• Запрашаем у Польшчу: Халупы
  • 15.07.2011

А сёньня, паважаныя радыёслухачы, працягваем нушую летнюю вандроўку па Польшчы. І накіроўваемся ў Халупы. Гэтак называецца частка балтыйскага курортнага гарадка Ўладзіславова, разьмешчанага каля Гданьска. Нейкі час таму пра Ўладзіславова мы апавядалі, а вось сёньня – толькі пра Халупы. Дарэчы, даслоўны пераклад назвы з польскай на беларускую мову: “халупы” – гэта “хаты”. Халупы – былая рыбацкая вёска, якая з часам стала даволі папулярным месцам летняга адпачынку сярод палякаў. Каля Халупаў знаходзіцца вядомы ў краіне нудысцкі пляж, пра які ўзгадваецца ў вядомай польскай песьні “Chałupy welcome to”. Каля Халупаў плыткія воды Пуцкага заліву аблюбавалі аматары віндсэрфінгу.   

Упершыню ў гістарычных крыніцах Халупы ўзгадваюцца ў 1635 годзе. Тады польскі кароль Уладзіслаў IV заснаваў тут горад. З 1920-х гадоў вёска, у якой пражывала каля 230 рыбакоў разам зь сем’ямі, стала пераўтварацца ў папулярны й модны курорт. Прычым Халупы як месца летняга адпачынку разьвіваюцца й па сёньняшні дзень, напрыклад, у 1997 годзе тут пабудаваная марская прыстань.

А вось цікавая легенда, зьвязаная з Халупамі... Тут у 1836 годзе быў зьдзейсьнены апошні ў Польшчы гэтак званы “суд божы”. Вядома, што ў тыя часы народ пераважна быў цёмны ды зацюканы. Дык вось, удава Крыстына Цэйнова была абвінавачана ў вядзьмарстве. Мясцовыя жыхары сьцьвярджалі, што яна ніколі ня ходзіць у касьцёл, а на комін яе хаты сядаюць вароны. Жыхары Халупаў вырашылі зьдзейсьніць “суд божы” й падвергнулі бедную жанчыну гэтак званай “спробе вады”. Гэта азначае, што жанчыну пачалі тапіць... Калі б яна пачала тануць, значыць, што была невінаватая, а калі б ня ішла на дно – то была вінаватая. А ў тыя часы кабеты насілі шырокія сукенкі, а пад імі – некалькі кашуляў. Паміж адзеньнем было паветра, якое – па прынцыпу пампаванага кола – утрымлівала бедную кабету на паверхні. Дык вось, Крыстына Цэйнова не пайшла на дно й, паводле меркаваньня мясцовых жыхароў, была вядзьмаркай. У выніку жанчына захлынулася марской вадой. А пазьней быў суд над удзельнікамі забойства жанчыны, завадатара пакаралі пажыцьцёвым турэмным зьняволеньнем. Дарэчы, гісторыю Крыстыны Цэйновы апісаў у адным з разьдзелаў рамана “Вецер з мора” вядомы польскі пісьменьнік Стэфан Жэромскі.

Але, нягледзячы на такую жудасную гісторыю, цяпер у Халупах ніхто нікога ня топіць, а гаспадары пансіянатаў, дамоў адпачынку ды рэстаранаў сустракаюць адпачываючых з радасьцю. Так што жанчынам у Халупах нішто не пагражае, хіба што сонечныя апёкі ў выпадку інтэнсыўных сонечных ваннаў. Такім чынам, запрашаем вас у балтыйскія Халупы. 

вс