• Улады перадумалі зачыняць “Нашу Ніву”
  • Audio3.12 MB
  • 12.07.2011

Папулярную незалежную беларускую газэту “Наша ніва” не зачыняць. Міністэрства інфармацыі нечакана адклікала пазоў аб закрыцьці выданьня. Сваімі ўражаньнямі ад гэтай падзеі дзеляцца з намі галоўны рэдактар газэты Андрэй Скурко, а таксама іншыя прысутныя на працэсе вядомыя асобы. 

Незалежнай газэце “Наша ніва”, як і газэце “Народная воля”, пагражала закрыцьцё, бо Міністэрства інфармацыі вынесла ёй тры папярэджаньні на працягу аднаго году. Суд па гэтай справе павінен быў прайсьці у аўторак 12 ліпеня, але на шчасьце, не адбыўся. На самым пачатку паседжаньня прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі зьвярнуліся з хадатайніцтвам аб адкліканьні іску. Судзьдзя просьбу задаволіў. Закрыцьця газэты не адбылося.


Нарэшце узяў верх здаровы сэнс – цешыцца галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Скурко. Газэце дапамаглі дзесяткі лістоў, што дасылалі ў Міністэрства інфармацыі яе чытачы, а таксама ціск міжнароднай супольнасьці – перакананы рэдактар.

А. Скурко: У Міністэрства інфармацыі прыходзіла вельмі многа чытацкіх зваротаў з патрабаваньнямі, каб незалежных газэтаў не зачынялі.Безумоўна, адыграў сваю ролю ціск міжнароднай супольнасьці. “Народная воля” й “Наша Ніва” фігуравалі ў заяве рады ЭЗ.

“Наша Ніва” мела запасныя пляны дзеяньняў на выпадак закрыцьця. Але Андрэй Скурко вырашыў захаваць іх у таямніцы. Газэта будзе працаваць як і раней – кажа яе галоўны рэдактар.

А. Скурко: Радыкалізавацца мы адназначна не зьбіраемся. Будзем рабіць нашую газэту такой, якую мы яе робім. Будзем працягваць рабіць сайт, старацца пашыраць нашую аўдыторыю, прыцягваць новых чытачоў. Пляны нашыя – як у звычайнага незалежнага грамадзка-палітычнага выданьня.

Нягледзячы на крызыс, за апошнія месяцы колькасьць падпісчыкаў “Нашай Нівы” вырасла на тысячу чалавек. Аўдыторыя ж сайту павялічылася ў разы. Калі год таму на старонку “Нашай Нівы” штодзённа заходзіла 6-7 тысячаў чалавек, то сёньня – 20 тысячаў.

На судзе над “Нашай Нівай” якога, на шчасьце, не адбылося, прысутнічаў паэт і палітык Уладзімер Някляеў.  На яго думку, чыноўнікі адклікалі пазоў, бо вырашылі не абвастраць канфлікт з грамадзтвам.

У. Някляеў: Ціск на ўлады аказваецца вялікі, тут яшчэ дадаецца эканамічны крызыс. Усё гэта стварае перадумовы небясьпечныя як для ўлады ў цэлым, так і для пэрсаніфікаваных яе прадстаўнікоў, такіх як Праляскоўскі. Час думаць  ня столькі пра Лукашэнку, колькі пра самога сябе. Яны, відаць, узважылі наступствы закрыцьця газэтаў і незакрыцьця й вырашылі гэтага не рабіць.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна ставіць адмову зачыняць “Нашу Ніву” ў адзін шэраг з адносна лагодным прысудам журналісту Анджэю Пачобуту . Улады вырашылі злагодзіць сваю палітыку - спадзяецца яна.

Ж. ЛітвінаАдзінае, з чым можна гэта параўнаць – гэта адносна лагодны прысуд Анджэю Пачобуту. Дзьве гэтыя падзеі даюць кволую надзею. Я думаю, што сёньняшняе рашэньне наконт “Нашай Нівы” было прынятае пасьля палітычных кансультацыяў і стала вынікам той прынцыповай пазыцыі, якую занялі па пытаньні свабоды слова эўрапейскія інстытуты.

Пра тое, зьмянілі улады сваё стаўленьне да СМІ ці не, можна будзе меркаваць толькі пасьля суду над газэтай “Народная Воля” – кажуць усе камэнтатары. Суд заплянаваны на сераду.

Аляксандар Папко