Час паказаў, што акцыі маўклівага супраціву й клясканьне ў далоні сталіся даволі эфэктыўнымі, бо давялі ўлады да неадэкватных дзеяньняў, якія можна акрэсьліць як татальны псыхоз. І ня дзіва, людзі ў розных гарадах Беларусі сталі выходзіць на вуліцы й з усьмешкамі на тварах выказваць пратэст супраць правальнай палітыкі пануючага рэжыму, супраць росту коштаў на тавары й паслугі, супраць падману ды хлусьні афіцыйнай прапаганды. Зрэшты, звычайныя грамадзяне, так званы электарат некалі “ўсенароднаабранага”, цяпер на ўласнай скуры пераканаліся па чым фунт ліха ды больш ня вераць у абяцанкі-цацанкі пануючай ўлады. Тым больш сам кіраўнік сінявокай заявіў, што аніякіх зьменаў у дзяржаўным ладзе не прадбачыцца. То бок надалей будзем храснуць у беспрасьветнай багне...
Разьлік уладаў на тое, што гвалтоўнымі затрыманьнямі незалежных журналістаў, маўклівых пратэстантаў ды проста выпадковых зявакаў удасца запалохаць непакорных – марны, бо, як некалі казаў бацька “Перабудовы” Міхаіл Гарбачоў, “працэс пайшоў”. І гэта разумеюць самі міліцыянты, якія выконваюць абсурдныя загады сваіх начальнікаў. У фальшывасьці беларускага правасудзьдзя тых, хто пацярпеў ад рэжыму, пераконваць ня варта. Дзікунскія хапуны, якія зьдзяйсьняюць адмарожаныя найміты ў цывільным з шалёнымі вачыма, дзяжурныя судзьдзі, сьведкі-міліцыянты – спраўны канвеер сучасных рэпрэсій над іншадумцамі. Трафарэт абвінавачваньняў да сьмешнага знаёмы: “Ругаўся матам, размахваў рукамі, кляскаў у далоні!” І, што характэрнае для ўсёй гэтай фатальнай сытуацыі, халуйская сьвядомасьць непасрэдных выканаўцаў рэпрэсій.
Калі мяне пратрымалі шэсьць гадзінаў у раённым аддзяленьні міліцыі безь нейкіх там абвінавачваньняў (паводле закону маюць права трымаць толькі тры гадзіны) і толькі пасьля пачалі афармляць пратакол аб маім нібыта правапарушэньні, дык самім міліцыянтам хіба проста стала сорамна. Бо яшчэ да суду паступіў загад ад начальства нэйтралізаваць мяне з дапамогай арышту. То бок ужо заранёў вырашылі пасадзіць у турму. “Ну, вы ж разумееце, што мы выконваем загад начальства,- казаў мне абсалютна левы ўчастковы інспэктар, які, канешне, мяне не затрымліваў, але па прызначэньні складаў пратакол, - інакш выганяць з працы, а ў мяне дзеці й мне трэба плаціць крэдыт!” Ну, проста лепей не прыдумаеш! Тым сілавікам хіба больш за ўсіх трэба, толькі ў іх крэдыты й дзеці, а на астатніх (ахвяраў і закладнікаў сытуацыі напляваць)! І ня важна, што у пратаколе не адпавядаюць час і месца затрыманьня з рэчаісным ды ёсьць іншыя працэсуальныя парушэньні, засудзяць так, як вырашана начальствам.
Тое, што адбываецца ў Беларусі, можна акрэсьліць ці як прававы калапс, а найлепей як “беспредел”, то бок маючыя ўладу, вырабляюць што хочуць, абыходзяцца з людзьмі, як з быдлам, закідаюць у спэцаўтобусы й аўтазакі, як бараноў на захланьне. Найбольш уражвае, канешне, прапагандовая хлусьня й фальсыфікацыі. Калі незалежная журналістка запытала кіраўніка прэсавай службы гарадзенскага УУС “куды вязуць затрыманых?”, ён адказаў, што нічога ня ведае. Дык навошта ж ён прысутнічаў на акцыі? Ясна адно, калі фальсыфікуюцца пратаколы ад адміністрацыйных парушэньнях, дык што тады казаць пра прамінулую прэзыдэнцкую кампанію...
Вацлаў Галімскі, Горадня