынку ў Беларусі. Як у апошні час павялося, пераважалі допісы з рапартамі. У прыватнасьці, справаздачы аб прыёме прыслалі Аляксандар Мазго зь Віцебска і Яўгенія Цюркіна з Магілёва. Пра чутнасьць пагаворым пазьней, праз тыдзень.
Паважаныя слухачы! Зь нецярпеньнем чакаю ад вас інфармацыю аб прыёме нашых праграм. Нагадваю, што рапарты аб чутнасьці можна прысылаць да нас у рэдакцыю ў электронным выглядзе на радыйны e-mail. Справаздачы таксама можна складаць на нашым сайте ў раздзеле пад ангельскамоўнай назвай “eQSL”. У адказ прыйдзе электроннае пацьверджаньне. Рапарты аб прыёме можна адпраўляць праз традыцыйную пошту на варшаўскі і віцебскі адрасы нашай станцыі. У адказ прыйдзе QSL па звычайнай пошце.
Цягам першых дзевяці ліпеньскіх дзён я выслаў амаль дваццаць QSL-картак. Напрыклад, чатыры зь іх адправіліся да Бярнарда Пакульніцкага зь Нясьвіжскага раёна Менскай вобласьці. Так што ў гэтым сэнсе ніякіх вялікіх даўгоў перад слухачамі няма. Апроч аднаго. Сяргей Балбасаў з Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласьці пакуль не атрымаў ніякіх пацьверджаньняў. Яму трэба адправіць 50 QSL-ак. У найбліжэйшыя дні першыя пацьверджаньні будуць высланы. Я адпраўлю QSL і некаторым іншым нашым слухачам.
Дарэчы, распачаўся распаўсюд беластоцкага выданьня “Czasopis”. Аднак не скажу, што я рассылаю чарговы нумар. Гэта яшчэ леташні выпуск. Ягоная перавага – каляндар і мноства цікавых матэрыялаў, якія не губляюць сваёй актуальнасьці і праз паўгады.
Гэты распаўсюд – своеасаблівы адказ на просьбу нашых слухачоў Івана Раткевіча з Горадні і Бярнарда Пакульніцкага зь Меншчыны пра жаданьне атрымліваць “Czasopis”.
Адгукаючыся на крытычныя заўвагі Міхаіла Шавеля зь Менска, я паўторна выслаў прыз за перамогу ў гданьскай віктарыне. Які гэта конкурс сказаць не магу: іх было пяць, слухач скардзіўся ня мне, а адразу ў Варшаву. Але, здаецца, і там ня скемілі пра якую канкрэтна віктарыну ішла гаворка. Але ў любым выпадку паўторна прызы высланы. Яны толькі часткова адпавядаюць тым узнагародам, што высылаліся летась, аднак зусім ня горшыя.
Тут трэба адзначыць вось што. Неяк наш берасьцейскі сябра Алег Панько пісаў, што няма патрэбы пацьвярджаць атрыманьне прызоў. Маўляў, слухач маўчыць – значыць, узнагарода дайшла. Як паказала сытуацыя з нашым менскім прыхільнікам, усё можа быць наадварот: пераможца маўчыць, цярпяліва чакае, а прыз недзе згубіўся. Час мінае, тэрмін дзеяньня прэтэнзій да пошты закончыўся, а спонсар даўно ўжо атрымаў справаздачу… І тут урэшце прыходзіць ліст незадаволенага слухача: дзе ж мая законная ўзнагарода?! Зразумела, дзе: прапала й шукаць ужо ня маем права.
Так што, дарагія сябры, калі прыз прыйшоў, адразу ж пішыце пра ягоную дастаўку, хваліце яго ці ганіце ўзнагароду. А калі падарунка няма, не зацягваючы, біце ў званы: спадар Сьцяпанаў, а дзе ж наша заваяванае ў цяжкіх конкурсных баях? Зьвяртацца ў Варшаву няма сэнсу – радыё не фінансуе ні закупку прызоў, ні іх рассылку. І за выбар узнагарод яно не адказвае...
Яшчэ пару слоў пра падарункі. Першы сёлетні дыскусійны конкурс завершаны, але вынікі пакуль не падведзены. Прац шмат. Многія зь іх вельмі аб’ёмныя. Часу на грунтоўны аналіз катастрафічна не хапае. Так што, шаноўнае спадарства, тут трэба пачакаць. Колькі? Не рызыкую прагназаваць… А цяпер міні-рубрыка для DX-ісістаў.
Я працягваю матэрыял пра сытуацыю зь перадатчыкамі Ватыканскага радыё ў Санта-Марыя-дэ-Галерыі, што побач зь італьянскай сталіцай Рымам.
Справа вакол трансьляцыйнага цэнтра разглядалася ў судах. Скаргі падаваліся жыхарамі, што маюць дамы ля перадатчыкаў. Маўляў, электрамагнітныя хвалі кепска ўплываюць на стан здароўя і спрыяюць развіцьцю цяжкіх захворваньняў.
Рымская пракуратура замовіла экспэртызу. Быў падрыхтаваны 300-старонкавы даклад, што адлюстраваў меркаваньне групы спэцыялістаў, якую ўзначальваў прафэсор Андрэа Мікелі. Камісія прыйшла да дзьвюх высноў. Першая. Выпраменьваньне антэн павышае рызыку малакроўя і хвароб лімфатычных залозаў у дзяцей. Другая. Радыёхвалі спрыяе забруджаньню акаляючага асяродзьдзя ў радыўсе ад 6 да 12 кілямэтраў ад антэн.Працэсы цягнуцца доўгімі гадамі. Пра суды – у наступнай перадачы.
Паважаныя сябры! Калі ласка, прысылайце адказы на конкурс, справаздачы аб чутнасьці, водгукі пра радыйны сайт, запоўненыя анкеты, заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў” ды лісты на самыя розныя тэмы на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Свае допісы вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Дадатковы электронны адрас: dopis@tut.by.
Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас вэб-старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.
З матэрыяламі пра Беларусь можна таксама азнаёміцца на партале польскага грамадзкага вяшчаньня www.polskieradio.pl. Сярод мноства разнастайнай інфармацыі тут знаходзіцца разьдзел “Raport Białoruś”. У ім зьмешчаны навіны, рэпартажы, аналітыка, інтэрвію і блогі журналістаў Польскага радыё для замежжа. “Raport Białoruś” – выдатны польскамоўны мультымэдыйны рэсурс пра беларускія справы. Сардэчна запрашаю чытаць тэксты, слухаць перадачы, глядзець відэа ў гэтым разьдзеле нашага радыйнага партала.
Юрась Сьцяпанаў