У Іркуцку ўжо пятнаццаць год дзейнічае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.
Яно лічыцца вельмі моцным культурным і грамадзкім аб’яднаньнем беларусаў замежжа. Кіруе таварыствам ураджэнец Полаччыны Алег Рудакоў. Ён скончыў ваеннае вучылішча, а пасьля арміі – гістфак Іркуцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1996-м стварыў і ўзначальвае дагэтуль “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага”. Яно – буйнейшае сярод сарака нацыянальна-культурных утварэньняў у рэгіёне і адно зь лепшых у Расеі сярод беларускіх.
Спадар Алег дзеліцца сваімі меркаваньнямі наконт таго, як зьмяняецца стаўленьне да нацыянальнага ў беларускай дзяржаве.
Алег Рудакоў: Я заўжды, хоць знаходжуся за шэсьць тысяч кіламэтраў ад Беларусі, за падзеямі тут назіраю збоку. Раней дык увогуле моцна перажываў. Бо раней, на мой погляд, тут не адбывалася сапраўднага адраджэньня беларускай культуры. Я пятнаццаць год кірую Іркуцкім таварыствам беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Для нас галоўная мэта – адраджэньне, разьвіцьцё й захаваньне беларускай традыцыі, мовы, культуры. І калі мы там у Іркуцку гэта робім на аматарскіх пачатках, то нам падаецца, што ў самой Беларусі гэта мусіць рабіцца на дзяржаўным узроўні. На жаль, мінулыя гады я заўважаў, што да беларускай мовы й традыцыі адносіліся абыякава. Апошнія гады, мне падаецца, трохі зрухі ёсьць. Нават тое, што цяпер пры Міністэрстве культуры створаны кансультацыйны савет па беларускай дыяспары, гаворыць аб тым, што пайшло нейкае разуменьне, што трэба ўзаемадзейнічаць зь беларусамі, якія жывуць за мяжой.
Але і ў нашчадкаў беларусаў, якіх выселілі ў часы сталыпінскіх рэформаў у Сібір, цяпер здараюцца расчараваньні падчас наведваньня гістарычнай радзімы.
Алег Рудакоў: Нашыя дзяўчаты вучаць беларускую мову, між сабой мы гаворым па-беларуску. І яны так рыхтаваліся, чыталі слоўнікі, у мяне пыталіся як тое ці іншае слова па-беларуску. Так хваляваліся, бо хацелі прыехаць сюды й адчуць, што знаходзяцца ў дзяржаве сваіх продкаў. Але прыехалі сюды й было трохі расчараваньне. Але іншым разам яны былі як замежнікі: у краме ці дзе нешта пытаюцца па-беларуску, а ім адказваюць “скажите по-нормальному, по-русски”. Гэта ж таксама дзяржаўная палітыка. Усё ж мы адчуваем, што іншым разам тутэйшыя людзі, не скажу што варожа ставяцца, але ёсьць напружаныя адносіны да той жа беларускай мовы.
Алег Рудакоў хацеў бы, каб зьмяніліся адносіны беларускай дзяржавы да дыяспары, і ставіць у прыклад нашых суседак – Польшчу й Летуву.
Алег Рудакоў: Я гляджу як да сваёй дыяспары адносяцца Польшча, Летува ў Іркуцку. Беларусаў, паводле перапісу, пяцьдзесят тысяч. Палякаў – тры тысячы, літоўцаў – усяго паўтары. Але там ёсьць консульствы Польшчы й Летувы, ёсьць дзяржаўная палітыка падтрымкі, фінансавая падтрымка на правядзеньне сваіх мерапрыемстваў. Вось гэта дзяржаўная палітыка. У нас такога няма.
Ужо ня першы год абмяркоўваецца прыняцьцё закону аб беларусах замежжа. Пытаюся ў кіраўніка Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага а што яму прынёс бы гэты закон.
Алег Рудакоў: Як закон ён мне не патрэбны. Пра яго доўга ідзе размова. Ёсьць прыклад – тая ж Польшча. Яны зрабілі Карту паляка. І вось, каб было нешта падобнае – Карта беларуса, нейкае пасьведчаньне. Карта паляка таксама ж усім не даецца, а тым хто вядзе актыўнае жыцьцё, ходзіць у польскія суполкі. Мы вядзем актыўную працу, але ўсё на аматарскіх пачатках, ніякіх стымулаў апроч гэтага няма, усё трымаецца на энтузіязьме, на апантанасьці. Трэба, каб гэты закон меў канкрэтныя пункты, якія б падкрэсьлівалі ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, каб мы адчувалі, што Беларусь пра нас ведае й ставіцца да нас паважліва.
А вось і рэцэпт пасьпяховай дзейнасьці грамадзкага культурнага аб’яднаньня.
Алег Рудакоў: Два месяцы таму сустрэўся са старшынёй украінскага цэнтру культуры. І ён мне гаворыць: “Слухай, Алег, чаму ў цябе так шмат моладзі, а ў мяне адны бабкі ды дзедкі прыходзяць?”. А на самай справе ўсё вельмі проста. Яны раз на год ладзяць “Шаўчэнкаўскія чытаньні”. Чытаюць творы Шаўчэнкі, далей стол накрываюць, Украіну паўспамінаюць, нехта “Дніпр шырокі” прасьпявае. І ўсё. Дык гэта нецікава моладзі. Мы ладзім тыя ж нашыя традыцыйныя сьвяты – Купальле, гуканьне вясны. Мы робім нейкую праграму. Гэта ня проста пасядзець каля вогнішча. У нас ёсьць карагоды гульні, ёсьць сэкцыя па вывучэньні народных танцаў. Ад самага пачатку я думаў: мы стварылі Іркуцкае таварыства беларускай культуры, але ўсе людзі розныя, з рознымі інтарэсамі, як іх аб’яднаць?
Агулам у Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага каля 20-ці кірункаў працы. Гэта й правядзеньне абрадавых сьвятаў, і праца літаратурна-гістарычнага клюба “Спадчына”, дзе вывучаюць гісторыю Беларусі, адраджэньне беларускіх рамёстваў, сэкцыя па вывучэньню беларускіх бытавых танцаў і шмат іншага.
Трэба прызнаць, што імпэт спадара Алега напраўду вялікі, і сваёй энэргетыкай ён проста гуртуе людзей вакол сябе.
Алег Рудакоў: Народ які пачынае зьнікаць, у ім мусяць зьявіцца пасіянарныя людзі, які ахвяруюць сваім жыцьцём, сваімі грашыма, сваімі асабістымі справамі, дзеля таго, каб народ наш паўстаў. ... Чалавек, калі ня ведае сваёй гісторыі, то ён сарамлівы. Наша гісторыя вельмі гераічная. Нашы продкі ўсё ж захавалі для нас, перадалі нам культуру, традыцыю. Цяпер нашая чарга, што мы зробім – ці згубім, ці захаваем і перададзім далей гэта.
Размаўляем пра адметнасьці Беларусі, пытаюся, ці едуць з Іркуцку нашчадкі беларусаў да сябе на гістарычную Радзіму.
Алег Рудакоў: Людзі нейкія больш прыязныя адзін да аднаго. А з эканамічнага погляду, што ў Іркуцку, што ў Беларусі жыць аднолькава. І там і тут ёсьць свае цяжкасьці. Але ня толькі людзі сталага ўзросту, але й маладыя пераехалі, паступілі тут ва ўнівэрсытэты, скончылі іх і засталіся.
Алег Рудакоў падкрэсьлівае: “Мы лічым сябе пасьпяховай грамадзкай супольнасьцю, якая ганарыцца сваім паходжаньнем, сваёй гісторыяй, сваёй культурай, сваёй мовай”. І хацеў бы, каб такіх адданых беларускай справе людзей было як мага больш.
Марыя Кароль