Фільм Агнешкі Голянд “У цемры” стане польскім кандыдатам прэміі “Оскар” у намінацыі “Лепшы неангельскамоўны фільм”. Прэм’ера стужкі ў Польшчы заплянаваная на верасень гэтага году.
“У цемры” - гэта супольны польска-нямецка-канадзкі фільм, у якім распавядаецца лёс паляка, Леапольда Сохі, дробнага хулігана, які стаў нацыянальным героям. Падчас ІІ Сусьветнай вайны Соха ратуе групу габрэяў з львоўскага гета. Фільм заснаваны на рэальных падзеях. “У цемры” зьняты на падставе кнігі Робэрта Маршала “У каналах Львова. Гераічная аповесьць пра выжываньне падчас Галакосту”.
У стужцы зьняліся Робэрт Вянцкевіч, Агнешка Грахоўска, Анджэй Масталеж, а таксама Кінга Прайс і Бэн Фюрман.
“На тэму Галакосту было напісана шмат кніг і зьнята нямала фільмаў, - кажа Агнешка Голянд у апісаньні фільму, - Паводле мяне, самая вялікая таямніца гэтай трагедыі пакуль яшчэ не раскрытая”, лічыць рэжысэрка. “Як магло адбыцца такое злачынства? Дзе быў тады чалавек? Дзе быў Бог? Ці было гэта выключэньнем у нашай гісторыі ці гэта цёмны бок нашай натуры? – менавіта гэтыя пытаньні задае ў сваім фільме Голянд.
Фільмы Агнешкі Голянд ужо двойчы намінаваліся на прэмію “Оскар”. У 1992 годзе гэта была стужка “Эўропа, Эўропа” ў намінацыі “Найлепшы адаптаваны сцэнар”. У 1986 годзе яе фільм “Злое жніво” быў намінаваны ў катэгорыі “Лепшы неангельскамоўны фільм”.
Расэл Кроў, Робэрт Рэдфард, Крыстафэр Ламбэрт і іншыя славутасьці Галівуда выканаюць ролі ў фільме “Польшча, так!”, дзякуючы якому МЗС хоча рэклямаваць краіну.
Фільм будзе складацца з выказваньняў вядомых музыкаў, мадэльераў, актораў і іншых людзей культуры й мастацтва, якія бывалі ў Польшчы й дзеляцца сваімі ўспамінамі.
Паводле задумы польскіх дыпляматаў, ацэнка Польшчы з вуснаў Лінды Эвангелісты, Жана Мішэля Жара, Пласіда Дамінга й іншых вядомых на сьвеце людзей пазытыўна паўплывае на міжнародны імідж Польшчы. Разам з выказваньнямі замежных славутасьцяў гледачы пабачаць кадры з розных куткоў краіны. Мэта фільму: паказаць Польшчу з турыстычнага й эканамічнага бакоў як дынамічную краіну, з багатай гісторыяй і культурай.
Фільм “Польшча, так” змогуць пабачыць госьці і ўдзельнікі польскіх імпрэзаў, якія ладзяцца ў замежжы
“Гэтым летам адчыніся на мастацтва” – пад такім лёзунгам Нацыянальная галерэя мастацтва “Zachęta” ў Варшаве падрыхтавала багатую культурніцкую праграму на бліжэйшыя паўтара месяцы. Гэта й выставы, кінапаказы, канцэрты й цікавыя сустрэчы з творцамі.
Да канца лета ў галерэі працуюць шэсьць выставаў. “Поле гульні” прэзэнтуе мастцтва сучасных мастакоў з Бэльгіі. Гэта скультуры, карціны, фільмы й пэрформансы. “Харэаграфія цела” – гэта складзеная выключна з фільмаў экспазыцыя. Яна распавядае пра новы від мастацтва – злучэньне танца й візуальнага мастацтва.
Госьці галерэі змогуць пазнаёміцца й з мастацтвам зь Беларусі. На выставе “Адкрываючы дзьверы? Беларускае местацтва сёньня” можна пабачыць працы ня толькі беларускіх мастакоў зь Беларусі, але й беларускіх творцаў з замежжа. Выстава распавядае пра сучасныя праблемы беларускага грамадзтва. Дарэчы, гэта буйнейшая ў гісторыі выстава беларускай культуры ў Варшаве.
У кожны чацьвер у галерэі адбываюцца паказы сучаснага беларускага кіно. 14 ліпеня гледачы пазнаёмяцца са стужкай “Акупацыя-Misterium” Андрэя Кудзіненкі, якая распавядае пра гісторыю савецкіх партызанаў у Беларусі падчас ІІ Сусьветнай вайны.
22 ліпеня “Zachęta” запрашае на канэрт беларускай экспэрымэнтальнай музыкі.
Больш інфармацыі на сайце www.zacheta.art.pl
У Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі ў Менску 10 ліпеня адкрылася фотавыстава "Мы - беларусы!", прысьвечаная беларускім суайчыньнікам, якія пражываюць за мяжой. Мерапрыемства праводзіцца ў межах Першага фэстывалю мастацтваў беларусаў сьвету.
Сёньняшняя экспазыцыя складаецца амаль з дваццаці фотаработ, якія адлюстроўваюць жыцьцё й творчасьць беларускіх суполак замежжа, у прыватнасьці, у Расеі, Украіне, Летуве, Латвіі, Эстоніі й Польшчы. Як адзначыў на адкрыцьці выставы намесьнік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі, музэйная зала не зьмясьціла ўсіх работ, значная іх частка будзе выстаўленая пазьней.
Па-за межамі Беларусі, як паведаміў намесьнік міністра, пастаянна дзейнічаюць больш за 250 творчых калектываў этнічных беларусаў, зь іх звыш сямідзесяці - на Беласточчыне.
Апроч таго, у межах фэстывалю мастацтваў беларусаў сьвету ў Нацыянальным мастацкім музэі пачала працаваць мастацкая выстава "Беларускія мастакі замежжа", у Музэі гісторыі беларускай літаратуры — літаратурная выстава "Паэты й пісьменьнікі беларускага замежжа". Сёньня таксама ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі пройдзе гала-канцэрт фэстывалю, у якім возьмуць удзел творчыя калектывы з дванаццаці краін сьвету.
дг