• Маўклівыя пратэсты ідуць на спад
  • Audio4.49 MB
  • 14.07.2011

У сераду 13 ліпеня па ўсёй Беларусі прайшла чарговая акцыя маўклівага пратэсту. Гэтым разам удзельнікаў было значна менш. Папулярнасьць “Рэвалюцыі праз сацыяльную сктку” падае, бо людзям надакучыў фармат акцыі, а таксама яны баяцца быць арыштаванымі – тлумачаць удзельнікі й экспэрты.

Асьцерагаючыся масавых затрыманьняў, арганізатары маўклівых пратэстаў гэтым разам параілі людзям зьбірацца ў розных гандлёвых цэнтрах, а пазьней рухацца на галоўныя вуліцы гарадоў. Замест аплядысмэнтаў а 8 гадзіне вечара на праспэктах  павінныя былі загучаць званкі мабільнікаў. 

Удзельнікаў акцыі было значна менш, чым тыдзень ці два таму. На вуліцы абласных гарадоў выходзіла адна-дзьве сотні чалавек. У Менску ў акцыі узялі ўдзел больш з тысячу грамадзян. Папулярнасьць маўклівага пратэсту ідзе на спад. Чаму? Па-першае, большасьць удзельнікаў “маўклівай рэвалюцыі” не гатовая да супрацьстаяньня з уладамі. Таму масавыя затрыманьні іх напалохалі – тлумачыць палітоляг Андрэй Ляховіч. На думку палітоляга, большасьці удзельнікаў на хапала матывацыі, каб працягваць пратэсты. Акрамя таго, ім стаў незразумелым фармат акцыі – лічыць Андрэй Ляховіч.

А. Ляховіч: Большасьць удзельнікаў хацелі прыняць удзел у акцыі, якая б дазволіла ім паказаць свой пратэст у стасунку да палітыкі Лукашэнкі, але ня выклікала б сілавой рэакцыі з боку ўладаў. Жаданьня ўступаць у супрацьстаяньне з сілавымі структурамі ў гэтых людзей не было. Таму калі міліцыя ўжыла сілу супраць удзельнікаў пратэстаў, яны пайшлі на спад.

Людзей прыходзіць усё менш, бо яны баяцца й ім надакучыў фармат акцыі – кажа адзін з удзельнікаў “народных гуляньняў” студэнт Максім.

Максім: Акцыі страцілі сваю цікавасьць. Спачатку, сапраўды, быў драйв, нараджалася спэцыфічная беларуская форма пратэсту. Цяпер жа гэты фармат неактуальны й непапулярны. Калі працягваць акцыі – то трэба пастаянна прыдумваць нейкі іншы фармат. Па-другое, ёсьць вялікая верагоднасьць, што людзі, якія прыйдуць на пратэст, будуць затрыманыя. А на гэта гатовыя пайсьці далёка ня ўсе.

Супрацоўніца адной зь менскіх фірмаў Марыя удзельнічала ў папярэдніх акцыях маўклівага пратэсту. Гэтым разам яна вырашыла не пайсьці. Акцыя губляе сур’ёзнасьць - лічыць дзяўчына. 

Марыя: Акцыя заціхае, губляе сэнс. Яна ператвараецца ў нейкі флэш-моб, гарадзкую гульню кшталту “сзхваткі”, а не акцыю народнага пратэсту.

Яскравыя, але спрошчаныя формы змаганьня раней ці пазьней трацяць імпэт – тлумачыць палітоляг Уладзімер Мацкевіч. Так было з хваляй флэш-мобаў у 2006 годзе, так адбываецца і цяпер.

У. Мацкевіч: Удзельнікаў гэтых акцыяў ахоплівае энтузіязм, ва ўсіх іх прысутнічае эмацыйная ўзьнятасьць. Але нават калі яны дасягаюць свайго піку, то высьвятляецца, што ніхто ня ведае, што рабіць далей. Сабраліся, папляскалі ў далоні, памаўчалі, спалохалі рэжым, выклікалі неадэкватную рэакцыю гэтага рэжыму з наймітамі ў цывільным – а далей што? Міліцыянты ганяюць апазыцыянэраў, апазыцыянэры палохаюць рэжым і міліцыянтаў – і так можа працягвацца бясконца.

Рэальных вынікаў дасягаюць толькі тыя акцыі, якімі кіруюць ясныя палітычныя структуры і лідары, здольныя выставіць уладам канкрэтныя патрабаваньні. Удзельнікам пратэсту важна ўсьведаміць ня толькі супраць чаго яны змагаюцца, але й за што – падкрэсьлівае Ўладзімер Мацкевіч.

Аднак нельга казаць, што маўклівыя пратэсты пройдуць без сьледу. Акцыі паказалі, што цярпеньне грамадзтва зусім не бясконцае – лічыць палітоляг Андрэй Ляховіч.

А. Ляховіч: Гэтыя акцыі далі ўладам зразумець, што народ – ня быдла й ня сьцерпіць усё, што яны робяць. Пратэсты далі уладзе сыгнал, што трэба палепшыць сацыяльна-эканамічную сытуацыю і больш апэратыўна вырашаць актуальныя для выбарцаў пытаньні.

“Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” ўпершыню скалыхнула беларускую правінцыю, шмат грамадзянаў у першы раз адважыліся на пратэст. А галоўнае – акцыя паказала поўную неадэкватнасьць міліцыі й спэцслужбаў – лічыць студэнт Максім. 

Максім: Гэтая акцыя паказала, што можна мабілізаваць ня толькі старымі звычайнымі апазыцыйнымі мэтадамі й ня толькі старых звычайных апазыцыянэраў. Акцыя паказала, што Інтэрнэт можна выкарыстоўваць, каб прыцягваць неабыякавых людзей, якія раней увогуле не былі заангажаваныя ў палітыку. Абудзіліся рэгііёны. На вуліцы выходзілі людзі ў тых гарадах, дзе з часоў атрыманьня незалежнасьці ніколі не было ніякіх акцыяў пратэсту. Удзельнікі акцыяў знаёміліся паміж сабой, што таксама дае надзею на арганізацыю нейкіх дзеяньняў у будучыні.

Вынікам гэтых акцыяў стала паўстаньне новых моладзевых лідараў – лічыць палітоляг Уладзімер Мацкевіч. А на што яны вартыя – пакажа, хутчэй за ўсё, восень, калі чакаецца ўзмацненьне пратэстаў – падсумаваў экспэрт.


Аляксандар Папко