• Някляеў: “Уявіце: Крэва, вузел нашай гісторыі – аграгарадок!..”
  • Audio6.7 MB
  • 11.07.2011

Сёньня, 11 ліпеня паводле пашпарту паэту Ўладзімеру Някляеву спаўняецца 65 гадоў. Блізкія сябры ведаюць, што насамрэч дзень народзінаў паэта на 2 дні раней – проста ягоны бацька запісаў дзіця тым днём, калі апамятаваўся пасьля сьвяткаваньня. За 65 гадоў у Някляева было шмат арыгінальных сустрэчаў дня народзінаў.

Уладзімер Някляеў: Шмат усяго было… І пад коламі цягніка на Байкала-Амурскай магістралі. І ў нейкіх самалётах… І нават не ў самалётах, але ў тым, што павінна ляцець – як Крамлёўская вежа, напрыклад. Але гэта, як антураж, як прыдуманы эпізод. Бо такія дні народзінаў прыдумляліся насамрэч – каб яны, нібыта, запаміналіся. Чым зараз нашыя “крутыя” займаюцца – што толькі не прыдумляюць, каб асабліва адзначыць свой Дзень народзінаў!.. Але мне не такія дні запомніліся, а самыя простыя, зь вершамі, гаворкаю. Калі быў малады Барадулін, малады Бураўкін, малады Караткевіч. Тады яны мне, маладзейшаму, здаваліся аксакаламі – але цяпер я разумею, што насамрэч яны былі вельмі маладыя… А ўсё, што прыдумлялася, антураж – не засталося. Гэта як пішаш нешта – і ёсьць сюжэт у тваёй галаве, і ты разумееш, да чаго ён павінен прывесьці. Гэта як страла, якую ты выпусьціў і бяжыш сьледам, ведаючы, куды яна ўпадзе – гэтак пішацца сапраўдная літаратура. А ўжо адчуваньне таго, што нечага не хапае ў тым, што ты прыдумаў – і стварае такія дні народзінаў, як бакавыя лініі ў сюжэце, якія найчасьцей нікому непатрэбныя…
 
Усе ведаюць пра сумныя непрыемнасьці Някляева з уладай у часе мінулай прэзыдэнцкай кампаніі, дзе паэт балятаваўся на прэзыдэнта. Аднак былі праблемы з ворганамі ў Някляева і за савецкім часам.

Уладзімер Някляеў: Дзіўна, але ўпершыню я меў непрыемнасьці з КДБ праз г.зв. антысавецкую групу Кіма Хадзеева, у якую я ўваходзіў. Напрыклад, некаторыя нашыя хлопцы ведалі ангельскую мову, і мы самі на рускую мову перакладалі Агату Крысьці – гэта былі першыя яе пераклады ў нас. Нашыя маладыя сяброўкі зь “ленінкі” выносілі з сутарэньняў гэтыя кнігі, а мы іх неяк стараліся размножыць.

За савецкім часам, кажа паэт, яны ў сваёй кампаніі спэцыяльна надзявалі яркае адзеньне, каб вылучацца ў савецкай шэрай масе. Сёньня, калі на кожным слупе пёстрыя чырвона-зялёныя сьцягі, а ўсё наўкол як на карнавале, паэт лічыць, што няварта ў супрацьлегласьць надзяваць шэрае.

Уладзімер Някляеў: Не! Яшчэ больш яркае! Вось, самае яркае, што ў нас ёсьць – гэта бел-чырвона-белы сьцяг. Калі мы аздобім гэтым колерам усе нашыя вуліцы й плошчы, тады я адчую сябе шчасьлівым. Хтосьці кажа, што гістарычныя сымбалі ня маюць гістарычных значэньняў. Я лічу, што гэта ня так. Ёсьць сакральнае, ёсьць мэтафызычнае. Мы не жывёлы, таму што мы носім у сабе Бога. Адчуваньне сьвята, адчуваньне таямніцы – усё гэта ў тых фарбах, якія, я спадзяюся, хутка залунаюць над нашай зямлёю.

Крэва, дзе нарадзіўся Някляеў, лунае праз усю ягоную творчасьць. Ці аднолькавае Крэва ў нас і ў Някляева?

Уладзімер Някляеў: Дзякуй Богу, што да мяне было пару хлопцаў, як Вітаўт і Ягайла, якія “распіярылі” Крэва. Але ўсё роўна, вобраз Крэва розны ва ўсіх нас, але  ў рэчышчы таго, што зрабілі там людзі за гэтыя стагодзьдзі. У мяне Крэва, пры ўсёй ягонай занядбанасьці, як яго зараз назвалі – аграгарадок – сваё, ці тое, якое яно было, ці тое, якое будзе. Божа ты мой, вузел гісторыі Крэва – і аграгарадок!..
 
Паэт Уладзімер Някляеў адзначыў свой 65-ы дзень народзінаў. Далучаемся да віншаваньняў!


Арцём Багданаў, Менск