З пачатку лета ў органы ўнутраных спраў Беларусі паступіла больш як 30 паведамленьняў аб зьнікненьні грамадзян, якія пайшлі ў лес па грыбы й ягады. Месцазнаходжаньне шасьці зь іх не ўстаноўлена. Пра гэта паведаміла ўпраўленьне інфармацыі й грамадзкіх сувязяў МУС.
У МУС зазначаюць, што праблема зьнікненьня грыбнікоў і ягаднікаў для Беларусі заўсёды была актуальнай. Летась зарэгістравана 118 такіх фактаў. 85 зьніклых — асобы сталага ўзросту. Толькі 62 чалавекі вярнуліся або былі адшуканыя ў выніку пошукавых мерапрыемстваў. Нярэдка блуканьні па лесе заканчваюцца сьмерцю (у 2010 годзе — 31 выпадак).
Так, у канцы кастрычніка 2010 года пайшоў у лес па грыбы 71-гадовы жыхар Ушацкага раёна Віцебскай вобласьці. Нядаўна яго парэшткі былі знойдзеныя ў суседнім раёне, за 15 км ад месца зьнікненьня.
З улікам мінулых гадоў зараз у вышуку знаходзяцца 130 чалавек, чыё зьнікненьне зьвязана з паходам у лес па грыбы й ягады, зь іх 98 — грамадзяне сталага ўзросту.
nn/БелаПАН/вс