• Выйшла супольная кніга Барадуліна і Яна Паўла ІІ
  • Audio6.29 MB
  • 17.07.2011

Там зьмешчаныя пераклады вершаў Пантыфіка і прысвечаныя яму вершы нашага Народнага паэта

Вяльмуе Бог…

Бог пасылае верных,
Каб яны
Пераканалі душы ласкай шчырай.
Мальбы недатыкальныя званы
Дабраслаўляюць шлях у вечны вырай.


Бог давярае мужным
Весьці люд
У непарушную гасподу веры.
Кут у гасподзе вольны для пакут,
Засланы стол для Тайнае Вячэры.

Бог выбірае мудрых,
Каб вякам
Было зь кім памаўчаць
І ўзважыць скруху.
І па жарсьцьве прыступна ступакам
Ступаць за далягляд,
Дзе сьветла духу.


Пасланьнікі нябесныя,
Ад іх
Вядзе адлік бясконцасьць маладая.
Вяльмуе Бог абраньнікаў сваіх.
Бязь іх
На сэрцы сьвету халадае…

Полацкія вуніяты выдалі кнігу пад назваю “Вяльмуе Бог абраньнікаў сваіх”, назовам якой стаў радок з гэтага верша народнага паэта. У кнігу ўвайшлі прысьвячэньні Барадуліна Папу Рымскаму, пераклад “Рымскага трыпціха” Яна Паўла ІІ, а таксама “Рымскі дыпціх” – твор, які Барадулін напісаў пасьля сустрэчы з Пантыфікам. Гутарым з Рыгорам Барадуліным пра гэтую кнігу.

Дзядзька Рыгор, вось гавораць, што перакладчык уступае ў суаўтарства з аўтарам. Як Вам, ці лёгка было ўступіць у суаўтарства з Янам Паўлам ІІ?

Рыгор Барадулін: Было цяжкавата… Разумееце, гэта духоўная паэзія. Калі б звычайная была, дык можна было б і выкрунтасы сабе дазволіць, каб прыгажэй зрабіць. А тут задача дужа адказная: трэба не толькі захоўваць блізкасьць з арыгіналам, але яшчэ й духоўнае. Напрыклад, калі я перакладаў “Песьню песьняў”, я быў вольным, я стараўся, каб гэта было па-беларуску добра, каб было прыгожа, пранікнёна. А тут такія рамкі, выконваць якія з аднаго боку было цяжка, а зь іншага лёгка, бо душа ляжала да гэтага.

Нябёсы пасылаюць на зямлю
Пачутых Усявышнім.
Каб сагрэлі
Аблудных душ
Азяблую ральлю.
 
Каб словы вешчай кнігі не старэлі,
Абраўшы горкі шлях зямны
Яны
Змагацца зь цемрай,
Памагаюць зорам,
Ахвярнасьці бяссоныя званы
Шчырэюць разбудзіць у здрайцаў сорам.
 
Жыцьцё спакусы сыпле як з каўша.
І непахіснай вераю сьвятая,
Узяўшы боль і страх людзей,
Душа з анёламі ў нябёсы адлятае.

Гэтак напісаў на бэатыфікацыю Папы Рымскага Яна Паўла ІІ Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

З часу, калі Вы сустракаліся з Папам Рымскім, прайшло ўжо шмат гадоў. Ці памятаеце Вы ў дэталях тую сустрэчу?


Рыгор Барадулін: Гэта было як сон… Справа ў тым, што я пераклаў трыпціх Яна Паўла ІІ, і мы ехалі, каб яму ўручыць. Не чакалі, што ён нас прыме, мы думалі, што проста перадамо. Але нам сказалі: Папа вас чакае. Самае цікавае, што Папа Рымскі загаварыў на выдатнай беларускай мове! Сустрэча была кароткаю, але тое, што ён мяне дабраславіў, тое, што ён гаварыў са мною па-беларуску – гэтага я не мог забыць.


«У ім жывем, рухаемся й ёсьць мы» —
кажа Павал на афінскім Арэапагу —
Дапытлівасьць прагнаць смагу прагне:
Хто Ён?
Як бы нявыказаная прастора, якая ўсё ахінае —
Ён Творца.
Ахінае беэ перашкоды ўсё закліканае да існаваньня зь нябыту
ня толькі на пачатку, але заўсёды.
Усё трывае, растаючы без перастаньня —
«Напачатку Слова было і ўсё праз Яго сталася»
Таямніца пачатку нанова нараджаецца разам са Словам,
выкунежваецда са Слова,
Слова — спрадвечны зрок і спрадвечны вырак.
Гэты, які ствараў, варушачы тло, бачыў-бачыў, «што добра было»,
бачыў зрокам нашчым, адрозным ад нашага,
Ён — Першы Відушчы —
Бачыў, адшукваў ва ўсім нейкі сьлед істоты сваёй,
сваёй паўнаты…

Так гучыць па-беларуску ўрывак з “Рымскага трыпціха” Яна Паўла ІІ.

Ад той сустрэчы ў Вас засталіся нейкія падарункі ад Папы Рымскага?\


Рыгор Барадулін: Так, Папа Рымскі падарыў мне ружанец. Я і зараз часта яго бяру ў рукі, малюся, узгадваю тую сустрэчу…

Пасьля паездкі ў Рым і аўдыенцыі ў пантыфіка Рыгор Барадулін напісаў пра гэта свой “Рымскі дыпціх”.

Укленчыць і прыпасьці да рукі,
Якая сьвет мудрэць дабраслаўляе,
Адчуць, як ціха мірацца вякі,
Як у душы зьняможанай сьвітае.
Прыняць ружанец з дарчае рукі –
Замроеныя пацеркі Сусьвету.
 Пачуць сустрэчны голас трапяткі
 Васкрэснуць сьветла ў словах запавету…
Сьцяжынай з-пад ускрыленай рукі
Ісьці, ані зважаючы на стому,
Да маладой нябеснае ракі,
Якая смутак узьнясе на строму…
Бо багавейна нагадалі ксты,
Што недасяжна блізкі Дух Сьвяты.

Гэта быў Ваш самы адказны пераклад? Вы адчувалі, што гэта быццам бы іспыт для Вас?

Рыгор Барадулін: Так, бо я ўсё-ткі прывык да вольнасьці – перакладаць так, як мне падабаецца. А тут я ня мог так – гэта пераклад з польскай мовы, блізкай да беларускай – кожны можа параўнаць. Я заўсёды стараўся перакладаць па-свойму – можа, магло быць і лепш, магло быць і горш, але я перакладаў так. А тут я быў у рамках, не мог разагнацца – даруйце за параўнаньне, як сабака ў торбе.

Рым і Вушачы парадніліся, як парадніліся духоўна два паэты – Ян Павал ІІ і Рыгор Барадулін.

Можа, зь Беларусі гусі шэрыя
Рым уратавалі.
І таму так
На зьмярканні потайна вячэрае
Лустай поўні
Пілігрымскі смутак.
І нашчадкі тых гусей далёкія
Ў вырай рупяцца
Над нашым краем.
Думкі зьвечарэлымі аблокамі
Ўсьлед плывуць.
Анёлы трызьняць раем.
Тут спакоем
Сена сноў растрэсена.
Кнігаўка
Над кнігай лёсу плача.
— Рым! –
Рыпіць расчулена бярэзіна.
Шэпча стрыманы чарот:
— Ву — ша — ча...


Гэты былі радкі з кнігі Рыгора Барадуліна “Вяльмуе Бог абраньнікаў сваіх”, прысьвечанай Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ.


Арцём Багданаў, Менск