• Багацьце веры- агляд рэлігійных вестак
  • Audio4.01 MB
  • 17.07.2011

Папа Рымскі прызначыў новага апостальскага нунцыя ў Беларусі

Папа Рымскі Бэнедыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці апостальскім нунцыем у Беларусі. Раней гэты іерарх займаў пасаду апостальскага нунцыя Грузіі, Армэніі й Азэрбайджану. Гэтая пасада дыпламатычная. Нунцый - дыпламатычны прадстаўнік Пантыфіка ў краіне, зь якой у Ватыкана ёсьць дыпламатычныя адносіны. Да Гуджэроці ў Беларусі дыппрадстаўніком Ватыкана быў арцыбіскуп Марцін Відавіч - харват па паходжаньні.

Цяперашні ватыканскі прадстаўнік - арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці - нарадзіўся 7 кастрычніка 1955 года ў італьянскай Вэроне. Быў пасьвечаны ў сан ў траўні 1982 года. Гуджэроці скончыў факультэт ўсходніх моў пры Венэцыянскім дзяржуніверсітэце, а таксама атрымаў ступень магістра навукі сьвятой літургіі пры Папскім літургічным інстытуце сьвятога Анзэльма ў Рыме. У 1985 годзе ён паступіў на служэньне ў Апостальскую сталіцу ў Кангрэгацыю па справах усходніх цэркваў.

nn.by


Сьвята Іконы Маці Божай Турковіцкай

У жаночым праваслаўным манастыры Апекі Божай Маці ў Турковіцах на Любліншчыне ў чацьвер і пятніцу адбыліся ўрачыстасьці ўшанаваньня Іконы Маці Божай Турковіцкай. Гэта адна з найбольш шанаваных цудоўных іконаў на Падляшшы й ваколіцах Люблінскага ваяводзтва. Традыцыйна на ўрачыстасьці зьехаліся праваслаўныя вернікі з усёй Польшчы.

Вырушыла XXXІ міжнародным паломніцтва ў Вострую Браму

1000 паломнікаў з Польшчы вырушылі зь Сувалак ў Вострую Браму ў XXXІ пешым міжнародным паломніцтве. Цягам 9 дзён паломнікі пройдуць 270 кілямэтраў. Пасьля перасячэньня мяжы да іх далучыцца група вернікаў зь Летувы.
Традыцыйна паломнікі наведаюць на сваім шляху ўсе храмы. У Вострую Браму паломніцтва прыдзе 24 ліпэня.

ІХ Музычная майстэрня ў Івянцы чакае таленавітую моладзь

1 жніўня ў Івянцы распачнецца ІХ Музычная майстэрня. Да ўдзелу запрашаюцца касцёльныя гурты й хоры, кантары й моладзь, зацікаўленая ў касьцёльнай музыцы. Мэта «Майстэрні» — ня толькі вучыцца сьпевам, але й атрымаць досьвед супольнага сьпеву й праслаўлення Бога, каб такім чынам ажыўляць і ўзбагачаць жыцьцё сваёй парафіі. Завяршэньнем «Майстэрні» стане Малітоўная сустрэча моладзі 5–7 жніўня.
Ініцыятыва правядзеньня «Майстэрні» належыць польскім цэнтрам рэлігійнай музыкі, якія такім чынам жадаюць падзяліцца сваім памкненьнем праслаўляць Бога празь сьпеў і літургію, а таксама заахвоціць да больш глыбокага яе перажываньня. Сьпевы выконваюцца на беларускай і часткова на польскай мове.

Арганізатары забясьпечваюць харчаваньне. Да ўдзелу ў «Музычнай Майстэрні» й Малітоўнай сустрэчы моладзі запрашаецца моладзь з усіх дыяцэзій Беларусі. Удзельнікі будуць разьмешчаны пры францішканскім кляштары, у Доме палякаў і на кватэрах у парафіянаў. З сабою неабходна мець: карымат, спальны мяшок, палатку (пажадана), сьпеўнікі, нататнікі й музычныя інструменты.

Увага: «Майстэрня» — гэта напружаная праца і навучаньне, таму запрашэньне  скіраванае ў першую чаргу да людзей, якія сапраўды зацікаўлены ў касцёльнай музыцы, і якім ня менш 16 гадоў. Пажадана, каб ужо быў вопыт супольнага сьпеву ў хоры, гурце або іншым музычным калектыве.

catholic.by


Падрыхтавала Караліна Русіновіч