Сардэчныя прывітаньні ўсім прыхільнікам Польскага радыё для замежжа!
Я шчыра ўдзячны за шматлікія лісты. Штодня пошта дастаўляе карэспандэнцыю на віцебскую абанэнцкую скрынку. Зрэдчас нешта трапляе і на электронны адрас dopis@tut.by.
Напрыклад, нядаўна сюды напісаў берасьцеец Алег Панько. Мэйл тычыцца апошняй “Рэдакцыйнай пошты”. Ён зьяўляецца рэакцыяй на маю просьбу да слухачоў апэратыўна інфармаваць аб атрыманьні ці неатрыманьні конкурсных прызоў. Спадар Панько піша: “Нядрэнная iдэя – пачакаць паўгады з мoманту рассылак падарункаў. А потым пасьля таго, як пошта будзе ня ў стане праверыць, цi дашла бандэроль цi не, заявіць, што не атрымлiваў нiчога!!!”
Тут нельга не пракамэнтаваць. Я нікога ні ў чым не абвінавачваў. Проста праінфармаваў, што ў “Белпошты” існуе часавае абмежаваньне на прыём прэтэнзій ад кліентаў. Трэба пасьпяваць рэагаваць у час, каб потым дамагчыся справядлівасьці, калі сапраўды паштавікі вінаватыя.
Між іншым, для радыё заўсёды важна зваротная сувязь са слухачамі. Лісты, нават крытычныя, надзвычай патрэбныя для ацэнкі ня толькі ўласна журналісцкай працы ці якасьці прыёму, але й іншых напрамкаў дзейнасьці: конкурсаў, web-старонкі, перапіскі. Так што запрашаю часьцей адгукацца на гэтыя тэмы.
Алег Панько дадаў пра свае праблемы з прызамі: “Дарэчы, на самой справе я нiчога не атрымаў за апошнi тур у ваенна-гiстарычнай вiктарыне ў канцы восенi 2009 года!!! Мяне чамусьцi нават не было сярод прыслаўшых адказы. А вось e-mail адпраўляў”.
Тлумачу. Вы пішыце: “…e-mail адпраўляў”. Я так разумею, на ваенна-гiстарычны конкурс. Куды ж электронны ліст заляцеў? У Варшаву. А які конкурсны адрас называўся, прыгадваеце? Віцебскі, паштовы. Гэта абанэнцкая скрынка № 45. І нездарма, бо ў Польшчы ніхто конкурсам і ягонымі вынікамі не займаўся. Таму на ваш ліст маглі не зьвярнуць належнай увагі і мне не пераслаць. Між іншым, пры падвядзеньні вынікаў 12 верасьня 2009 года я не называў тых, хто прыслаў лісты, але памыліўся ў адказах. Такіх людзей было даволі многа. Увогуле тры этапы ваенна-гістарычнай віктарыны выклікалі вялікую слухацкую цікавасьць.
Зараз “Пара слоў для DX-ісістаў”. Зусім караценька пра Ватыканскае радыё і крыху больш пра “Голас Карэі”.
Завяршаючы гаворку пра справу вакол Санта-Марыя-дэ-Галерыі, хачу сказаць, што жыхары суседніх тэрыторый выступаюць ня толькі супраць перадатчыкаў папскага радыё. Ім замінае і радыёлякацыйная станцыя італьянскага ваенна-марскога флёту. Пакуль праблема канчаткова ня вырашана. Судовыя працэсы ў Італіі могуць цягнуцца гадамі. Пры нагодзе буду паведамляць вам пра разьвіцьцё сытуацыі.
Камітэт па радыё і тэлебачаньні КНДР прыслаў паведамленьне пра тое, што станцыя “Голас Карэі” адчыніла web-старонку. Яе адрас: www.vok.rep.kp. Паўтараю: www.vok.rep.kp.
Як ведама, “Голас Карэі” – прапагандысцкая станцыя, якая вяшчае на 9 мовах: ангельскай, арабскай, іспанскай, карэйскай, кітайскай, нямецкай, расейскай, французскай і японскай. Кожная з моўных сэкцый займела свой разьдзел на новым сайце. Расейская старонка абяцае быць цікавай для прыхільнікаў камуністычнага ладу ці для тых, хто проста цікавіцца жыцьцём самай закрытай краіны сьвету. Праўда, ня ўсе рубрыкі сайта спрацоўваюць. Пачакаем сьветлай будучыні, калі ўсе матэрыялы можна будзе пачытаць і паслухаць.
А пакуль запрашаю прымаць гадзінныя выпускі пхеньянскага вяшчаньня, накіраваныя на Эўропу. Яны трансьлююцца а 7.00 і 8.00 UTC на частотах 13760 і 15245 кілягерц. А 14-ай, 15-ай ды 17-ай гадзінах UTC ідуць перадачы на 9325 і 12015 кГц.
Паважаныя сябры!
Шчыра запрашаю вас выказвацца па тэме вяшчаньня праз тэлекамунікацыйныя спадарожнікі. Калі ласка, адкажыце на пытаньні: Як вы ставіцеся да гэтага сродку сувязі? Ці ёсьць у вас доступ да сатэлітарнай антэны? Ці слухалі вы калі-небудзь наша вяшчаньне па спадарожніку? Ці плянуеце вы ў будучым прымаць радыё праз “талерку”?
Віцяблянін Аляксандар Мазго, які актыўна слухае розныя перадачы праз спадарожнік, не забывае маніторыць наш эфір. Дзеля гэтага DX-іст прыняў частку нашых гадзінных выпускаў. 2 ліпеня ён праслухаў на частаце 11955 кілягерц кавалак трансьляцыі з 14.00 да 14.30 UTC. Прыём вёўся з дапамогай пяцімэтровай антэны. Аднак якасьць не была ідэальнай. Паводле SINPO, яна выглядала так: 44544. 7 ліпеня прыём вёўся на той жа частаце з 13.55 да 14.27. Чутнасьць была яшчэ горш: 33543. Відаць, выявіць праблемы дапамагла дзесяцімэтровая антэна, далучаная да бытавога прыёмніка “Degen 1103”. Радыёаматар напісаў, што “а 14.04 ўключыўся перадатчык з тэст-тонам 1000 герц”. Апроч таго, на частаце прысутнічала іншая слабая станцыя, якая часам стварала значныя перашкоды.
На будучым тыдні больш падрабязна пагаворым пра чутнасьць. Я разгледжу рапарты віцябляніна Андрэя Гуркоўскага, магіляўчанкі Яўгеніі Цюркінай і лідчанкі Дануты Крупіцы.
Дарагія слухачы! Зь нецярпеньнем чакаю ад вас інфармацыю аб чутнасьці нашых праграм. Нагадваю, што рапарты аб прыёме можна прысылаць да нас у рэдакцыю ў электронным выглядзе на радыйны e-mail. Рапарты таксама можна складаць на нашым сайте ў раздзеле пад ангельскамоўнай назвай “eQSL”. У адказ прыйдзе электроннае пацьверджаньне. Справаздачы аб прыёме можна адпраўляць праз традыцыйную пошту на варшаўскі і віцебскі адрасы нашай станцыі. У адказ прыйдзе QSL па звычайнай пошце.
Паважаныя сябры! Калі ласка, прысылайце справаздачы аб чутнасьці, водгукі пра радыйны сайт, запоўненыя анкеты, заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў” ды лісты на самыя розныя тэмы на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Свае допісы вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Дадатковы электронны адрас: dopis@tut.by.
Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас вэб-старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.
Ю. С.