Шмат абмеркаваньняў у апошнія гады вядзецца па праблеме разьвіцьця беларускага турызму. Але ці варта капіяваць нейкія замежныя шляхі? Што насамрэч патрэбна турысту-іншаземцу?
Меркаваньне на гэты конт нашаму карэспандэнту выказаў Анатоль Нефідовіч, уладальнік аграсядзібы “Прыпяцкі плёс”, што ў Лунінецкім раёне Берасьцейскай вобласьці.
Да спадара Анатоля прыяжджаюць госьці з розных частак Эўропы – з Брытанскіх выспаў, Вэнгрыі, Польшчы. Апошія кліенты зьяўляюцца самымі актыўнымі. І ў асноўным гэта арнітолягі – людзі, што цікавяцца разнастайнымі птушкамі.
Анатоль Нефідовіч: У гэтым годзе палякаў было чатыры групы. Большасьць зь іх выйшлі на мяне праз “Ахову птушак Бацькаўшчыны”. Яны папярэдне паведамлялі, што іх цікавіць. Напрыклад, адных цікавіла „tokowisko”, і больш нічога. Я аб’езьдзіў шмат мясьцінаў, знайшоў ток цецеравіны, напісаў што ён ёсьць. Пасьля гэтага яны прыехалі, пабачылі гэты ток і зьехалі вельмі шчасьлівыя. Адная з груп пакінула тут кніжку 1938-га года “Сьлядамі лося”. Гэта польскі падарожнік, дзе апавядалася пра тутэйшыя мясьціны. Гасьцям было цікава праехаць па гэтых мясьцінах.
Агульнавядома, што тыя ж палякі найчасьцей прыязджаюць паглядзець касьцёлы й замкі, што месьцяцца на былых тэрыторыях Рэчы Паспалітай. Гэта Нясьвіж, Крэва, Мір, Ліда, Наваградак і інш. Але настальгічным турызмам усё не абмяжоўваецца. Усё большыя абароты набірае экатурызм, які й прапануе Анатоль Нефідовіч. Прапаноўваюцца пешыя маршруты й водныя сплавы па Прыпяці й Случы.
Анатоль Нефідовіч: Замежныя госьці, якія да мяне прыяжджаюць, цікавяцца птушкамі. Калі б не было птушак, яны б не прыяжджалі. Усе ведаюць “Нашу Рашу”, але ня ўсе ведаюць нашай ракшы. Случ цікавая тым, што тут жывуць ракшавыя птушкі. Ракша – гэта сіваграк, зімародак, шчурка-пчалаедка й удод. Такіх месцаў няшмат у Беларусі. У асноўным гэта пойменныя дубравы. Птушкі ракшавыя, якія жывуць у дубравах, тут амаль усе сустракаюцца. Яны рэдкія ў Эўропе й рэдкія ў Беларусі.
Насамрэч хапае на беларускім Палесьсі ўнікальных мясьцінаў, якія прыцягваюць і прафэсійных фатографаў з той жа Польшчы.
Анатоль Нефідовіч: Фатографы да нас прыяжджаюць. Нядаўна быў старшыня Саюзу фатографаў Польшчы, з калегам. Прыехалі з сур’ёзным абсталяваньнем. Яны фатаграфавалі людзей, вёску, плот, стог… Працавалі чатыры дні, з чатырох да васьмі раніцы. Далей хавалі фотаапараты…
Аграсядзіба “Прыпяцкі плёс”, якую сваімі намаганьнямі абсталёўвалі Анатоль і Ірына Нефідовічы, не адрозьніваецца нейкім неверагодным еўрашыкам. На думку Ірыны Нефідовіч, рознага кшталту эўрасядзібаў стае і ў Польшчы. А госьці “Прыпяцкага плёсу” едуць у Беларусь па іншае. Таму адсутнасьць залішяй раскошы нікога з гасьцей пакуль не зьбянтэжыла. Ды й усё неабходнае (гарачая вада, лазьня, комін, месцы для начлегу) у сядзібе маецца. А кошты – надзвычай лібэральныя нават для беларуса.
Ірына Нефідовіч: Усё арганізоўвалі на зарплаты нашых беларускіх настаўнікаў. Дапамагло тое, што ня трэба сплочваць вялікіх падаткаў. Асаблівага дастатку пакуль няма, раскошы пакуль яшчэ не адчуваем. Але ж гэта пэрспэктыўна. Сфэра абслугоўваньня разьвіваецца ва ўсім сьвеце, трэба рушыць у гэтым накірунку.
Хапае на Берасьцейшчыне і тых маршрутаў, якія зацікавяць і гараджан-беларусаў. Напрыклад, Анатоль Нефідовіч сплаўляе групы турыстаў на байдарках па рацэ Случ. Размахваючы вёсламі, можна ня толькі актыўна адпачываць, але й любавацца ўнікальнымі пойменнымі дубравамі.
Анатоль Нефідовіч: Яшчэ адзін плюс Случы. Гэтыя дубы зь вялікім цягам часу робяцца каштоўнымі. Вы чулі пра такі мароны дуб? Дубы, якія тут сотні гадоў ляжаць, гэта таксама скарб нашай Беларусі.
Разьвіваючы турызм у Беларусі, функцыянэры павінны ўлічваць, што далёка ня ўсе турысты прагнуць ляжаць на пляжы даверху пузам ці гойсаць па папулярных замках. Аказваецца, многіх цікавіць экалягічны турызм – беларуская прырода: расьліны, жывёлы, птушкі… І па ўсім відаць, што ахвотных прыехаць у Беларусь з такімі мэтамі нямала, прынамсі сярод польскіх турыстаў.
Аляксандр Парошын, Берасьцейская вобласьць