• Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – часопіс „Запісы ”- 6
  • 14.07.2011

Дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага аказвала ўплыў на мовы суседніх дзяржаваў. Паколькі Вялікае Княства Маскоўскае й Польшча бралі за ўзор Статуты Вялікага Княства Літоўскага, дык гэты ўплыў у асноўным назіраўся ў юрыдычнай лексыцы. Яскравы прыклад гэтага падаў польскі мовазнаўца Станіслаў Кохман у артыкуле Усходнеславянска-польскія лексычныя дачыненьні ад XVІ да XІX ст. (Stanisław Kochman, Wschodniosłowiańsko-polskie stosunki leksykalne od XVI do XIX w., w: Z polskich studiów slawistycznych. Językoznawstwo, seria 5, Warszawa 1978, s. 257-258)

С. Кохман зьвярнуў увагу на тое, што слова bezprawie зьявілася ў польскай мове толькі ў другой палове XVІ ст. ды што пранікла яно ў яе зь беларускай урадавай мовы Вялікага Княства Літоўскага, у якой безправье ведамае раней. У расейскай мове – па словах С. Кохмана – слова бесправие знаходзім толькі ад пачатку XІX ст. Погляд С. Кохмана пацьвярджаецца й тым, што слова бесправие не рэгіструе вялікі слоўнік І.І. Сразьнеўскага (И.И. Срезневский, Материалы для словаря древнерусского языка, 1893, т. I.) з 1893 году. У старой беларускай урадавай мове слова безправье С. Кохман знайшоў у Помніках дыпляматычных адносінаў Маскоўскай дзяржавы з Польска-Літоўскай (Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским, Москва. Санкт Петербург, 1913, т.ІІ) і прыйшоў да высновы, што ў польскай мове лексэма bezprawie запазычаная зь беларускай мовы (Рыгор Максімовіч, Пра юрыдычную лексыку старой беларускай мовы, у: ,,Запісы”, № 19, Нью-Ёрк 
1989, с.126, за:. Stanisław Kochman, Wschodniosłowiańsko-polskie stosunki leksykalne od XVI do XIX w., w: Z polskich studiów slawistycznych. Językoznawstwo, seria 5, Warszawa 1978, s. 258). Ён прывёў прыклады выкарыстаньня яго ў тэкстах з 1559 г.: „как бы люди укрывжоные у безправьи не гинули” (Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским, тамсама, с. 590), „то на безправье лихие люди не брали прикладу” (Тамсама, с. 595), „каковая шкода за безправьем становитса” (Тамсама, с. 596).

Р. Максімовіч зьвярнуў увагу на тое, што слова bezprawie сустракаецца ня толькі ў старой беларускай урадавай мове, але й у мове літаратурнай. Ужывае яго, напрыклад, Францішак Скарына ў рэлігійнай мове. У надрукаванай у Празе Скарынам у 1517 г. біблійнай кнізе Притчи или присловие премудраго Соломона ёсьць сказ: „Воевода требующий мудрости, многих утіснеть безправием” (Рыгор Максімовіч, Пра юрыдычную лексыку старой беларускай мовы, у: ,,Запісы”, № 19, Нью-Ёрк 1989, с. 126, за: У.В.Анічэнка, Слоўнік мовы Скарыны, т.І, Мінск 1977, с. 20).

Беларускі эміграцыйны дасьледнік прыгадаў, што слова безправье  ў беларускай мове выступала ўжо ў XV ст. і прывёў прыклад з актавага запісу 1491 году: „я в них того имени безправне не брал” (Archiwum książąt Lubartowiczów/Sanguszków w Sławucie, t. I, 1336-1506, Lwów 1887, s. 94).

У польскую мову беларуская юрыдычная лексыка магла лёгка пранікаць ужо ад канца XІV ст, пасьля Крэўскай вуніі Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай, шляхам той шырокай сутычнасьці беларускай шляхты з шляхтай польскай у часе розных зьездаў, супольных соймаў, супольных ваенных паходаў. ... У XVІ ст. на справу праніканьня ў мову польскую беларускай юрыдычнай лексыкі мелі напэўна ўплыў і статуты Вялікага Княства Літоўскага... Усе тры статуты былі тады-ж перакладзеныя ў польскую мову. Статут 1529 г. ужо ў 1532 г.” (Рыгор Максімовіч, Пра юрыдычную лексыку старой беларускай мовы, у: ,,Запісы”, № 19, Нью-Ёрк 1989, с. 126)

Паколькі ў расейскай мове слова бесправие паявілася толькі на пачатку XІX ст., дык было гэта зьвязанае, відавочна, з падзелам Рэчыпаспалітай пад канец XVІІІ ст., у выніку якога землі Вялікага Княства Літоўскага апынуліся ў межах Расейскай імпэрыі. На гэтых землях пры расейскай уладзе й адміністрацыі юрыдычна-судовае справаводзтва вялося паводле Літоўскага Статуту, які быў перакладзены на расейскую мову (Тамсама, с. 126).

Можна быць пэўнымі, што з старой беларускай мовы ў польскую ды расейскую пранікла ці мала іншых словаў юрыдычнага ўжытку. Прыведзены С. Кохманам адзін яскравы прыклад паказвае на патрэбу шырэйшага дасьледваньня гэтага цікавага пытаньня зь гісторыі творчых сувязяў старой беларускай мовы з мовамі суседнімі і ў галіне юрыдычнай лексыкі”  – раіць на старонках „Запісаў” Р. Максімовіч (Тамсама, с.127).

Ніна Баршчэўская