• Халіп ды Севярынец дзеляцца ўражаньнямі ад касацыяў
  • Audio6.17 MB
  • 19.07.2011

Суд адхіліў касацыйныя скаргі цэлага шэрагу палітвязьняў, пакінуўшы прысуды ў сіле. Пад сьценамі суду мы пагутарылі з палітвязьнямі ды іх сваякамі. Гаворыць Ірына Халіп.

Ірына Халіп: Усё адбывалася як звычайна! У нас ужо ёсьць такія добрыя судовыя традыцыі. Гэта нават прыемна, бо ведаеш, што будзе заўтра, адчуваеш сябе ўсемагутным, адчуваеш сябе лёсам чалавечым, бо ўсё дакладна ведаеш: які будзе прысуд, што будзе потым, што скажа судзьдзя, што скажа пракурор. Гэта нават падвышае самаацэнку! Выступы адвакатаў былі бліскучыя. Я хачу асабліва падзякаваць маёй адвакатцы Ганне Бахціной, якая зрабіла выступ ня толькі як адвакат, але проста як грамадзкі дзяяч, як грамадзянка. Я нават пазайздросьціла, бо лічу сябе публіцыстам –але так не сказала б. Мы з Паўлам Севярынцам вельмі караценька паўтарылі свае выступы ў Заводзкім судзе. Урэшце пракурор прачытаў па паперцы, што наша віна даказаная на 100%, і ў тым ліку пацьвярджаецца паказаньнямі сьведкаў Дранчука, Кабанчука й кагосьці яшчэ зь ліку нашых добрых сяброў… Але калі пракурор прамаўляў са сваёй паперкай, у яго моцна дрыжэлі рукі! У перапынку я спытала ў яго, у чым прычына: гэта ад сораму ці пасьля ўчорашняга? Ён не адказаў, і я зрабіла выснову, што пасьля ўчорашняга. І потым быў перапынак, судзьдзі рабілі выгляд, быццам бы яны спрачаюцца, штосьці абмяркоўваюць. Потым яны вярнуліся і, вядома ж, пакінулі прысуд бязь зьменаў.

Маці экс-кандыдата Дзьмітра Вуса спадарыня Сафія вельмі эмацыйна выказалася на адрас Аляксандра Лукашэнкі ды ягонай сям’і.

Сафія Вус: Вось такі ў нас прэзыдэнт, хто ён? Шасьцігадовы Коля прымае парад, Коля едзе ў Італію, у Кітай. За чые сродкі? Сродкі народа, а не ягоныя! Прэзыдэнцкі аркестр, прэзыдэнцкі фонд… Да якой пары гэта будзе? Я інвалід другой групы, 40 гадоў адпрацавала – а мне даюць 700 тысяч!.. Бацька мой ваяваў, вызваляў Асьвенцым… А вось Лукашэнка прыйшоў – і ўнука пасадзіў за тое, што ня так стаў, ня так сказаў… А сын страціў выдавецтва… Такія падаткі плаціў, усё спраўна, будынак збудаваў… Цяпер людзі звольніліся – столькі людзей без працы засталося!.. Мой сын плаціў падаткі – а цяпер Лукашэнка сам інвэстараў шукае…


Сафія Вус прыгадвае, што галоўнае патрабаваньне яе сына было ўнясеньне зьменаў у выбарчае заканадаўства.

Сафія Вус: Сын мой пісаў Лукашэнку два лісты й прасіў зьменаў у выбарчае заканадаўства. Нічога! І за гэта майму сыну 5,5 гадоў!? За тое, што патрабаваў справядлівасьць?! Чаму Лукашэнка правёў выбары раней – меўся ў красавіку, а правёў у сьнежні? Бо рыхтаваўся да абвалу коштаў! Трэба было законна рабіць – тады б паглядзеў, як яго выбралі!..

Павал Севярынец таксама атрымаў адмову на сваю касацыйную скаргу. У хуткім часе ён мусіць адбыць на прымусовыя працы.

Павал, ці хоць на 1% вы верылі ў тое, што судзьдзя нешта іншае вырашыць?


Павал Севярынец: На 1% захоўвалася верагоднасьць, што будзе прынятае палітычнае рашэньне. Бо спадара Вуса пакінулі ў Менску й меркавалася, што ён нават будзе прысутнічаць на касацыі. Магчыма, гэта б азначала нейкі сыгнал для Захаду. Але, здаецца, нават і сыгналаў вырашылі не рабіць. Беззаконьне працягваецца – пакінулі ў сіле тыя рашэньні, якія былі прынятыя раней.

Як вы лічыце, наколькі судзьдзя, якая гэта агалошвае, мусіць несьці за гэта адказнасьць?


Павал Севярынец: Як частка сыстэмы, яна нясе адказнасьць. Я разумею, што рашэньні прымае не яна, а вышэй, але па законе менавіта судзьдзя выносіць рашэньне, таму адказнасьць захоўваецца.


Вашая касацыя была адхіленая. Калі вас мусяць адправіць адбываць пакараньне?

Павал Севярынец: Гэта можа скласьці ад трох дзён да некалькіх тыдняў. Мінулы раз чакаў некалькі тыдняў, але цяпер, думаю, гэта хутка будзе.
Якім чынам рыхтуецеся да гэтага?

Павал Севярынец: Зьбіраю рэчы, кнігі, раблю справы… сяджу на чамадане…


Вам не казалі, дзе будзеце адбываць пакараньне?


Павал Севярынец: Не. Хутчэй за ўсё гэта будзе Віцебская вобласьць…

Кім хацелася б там працаваць?

Павал Севярынец: Па спэцыяльнасьці – пісьменьнікам. Але разумею, што так ня будзе. Раней працаваў сучкарубам. Можа, і цяпер з дрэвам накіруюць працаваць…


Арцём Багданаў, Менск