• Беларусы сьвету паказалі свае таленты ў Менску
  • Audio5.27 MB
  • 11.07.2011

“20 гадоў незалежнасьці – і толькі першы фэстываль”, – рэзонна заўважыце вы. Але, магчыма, добра, што пачалі ўвогуле. “Фэстываль беларусаў сьвету”, зрэшты, таксама гучыць авансам, бо сабралася толькі 12 краін з нашага рэгіёну. Аднак будзем спадзявацца, што ўсё наперадзе. Апавядае Ўладзімер Шавялёў, начальнік упраўленьня ўстаноў культуры й народнай творчасьці Міністэрства культуры Беларусі.

Уладзімер Шавялёў: Прадстаўнікі дванаццаці краін прымалі ўдзел у першым фэстывалі беларусаў сьвету. Гэта ўсе нашыя памежныя краіны – Польшча, Літва, Латвія, Украіна, Расея, а таксама Эстонія, Малдова, такія далёкія, як Казахстан, Кыргызстан.

Скажыце, калі гэта называецца “Фэстываль беларусаў сьвету”, чаму няма ўдзельнікаў з Амэрыкі, Аргентыны, Аўстраліі?

Уладзімер Шавялёў: Справа ў тым, што пакуль няма калектываў, будзем думаць. Па-першае, таму што яшчэ, мабыць, не арганізаваліся суполкі. Згадзіцеся, што ў гэтых краінах ужо даўно працуюць беларускія грамадзкія аб’яднаньні, і беларусы аб’яднаныя паміж сабою.  Таму яны могуць прадставіць сябе сёньня, скажам, на больш высокім узроўні. Але, спадзяемся, што калі пра гэты фэстываль даведаюцца беларусы, якіх многа жыве ў Аргентыне й Аўстраліі, і калі аб’яднаюцца (а можа й асобныя выступоўцы будуць), мы з задавальненьнем іх прымем.

Усіх вельмі ўразіла артыстка з Армэніі Жана Нікітчук, кіраўніца ансамблю “Беларускія карані”, якая засьпявала “Купалінку”. А пасьля выступу ансамбля “Надзея” з Латвіі я зьвярнуўся да ўдзельніка калектыву Міхаіла Саўчука.

А вось кім Вы працуеце ў жыцьці?

Міхаіл Саўчук: У жыцьці я працаваў фрэзероўшчыкам, затым сантэхнікам, а зараз працую ў Дэпартамэнце вогнеаховы прадпрыемстваў і дамоў.

А вось Вы самі ў Латвіі нарадзіліся?

Міхаіл Саўчук: Не, у Беларусі.

А як Вы апынуліся ў Латвіі?

Міхаіл Саўчук: Ну, гэта было даўно, яшчэ ў савецкі час. Пасля службы ў войску ажаніўся там, атрымаў кватэру, і вось ужо 33 гады жыву.

А ўвогуле як у Латвіі – беларусы актыўныя?

Міхаіл Саўчук: Дыяспара ў Латвіі вельмі вялікая, напэўна, самая вялікая ў Эўропе. Раней жыло 120 тысяч, а зараз пражывае 85 тысяч беларусаў. Ёсьць некалькі вялікіх калектываў – вось у Рызе два такія калектывы: “Прамень” і “Сьвітанак”. І ў малых гарадах ёсьць таксама. Беларуская грамада вельмі вялікая, але вельмі разнастайная – ёсьць “палітычныя” людзі, ёсьць апалітычныя, розныя ўсе.

Тэнар з Кішынёва Сяргей Варсанаў уразіў публіку чысьцінёй свайго выкананьня. Спадар Сяргей пасьля выступу прызнаўся нам, што пакуль не гаворыць па-беларуску, але абяцае да наступнага прыезду вывучыць мову сваёй матулі.

Што Вас пабудзіла сьпяваць беларускія песьні?

Сяргей Варсанаў: Яны прыгожыя, мэлядычныя, добрыя, душэўныя, прыемна кладуцца на голас. І людзі вельмі добрыя – беларусы.

А ў Вас продкі беларусы, так?

Сяргей Варсанаў: Так, па лініі маці. У мяне маці беларуска, а бацька – баўгар, такая вось сумесь.

І кім Вы сябе адчуваеце?

Сяргей Варсанаў: Зараз, тут, беларусам. Сапраўдным беларусам, які перажывае й хоча, каб у Беларусі было ўсё добра.

А Вас не зьдзіўляе, што ў Беларусі цяжка пачуць беларускую мову на вуліцах?

Сяргей Варсанаў: Зьдзіўляе. І хочацца часьцей яе чуць. Я магу сказаць як музыка, што на слых гэта вельмі прыгожая й мэлядычная мова. Так што я вам жадаю, каб на вуліцах у вас часьцей была чутная беларуская мова. Я яе пастараюся вывучыць да наступнага разу, абяцаю.

У Менску адбыўся Першы фэстываль мастацтваў беларусаў сьвету. Не сказаць, што першы блін быў комам. У беларусаў першы блін быў дранікам. Будзем спадзявацца, да другога драніка пададуць сьмятану!

Арцём Багданаў, Менск