• 6 кастрычніка - пачатак справы катыньскіх сем’яў супраць Расейскай Фэдэрацыі
  • 13.07.2011

Судзьдзі Эўрапейскага суду па правох чалавека ў Стразбургу разгледзяць скаргу сем’яў польскіх афіцэраў, забітых вясною 1940 году ў Катыні. Сваякі катынскіх ахвяраў скардзяцца між іншым на расейскае правасудзьдзе, якое нядбала займаецца сьледзтвам па справе катынскага злачынства. Акрамя таго, расейскія суды ня ставяца да справы як да гістарычнага факту.
 
Сваякі катынскіх ахвяраў падалі ў Стразбург 6 скаргаў супраць Расейскай Фэдэрацыі. Судзьдзі зоймуцца разглядам дзьвюх зь іх. Першую скаргу ў 2007 годзе падалі Ежы Яновец і Антоні Трыбоўскі - сын і ўнук вязьняў лягера для ваеннапалонных польскіх афіцэраў у Старабельску, расстраляных ў Харкаве. Двума гадамі пазьней скаргу падала дачка забітага ў Катыні польскага афіцэра Вінцэнта Волка Вітаміла Волк-Язерска.

Эўрапейскі суд палічыў неабходным разгледзець усе закіды польскіх грамадзянаў, якія датычаць парушэньня 2 і 3 артыкулаў Эўрапейскай канвэнцыі аб ахове правоў чалавека й асноўных свабодаў.

Адвакат Ірэнэвуш Каміньскі, які прадстаўляе інтарэсы сваякоў катынскіх ахвяраў у Эўрапейскім судзе, кажа, што рашэньне аб разглядзе гэтых скаргаў сьведчыць пра тое, што гісторыя барацьбы за праўду аб катынскім злачынстве паступова заканчваецца.

Ірэнэвуш Каміньскі: Суд можа абвесьціць прысуд у гэтай справе яшчэ сёлета. Але трэба глядзець на справу рэальна, і было б добра, калі б справа завершылася на пачатку наступнага году. Суд ня можа загадаць краіне, якая прайграе працэс, выканаць тыя ці іншыя крокі. Аднак у выпадку, калі суд пастановіць, што Эўрапейская канвэнцыя правоў чалавека была парушана, гэта пацягне за сабою шэрах наступстваў, зьвязаных зь неабходнасьцю выкананьня пастановы.

Вітаміла Волк-Язерска, адна з заяўніцаў, задаволеная ходам справы.

Вітаміла Волк-Язерска: З моманту зьдзяйсьненьня злачынства прайшоў 71 год. Даўно пара завершыць гэтую справу. Паколькі суд палічыў нашую скаргу абгрунтаванай, цяпер мы чакаем адпаведнага вэрдыкту. Мы спадзяемся, што суд прызнае бяспраўем пазбаўленьне жыцьця нашых блізкіх. Мы чакаем рассакрэчаньня ўсіх дакумэнтаў расейскага сьледзтва па справе катынскага злачынства. Таксама мы чакаем маральнай кампэнсацыі, падкрэсьлю, не фінансавай, а маральнай.

Пастановай Эўрапейскага суду па правох чалавека задаволены таксама афіцыйны польскі бок.

Разгляд справы пачнецца ў Стразбургу 6 кастрычніка, паведаміў прадстаўнік польскага МЗС Мацей Шпунар. Судовае паседжаньне будзе насіць адкрыты характар. У ім будзе прымаць удзел прадстаўнік польскага зьнешнепалітычнага ведамства.

Мацей Шпунар: Сваю пазыцыю прадставіць абвінаваўца- прадстаўнік катынскіх сем’яў. У якасьці абвінавачанага свае аргумэнты прадставіць Расейская Фэдэрацыя. Сваю пазыцыю прадставіць таксама польскі ўрад, які зьяўляецца трэцім фігурантам справы й падтрымлівае скаргу катынскіх сем’яў.


Расейская Фэдэрацыя пакуль не камэнтуе пастановы эўрапейскіх судзьдзяў.  

Расейскія ўлады прызналі катынскае злачынства выключна на палітычным узроўні. Няма ніякага афіцыйнага юрыдычнага дакумэнту, у якім сьцьвярджалася б, што масавыя забойствы польскіх афіцэраў, паліцыянтаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі па загадзе Ёсіфа Сталіна й савецкага кіраўніцтва былі генацыдам польскага народу.

Сьледзтва па справе катынскага злąчынства, якое праводзіла Галоўная вайсковая пракуратура Расеі, было спынена ў 2004 годзе, а акты справы засакрэчаныя.

Расея перадала Польшчы значную частку дакумэнтаў сьледзтва. Аднак дакумэнты пад грыфам „поўнасьцю сакрэтна” надалей захоўваюцца ў расейскіх архівах. Бяз поўнага адсакрэчаньня гэтых дакумэнтаў і ўзнаўленьня расейскага сьледзтва рэабілітацыя польскіх афіцэраў падаецца немагчымай. А менавіта гэтага патрабуюць нашчадкі ахвяраў.

Караліна Русіновіч