• Севастопальскія баі (аўдыё)
  • Audio4.17 MB
  • 18.07.2011

Парк зьявіўся ў сталіцы ў 1954 годзе. Афіцыйны статус гэтага тапаграфічнага пункта -- «ляндшафтна-рэкрэацыйная зона». Тут разьмяшчаюцца восем сьвідравін водазабору «Зеляноўка». Некаторыя зь іх, паводле афіцыйнай інфармацыі, ужо не працуюць, аднак жыхарам прылеглых кварталаў чыноўнікі часам пішуць лісты, у якіх сьцьвярджаецца адваротнае. Захаваньне сьвідравін і ляснога масіву вакол іх – гэта яблык разладу, які ўжо пятнаццаць год не дае спакою ні менчукам, ні чыноўнікам.

У 1996 годзе ў Севастопальскім парку плянавалі пабудаваць рэлігійны цэнтар “Гефсіманія”. Аднак мясцовыя жыхары ўзбунтаваліся з прычыны парушэньня прыродаахоўнага заканадаўства. Потым у 2003 годзе прадухілілі спробу будаўніцтва элітных дамоў з падземнымі гаражамі. У 2007 годзе праз парк хацелі правесьці  трэцяе аўтамабільнае кальцо сталіцы. Жыхары ізноў дамагліся свайго - праект хуткаснай аўтамагістралі быў «замарожаны» да 2020 года. У 2008 улады горада хацелі распачаць рэканструкцыю парка, якая прадугледжвала будаўніцтва тэнісных кортаў, кавярняў і рэстаранаў. Ізноў успыхнула хваля пратэстаў. Барацьба за зялёную зону не спыняецца й дагэтуль.

Валянціна Шалейнікава жыве ў доме побач з паркам і шмат свайго часу аддае на тое, каб не дазволіць будаўніцтва ў паркавай зоне, а таксама захаваць у працоўным стане сьвідравіны пітной вады. Жыхары раёна сваімі сіламі сабралі больш за паўтары тысячы подпісаў за тое, каб Севастопальскі парк пакінулі ў некранутым выглядзе.

Валянціна Шалейнікава: Якасьць вады стала горшай, але нам даюць адказы, што вада адпавядае санітарным нормам. У нас восем сьвідравін у парку, гэта адзінае месца ў Менску, дзе на такой невялікай тэрыторыі знаходзіцца столькі сьвідравін. Самая чыстая вада была. А справа ў тым, што некаму прыглянуўся ласы кавалак зямлі ў горадзе плошчаю 74 гектары. І спробы гэтыя цягнуцца ад 1995 года.

Жыхары Першамайскага раёна, дзе месьціцца парк, дайшлі ажно да Адміністрацыі прэзыдэнта. Да гэтай барацьбы й перапіскі нават далучаліся палітычныя структуры. Так, у 2008 годзе кіраўнік руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч прыяжджаў на сустрэчу з жыхарамі, актывісты руху дапамагалі зьбіраць подпісы.
Цяпер перапіску з чыноўнікамі дапамагае весьці кіраўнік ініцыятывы “Эўрапейскі выбар” Віктар Янчурэвіч. Ён мяркуе, што ўсе звадкі вакол Севастопальскага парку абумоўленыя нечым камэрцыйным інтарэсам.

Віктар Янчурэвіч: Нехта з чыноўнікаў у пэўны момант скажа, маўляў, ведаеце, мы выявілі, што сьвідравіны не працуюць пэўны час. Мы накажам тых, хто давёў іх да такога стану. Але аднавіць іх немэтазгодна, бо ўжо пабудаваны водазабор “Вязынка”, “Волма”. А ў Першамайскім раёне сталіцы чарга на жытло вялікая, ужо цяпер у чарзе стаяць трынаццаць-чатырнаццаць тысяч сямей, таму давайце мы, лепш, парк забудуем.

Цяпер Севастопальскі парк знаходзіцца ў даволі дзікім, запушчаным стане. Ён не разчышчаны, сустракаюцца сьляды п’янак-гулянак – бутэлькі з-пад гарэлкі, плястыкавы посуд. Атрымліваецца, што будаўніцтва ў парку гарадзкія ўлады не вядуць, але й за чысьцінёй, ахайнасьцю зялёнай зоны ня сочаць.
Менчукі, якія змагаюцца за парк і сьвідравіны пітной вады, апэлююць да эканамічных фактараў. Ёсьць дзяржаўная праграма на 2011--2015 гады «Чыстая вада». Яна прадугледжвае  перавод сталіцы на водазабесьпячэньне з падземных крыніцаў. Для гэтага будуць уведзеныя ў працу водазаборы “Вязынка” й “Волма”, збудаваныя новыя й зьмененыя старыя схемы магістральных вадаводаў. Гэты праект абыйдзецца ў 680 млрд. рублёў.

Марыя Кароль