Астаповіч супраць Латушкі. Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры Антон Астаповіч публічна заявіў пра разбурэньне гістарычнага цэнтра Пінска. Паводле інфармацыі, выкладзенай у адкрытым лісьце Астаповіча да міністра культуры Паўла Латушкі, чыноўнікі Міністэрства культуры прынялі незаконнае рашэньне пра вывад зь Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў двух дамоў у цэнтры гораду, а таксама пра знос з умоваю аднаўленьня трэцяга дому. Вывад са сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў азначае, што цяпер гэтыя дамы могуць быць бесперашкодна зьнесеныя.
Антон Астаповіч пацьвярджае, што на месцы двух гістарычных дамоў плянуецца пабудаваць новую магістраль, а таксама звяртае ўвагу на адсутнасьць заканадаўчай падставы для вынясеньня падобнага рашэньня. Паводле Закону “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, рашэньне пра вывад будынкаў са сьпісу каштоўнасьцяў можа выносіцца толькі пры ўмовах, што будынкі страцілі сваё гісторыка-культурнае значэньне ці былі зьнішчаныя без магчымасьці аднаўленьня з-за прыродных катаклізмаў.
Антон Астаповіч просіць Паўла Латушку навесьці парадак у сваёй установе й абвінавачвае некаторых чыноўнікаў, датычных да прыняцьця незаконых рашэньняў, у прыватнасьці, намесьніка міністра Кураша й начальніка ўпраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Чарняўскага у наўмыснай дыскрэдытацыі як асабіста міністра, так і ўсяго Міністэрства культуры.
Адказ на адкрыты ліст Антона Астаповіча мусіць быць агучаны цягам месяца. Пакуль жа Антон Астаповіч паўжартам прапануе перайменаваць Рэспубліканскую раду па помніках архітэктуры ў Рэспубліканскую здраду.
Арцём Багданаў, Менск