• Цэны ўгору, дабрабыт – уніз
  • 15.07.2011

Міністэрства эканомікі Беларусі прыняло рашэньне адпусьціць цэны на сацыяльна значныя тавары. Таксама Беларусь будзе паступова падвышаць цэны на спажывецкія тавары да ўзроўню краін-партнёраў па адзінай эканамічнай прасторы, у якую ўваходзяць Беларусь, Расія й Казахстан.

Гаворыць дырэктар дэпартамэнта цанавой палітыкі Мінэканомікі Ігар Фамін.

Ігар Фамін: Сама эканамічная лёгіка падказвае, што калі мы маем адзіную эканамічную прастору, ня маем мытных межаў, то вялікі разнабой коштаў ня можа быць, хаця б у межах транспартнага складніку. Выраўніваньне парытэту коштаў будзе ажыцьцяўляцца адначасова зь мерамі сацыяльнай абароны. Мы ня можам у адзін момант падняць кошты ў два разы на прадметы першай неабходнасьці. Мы прывыклі добра жыць, да гэтага прывыкаеш хутка, а сёньня неабходна жыць па сродках.

Прадстаўнік Мінэканомікі нагадаў, што ўсе беларускія прадпрыемствы залежаць ад валютнага курсу, адпаведна фарміруюцца й кошты на тавары ды паслугі.

Ігар Фамін: Прадпрымстваў-вытворцаў, у якіх няма імпартнага складніку, я ня ведаю. Па адной простай прычыне: у нас электраэнэргію спажываюць усе прадпрыемствы. А электраэнэргія залежыць ад валютнага складніку, бо мы разьлічваемся валютай, цэны на газ і тарыфы на энэргія прывязаныя да валюты.

На пачатку чэрвеня ўрад абмежаваў вываз фізычнымі асобамі аўтамабільнага паліва й шэрагу прадуктаў з-за фіксацыі коштаў на іх. Ігар Фамін патлумачыў, што гэтае рашэньне было “правільным і своечасовым”, інакш з-за дыспрапорцыі ў цэнах тавары проста вывозіліся б за межы Беларусі, што выклікала б дэфіцыт.

Намесьніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі Ірына Кангра агучыла афіцыйныя дадзеныя аб росьце коштаў і інфляцыі ў краіне. Лічбы ўражваюць.

Ірына Кангра: У бягучым годзе зафіксаваны самы высокі ўзровень інфляцыі за апошнія дзесяць год. У чэрвені ў адносінах да сьнежня 2010 года індэкс цэн склаў 136,2%. Толькі ў 2002 годзе гадавы ўзровень інфляцыі набліжаўся да паўгадавога ўзроўню інфляцыі бягучага года й складаў 34,8%. У студзені-чэрвені кошты на харчовыя тавары вырасьлі на 36,8%, а на асобныя таварныя пазыцыі нават больш. На крупы грэцкія й пярловыя цэны вырасьлі ў 1,8 разы, мяса птушкі, рыбу й рыбныя прадукты, цукар, маянэз, пладова-гародніную прадукцыю – у 1,7 разы, макаронныя вырабы – у 1,6 разы, кандытарскія вырабы, алькаголь, соль – у паўтара разы. Найбольшы рывок цэнаў быў зафіксаваны ў траўні – 113,1% да папярэдняга месяца. Нестабільнасьць у фінансавым сэктары прывяла да таго, што рост цэн у чэрвені ў параўнаньні са сьнежнем 2010 года склаў 145,7%.
 
У разы вырасьлі кошты на аўтамабілі, ровары, мыючыя сродкі. Падаражэлі паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, праезд у гарадзкім, міжгароднім і міжнародным транспарце. Сьпіс можна працягваць бясконца. Паводле інфармацыі Белстата, найбольш кошты вырасьлі ў Менску. Гадавы прагноз інфляцыі быў 7,5-8,5%, але ўжо за першыя месяцы ён склаў 36,2%.

У чэрвені Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў праводзіў апытаньне, якое паказала абвал даверу да ўлады ў насельніцтва, рэзкае пагаршэньне дабрабыту беларусаў. Калі ў сакавіку гэтага года 26% рэспандэнтаў сказалі, што іх матэрыяльнае становішча за апошнія тры месяцы пагоршылася, у чэрвені гэтая лічба вырасла ў разы --  73,4% апытаных заявілі аб сваім зьбядненьні.

Марыя Кароль