• Зьмітра Дашкевіча прызналі “злосным парушальнікам” рэжыму калёніі
  • Audio1.35 MB
  • 14.07.2011

Зьняволены старшыня “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч напаткаў новыя непрыемнасьці падчас свайго знаходжаньня ў калёніі – вязьню прысвоілі статус “злоснага парушальніка усталяванага парадку адбыцьця пакараньня”. Нявеста Дашкевіча, Наста Палажанка, якая першая даведалася гэтую навіну зь лістоў ад каханага, сьцьвярджае, што гэты статус можа прынесьці шэраг праблемаў у турэмнае жыцьцё зьняволенага – ад зьмяшчэньня ў карцар і абмежаваньня колькасьці спатканьняў да новай крымінальнай справы. Ужо зараз Зьмітру Дашкевічу скарацілі ліміт сродкаў, якія ён можа патраціць на закупы ў турэмнай краме – з 200 тысяч рублёў да 35 тысяч.

Паводле 117-га артыкула Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь статус “злоснага парушальніка” можа быць прысвоены пры наяўнасьці мінімум двух спагнаньняў, адно зь якіх, напрыклад, заключэньне ў штрафны ізалятар, ці карцар. Раней, паводле неафіцыйнай інфармацыі ад вязняў горацкай калёніі, дзе адбывае пакараньне Зьміцер, стала вядома, што палітвязьня пакаралі карцарам за адмову выконваць незаконны загад адміністрацыі. Цяпер жа да сваякоў Зьмітра Дашкевіча паступіла інфармацыя, што хлопцу далі другое спагнаньне, якое й выклікала надаваньне новага статусу. Бліжэйшымі днямі ў калёнію ў Горкі для высьвятленьня падрабязнасьцяў паедзе адвакат Дашкевіча. Няма пэўнасьці, што яго пусьцяць да падабароннага. Нагадаем, што ў мінулы раз адвакату забаранілі бачыцца са Зьмітром Дашкевічам, які на той момант якраз мусіў знаходзіцца ў карцары.

Арцём Багданаў, Менск