• Сям’я берасьцейца І. Мікалаева некалькі дзён знаходзілася ў аблозе
  • 09.07.2011

У берасьцейскай сям’і Мікалаевых прайшоў ператрус па справе падпалу Дома правасудьдзя ў Менску 15 траўня. Падчас “маўклівай акцыі” 3 ліпеня сям’я Мікалаевых з дапамогай яшчэ некалькіх чалавек абаранілі свайго сына Ігара ад невядомых людзей у цывільным, паводле апісаньня, “бандыцкага выгляду”. Паводле словаў маці, яны стаялі на вуліцы Пушкінскай, недалёка плошчы, і размаўлялі са знаёмымі, “ня тупалі нагамі й ня пляскалі ў далоні”. Пасьля гэтага здарэньня, 3 і 4 ліпеня іх кватэру пільнавалі невядомыя.
 
5 ліпеня ў памяшканьні, дзе пражывае сям’я, адбыўся ператрус. Былі канфіскаваныя 2 сыстэмныя блёкі, ноутбук, прынтар і кампутарныя дыскі.
Супрацоўнікі міліцыі й спэцслужбаў паказалі ордэр на вобшук, паводле якога  Ігар Мікалаеў зьяўляецца падазроным ў дачыненьні да пашкоджаньняў Дома правасудзьдзя ў Менску 15 траўня. Падчас ператрусу, на словы бацькі Ігара, Аляксандра Мікалаева, што сын даўно ня быў у Менску, адзін з супрацоўнікаў адказаў, што “нават калі ён ня быў у Менску, значыць, кіраваў гэтымі падзеямі па інтэрнэце зь Берасьця”.

Маці Ігара, Ніна Мікалаева, паведаміла, што ў такой сытуацыі сын вымушаны быў зьехаць з краіны.

Маці Ігара Ніна Мікалаева: Я не хачу, каб ён паўтарыў лёс тых, каго пасадзілі на 5-6 гадоў.

У гэтым годзе Ігар Мікалаеў скончыў Берасьцейскі тэхнічны ўнівэрсітэт, атрымаў дыплём архітэктара, зьяўляецца ваеннаабавязаным.

Сьведкай падзей зь сям’ёй Мікалаевых стала берасьцейка Ірына Лаўроўская.
    
І. Лаўроўская: Я падкрэсьліваю, што ўсе падзеі, якія зараз апісваюцца, пачаліся 3-га ліпеня, прыблізна а 19:00, выпісана пастанова аб правядзеньні вобшуку 5 ліпеня, калі ён (Ігар Мікалаеў), фактычна, быў прызнаны падазраваемым. А ўсе здарэньня з АМАПам, з аблогай, яны адбываліся 3-га й 4-га, то бок да таго. Яшчэ да таго, як яго сталі падазраваць, яны пачалі поўны тэрор сям’і.

І. Лаўроўская падала заяву ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў гарадзкога выканаўчага камітэту горада Берасьця й папрасіла высьвятліць асобы людзей, якія тэрарызавалі сям’ю Аляксандра й Ніны Мікалаевых 3 і 4 ліпеня.

Нагадаем, 15 траўня невядомыя кінулі бутэльку з запальнай сумесьсю ў Дом правасудзьдзя. Па справе падпалу Дома правасудзьдзя ў берасьцейскага грамадзкага актывіста Івана Стасюка 13 чэрвеня быў таксама быў праведзены вобшук.

Рада Міровіч