• У Мсьціславе адбываецца IV Рыцарскі фэст
  • 16.07.2011

Сёньня ў Мсьціславе ў Магілёўскай вобласьці распачаўся IV Рыцарскі фэст. Імпрэза стартавала шэсьцем ад Замкавай гары, паведамляе БелТА. Каля 500 рыцараў на чале зь гістарычнымі пэрсанажамі князем Расьціславам і княгіняй Анастасіяй рушылі на цэнтральную плошчу горада.

На галоўным пляцы Мсьціслава адбылося ўрачыстае адкрыцьцё фэсту й прадстаўленьне рыцарскіх клюбаў. Затым госьці фэстывалю змаглі паслухаць канцэрт старадаўняй музыкі гурту "Стары Ольса".

Яскравым відовішчам павінны стаць групавыя турніры "Да апошняга на нагах", "Штурм маста", "Захоп караля", "Штурм цытадэлі", сярэднявечныя танцы, фаер-шоў вогненнага цырка "Крэсіва".

Упершыню на мерапрыемстве адбудзецца конны турнір і запуск нябесных ліхтарыкаў. У праграме таксама майстар-клясы па танцах і сярэднявечнай музыцы гуртоў "Яварына" і "Фламея", праца горада майстроў, экскурсіі па гістарычных месцах Мсьціслаўшчыны, дзіцячыя праграмы й сярэднявечная кухня.

дг