• Паміж Беларусьсю і Ўкраінай адбыўся дыпляматычны скандал
  • 13.07.2011

Пра дыпляматычны скандал, які здарыўся месяц таму, паведамляе аўтарытэтны ўкраінскі штотыднёвік „Дзеркало Тыжня”, спрасылаючыся на ўласную ананімную крыніцу. У чэрвені былі высланы два супрацоўнікі амбасады Ўкраіны ў Беларусі — аташэ па пытаньнях абароны й ваенны аташэ. У адказ Украіна выслала ваеннага аташэ Беларусі Андрэя Каюка.

Паводле адной з вэрсіяў, высылкай дыпляматаў Менск адрэагаваў на адказ прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча на абвінавачаньні Аляксандра Лукашэнкі ў "вашывасьці". Украінскі прэзыдэнт перадаў адказ праз прэм'ера Мікалая Азарава, які наведваў Менску.

"Сутнасць адказу невядомая. Але ён выклікаў негатыўную рэакцыю беларускага лідара й прывёў да высылкі ўкраінскіх дыпляматаў", — паведамляе выданьне, зазначаючы, што "на факце высылкі дыпляматаў не акцэнтавалі ўвагу ні беларускі, ні ўкраінскі бакі".

У беларускім МЗС інфармацыі не камэнтуюць, у Мінабароны „ніякай інфармацыі наконт гэтага няма".

кр/БелаПАН