• У Берасьці пашырылі сьпіс забароненых для пікетаваньня месцаў
  • 11.07.2011

Берасьцейскі гарвыканкам пашырыў сьпіс месцаў, забароненых для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Адпаведнае рашэньне “Аб масавых мерапрыемствах у г. Берасьці” было прынята 30 чэрвеня 2011 года.

Пра гэта паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, заяўнік пікету “супраць гвалтоўных зьнікненьняў”. Праваабаронца атрымаў адмоўны адказ на правядзеньне на цэнтральнай плошчы Леніна пікету, які меў адбыцца 7 ліпеня, у дзень зьнікненьня журналіста Зьмітра Завадзкага.

Раман Кісьляк: На тэрыторыі, абмежаванай вуліцамі Міцкевіча, Леванеўскага, Крупскай і Гогаля не дапускаецца правядзеньне масавых мерапрыемстваў. Як раней, так і зараз законам падзелена, што не бліжэй за 50 мэтраў да будынкаў гарвыканкама і аблвыканкама, то зараз гэты “буфэрную зону бясьпекі” берасьцейскія ўлады пашырылі на некалькі кварталаў. Гэта зона ахоплівае Плошчу Леніна й прылягаючыя тэрыторыі.


У сьпіс месцаў, забароненых для правядзеньня масавых акцый, увайшлі й іншыя цэнтральныя вуліцы й плошчы, у тым ліку тэрыторыя Брэсцкай крэпасьці.

Доктар архітэктуры і ўрбаністыкі Ірына Лаўроўская адзначае, што галоўнай функцыяй пабудаваных у гарадах плошчаў, зьяўляецца скапленьне ў гэтых месцах грамадзянаў.

Ірына Лаўроўская: Я лічу, што ўлады, і вы (грамадзяне), павінны зьвярнуць увагу на тое, што вуліцы ў горадзе і плошчы зьяўляюцца месцам скапленьня грамадзянаў. Гэта месца камунікацый. Плошчы для гэтага й прызначаны. Гэта іх галоўная функцыя.

Грамадзкія актывісты і прадстаўнікі палітычных партыяў горада ўвесь час атрымоўваць адмовы на заяўкі правядзеньня немнагалюдных пікетаў на цэнтральных вуліцах. У той жа час, заплянаваныя ўладамі мерапрыемствы заўсёды адбываюцца менавіта ў месцах, забароненых для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Раман Кісьляк:  Я асабіста й мае калегі бачым у гэтай адмове, як і ў папярэдніх адмовах, дыскрымінацыю па прыкмеце палітычных і іншых перакананьняў. Тыя грамадзяне, якія ўваходзяць у склад улады, ворганы дзяржаўнай улады, мясцовага кіраваньня, могуць ініцыяваць правядзеньне акцый на гэтых тэрыторыях у публічных месцах. Усе іншыя асобы, усе тыя, хто нязгодны з уладай, тыя ня маюць права правядзеньня акцый у публічных месцах.  Такім чынам відавочна дыскрэдытуюцца тыя, хто выступае супраць – як па палітычных перакананьнях, актывісты палітычных партый, так і сюды дадаюцца й актывісты праваабарончых арганізацый, якія выступаюць з крытычнымі ідэямі й патрабаваньнямі.

Берасьцейскія актывісты неаднаразова зьвярталіся да гарадзкіх уладаў з просьбай выдзяліць дадатковыя месцы для правядзеньня публічных акцыяў. На дадзены момант пікеты з дазволу адміністрацыі горада можна праводзіць у двух малалюдных месцах: на стадыёне “Лякаматыў” і ў Парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Рада Міровіч