Таксама як у выпадку “Нашай Нівы”, улады вырашылі не зачыняць газэту “Народная Воля”. Гэта сьведчыць пра тое, што Менск ня хоча сварыцца з Захадам і нават спрабуе гандлявацца – мяркуюць журналісты.
У сераду ў Вышэйшым Гаспадарчым судзе Беларусі адбылося тое самае, што й дзень раней на працэсе “Нашай Нівы”. Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі вырашылі адклікаць іск аб закрыцьці газэты “Народная Воля”. Суд неадкладна задаволіў хадатайніцтва чыноўнікаў. Прысутныя ў залі сустрэлі рашэньне аплядысмэнтамі. Паседжаньне доўжылася менш за гадзіну – распавядае прысутны на судзе палітык Анатоль Лябедзька.
А. Лябедзька: Уся судовая сыстэма ў нас знаходзіцца ў рэжыме “ручнога кіраваньня”. Усё адбываецца хутка. Толькі вынік часьцей за ўсё бывае непрыемны. Сёньня быў той рэдкі выпадак, калі навіна была прыемнай, і ўсе шчыра пляскалі ў далоні.
Чаму Міністэрства інфармацыі вырашыла не зачыняць незалежных выданьняў? Адказ на гэтае пытаньне ляжыць на паверхні – лічыць намесьніца галоўнага рэдактара “Народнай Волі” Марыя Эйсмант. Улады ня хочуць сварыцца з Захадам, бо ім вельмі патрэбныя грошы.
М. Эйсмант: Для ўсіх зразумела, што задушыць дзьве апошнія незалежныя газэты “Народную волю” й “Нашу Ніву” азначае ўшчэнт перасварыцца з Захадам, а дзяржаве сёньня, як ніколі раней, патрэбныя грошы. Я ня думаю, што ініцыятыва адклікаць пазоў зыходзіла ад Міністэрства інфармацыі. Гэта рашэньне вышэйшых уладаў, якія хочуць пайсьці на перамовы з Эўрапейскім Зьвязам.
Адмова зачыняць незалежныя выданьні, а таксама адносна лагодны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту зьвязаныя паміж сабой – заявіла учора старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна. Можна спадзявацца, што ўлады, жадаючы палепшыць стасункі з Захадам, прыпыняць перасьлед незалежных СМІ.
Ж. Літвіна: Адзінае, з чым можна гэта параўнаць – гэта адносна лагодны прысуд Анджэю Пачобуту. Дзьве гэтыя падзеі даюць кволую надзею.
Гандаль з Захадам ужо ідзе – заявіў Анатоль Лябедзька. Гэта ўлюбёная тактыка беларускіх уладаў: спачатку штучна стварыць праблему, а пазьней прадставіць яе рашэньне як прагрэс і патрабаваць ад Эўропы прыязных крокаў у адказ – лічыць палітык.
А. Лябедзька: Магу гэта пацьвердзіць на ўласным прыкладзе. Пасьля свайго вызваленьня я сустракаўся зь некалькімі амбасадарамі. Яны мне распавядалі, што як толькі я быў выпушчаны са сьледчага ізалятару КДБ, да іх прыйходзілі прадстаўнікі беларускага МЗС і казалі: “У краіне перамены. Бачыце – мы выпусьцілі Лябедзьку”. Адзін гэты факт прадстаўляўся беларускімі чыноўнікамі як сьведчаньне нейкіх пераменаў у Беларусі. А ў адказ яны чакалі пазытыўных крокаў з боку міжнароднай супольнасьці.
Калі казаць пра “Народную волю”, то сёньняшняе нечаканае “ўратаваньне” ніяк не паўплывае на працу выданьня. Уводзіць самацэнзуру газэта не зьбіраецца – пераконвае журналістка Марыя Эйсмант.
М. Эйсмант: Палітыка рэдакцыі ні ў якім выпадку ня зьменіцца. Для журналістаў “Народнай Волі” галоўным застанецца перадача апэратыўнай праўдзівай інфармацыі.
Рашэньне ўладаў забраць пазоў аб закрыцьці “Народнай волі” зусім не азначае канца перасьледу выданьня – тлумачыць Марыя Эісмант. Старых папярэджаньняў ніхто ня зьняў, а новыя могуць зьявіцца ў любы момант.
М. Эйсмант: У нашай краіне ўсё залежыць ня проста ад аднаго чалавека, а нават ад яго настрою. Мы ўсё роўна застаемся “на кручку”. У любы момант можа вярнуцца той пазоў, які сёньня разглядаўся, могуць зьявіцца новыя папярэджаньні. Таму працаваць надалей прыдзецца ў цяжкіх умовах.
Адмова зачыняць незалежныя газэты зусім не азначае, што беларускія ўлады зьмяняюць сваё стаўленьне да незалежных СМІ ды свабоды слова ў цэлым – лічыць намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
А. Бастунец: Я ня стаў бы казаць, што рашэньні, якія датычацца Анджэя Пачобута, “Народнай волі” й “Нашай Нівы” сьведчаць пра нейкую лібэралізацыю ці зьмену курсу. Мы бачым, што пасьля працэсу над Пачобутам працягваюць затрымліваць журналістаў, колькасьць затрыманьняў расьце. Палітыка ўладаў застаецца вельмі далёкай ад дэмакратычных стандартаў.
Магчыма, у бліжэйшы час беларускім незалежным СМІ стане дыхаць крыху лягчэй. Лягчэй ад таго, што пятлю на шыі журналістаў крыху аслабяць. Але гэта зусім не азначае, што яна зьнікне – падсумаваў размову Андрэй Бастунец.
Аляксандар Папко