• Народны сход чакае шырокай падтрымкі
  • 09.07.2011

8 кастрычніка ў Менску, ва ўсіх абласных гарадах і 48 райцэнтрах плянуецца правесьці Народны сход – акцыю, дзе будуць вынесеныя на абмеркаваньне людзей праграмы выхаду краіны з палітычнага й эканамічнага крызысу. Арганізатары падкрэсьліваюць, што выніковасьць працы будзе залежыць толькі ад колькасьці беларусаў, якія падтрымаюць гэтую акцыю й не пабаяцца выйсьці на вуліцу з патрабаваньнямі да ўладаў.

Аргкамітэт па правядзеньні ўсебеларускай акцыі "Народны сход" рыхтуе інфармацыйную кампанію цягам бліжэйшых трох месяцаў. Аргкамітэты створаныя ў Менску, Барысаве, Маладзечне, Смалявічах, Оршы, Наваполацку, Коханаве, Бабруйску, Баранавічах, Кобрыне, Бярозе, Івацэвічах, Лідзе й Слоніме. Аргкамітэт "Народнага сходу" быў створаны ў траўні. Цяпер пачынаецца актыўная частка працы.

Віктар Івашкевіч, адзін з арганізатараў “Народнага сходу”: У выніку галавакружальнага нарастаньня эканамічных праблемаў маўклівая згода грамадзтва і ўлады пацярпела крах. Улада ня можа вывесці краіну з крызысу. На гаспадарчыя рэформы яна не ідзе, бо баіцца эканамічна свабодных людзей. Спробы ўратавацца шляхам саступак усходняму суседу выклікаюць разгубленасьць і абурэньне грамадзянаў, якія цэняць жыцьцё ў незалежнай беларускай дзяржаве.
Цяжар крызысу і наступствы сваіх грубых памылак улада перакладае на плечы грамадзянаў. Мы захапляемся мужнасьцю тых людзей, што выходзяць кожную сераду на акцыі маўклівага пратэсту. Мы перакананыя, што масавыя арышты й пагроза рэпрэсіяў толькі на нейкі час могуць прыглушыць пратэст. Але ён будзе нарастаць у схаванай форме і ў рэшце рэшт выплесьнецца на плошчы беларускіх гарадоў. У той жа час мы перакананыя, што перашкодзіць арыштам, вызваліць палітвязьняў, дамагчыся свабодных выбараў можна толькі тады, калі колькасьць маніфэстантаў будзе ў дзясяткі разоў пераўзыходзіць колькасьць карных сілаў дыктатарскага рэжыму.

У аргкамітэт “Народнага сходу” ўваходзяць прадстаўнікі аргкамітэта партыі “Беларускі рух”, Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет”, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, аргкамітэта па стварэнні Партыі працоўных, а ў рэгіянальныя аргкамітэты -- прадстаўнікі практычна ўсіх дэмакратычных рухаў. Віктар Івашкевіч падкрэсьлівае, што найперш важная грамадзкая падтрымка.

В.Івашкевіч: Неабходна, каб нас было ў 10-20 разоў больш, чым памагатых рэжыму.

Каардынатар аргкамітэта па правядзеньні акцыі "Народны сход", прадпрымальнік Мікалай Пахабаў паведаміў, што на некалькіх прадпрыемтвах працоўныя ўжо ладзілі лякальныя пратэсты з патрабаваннем павысіць заробак. “Рабочыя ўжо выходзяць з курылак і пачынаюць адкрыта выказваць пратэст супраць зьніжэньня ўзроўню заробкаў і росту цэн”, -- зазначае Пахабаў.

Мікалай Пахабаў: Італьянскія забастоўкі, калі людзі не працавалі на месцах, праходзілі ў Барысаве, Салігорску, Слуцку – рабочыя аднаго прадпрыемства выставілі патрабаваньне, каб індэксаваўся заробак. І кіраўніцтва пайшло на саступкі, было прынятае рашэньне на 10 адсоткаў павысіць заробкі на гэтых прадпрыемствах.

У чэрвені на некалькі гадзін прыпынялі працу ліцейшчыкі Мінскага трактарнага завода, незадаволеныя памерам сваіх заробкаў.

Прадстаўнік Незалежнага прафсаюзу Генадзь Раманюк працуе на “Беларуськаліі”. Ён гаворыць, што й там ёсьць нарастаньне незадаволенасьці. І гэта пры тым, што салігорскія шахцёры – у ліку найбольш аплачваемай катэгорыі работнікаў.

Генадзь Раманюк: Тым заробкам, што цяпер паднялі, ніхто не задаволены, ні грама! Усё адно ў людзей ідзе пратэстны настрой, што трэба мяняць кіраўніцтва дзяржавы, усе разумеюць, што ўсё вырашае адзін чалавек. Намесьнік старшыні канцэрна сказаў, што ў нас будзе народная прыватызацыя. І паўтара гады незалежны прафсаюз змагаецца за тое, каб даць работнікам акцыі. І яны ідуць ужо нават на гэта, гатовыя выдаць частку акцый працоўнаму калектыву. Усё залежыць ад людзей, ад кожнага з нас. Наймальнік усімі шляхамі імкнецца прыціснуць нас. Не фізычна, а фінансава – ростам заробку, прэмій.

Віктар Івашкевіч: Патрабаваньне эканамічнае да ўладаў – гэта лякаматыў, тое, што мусіць выцягнуць людзей на вуліцы. І, выйшаўшы на вуліцы пад патрабаваньне забясьпечыць свае сацыяльныя правы, я перакананы, людзі запатрабуюць і вызваленьня палітвязьняў, і правядзеньня свабодных выбараў.

Віктар Івашкевіч спадзяецца, што “Народны сход” знойдзе падтрымку ў людзей, бо гэта ёсьць пратэст супраць зьбядненьня мільёнаў, штодзённага зьневажаньня чалавечай годнасьці, самаізаляцыі краіны й здачы яе незалежнасьці.

Марыя Кароль