• Дзень народзінаў Зьміцер Дашкевіч правядзе ў карцары
  • 20.07.2011

Сёньня старшыню “Маладога Фронту” Зьмітру Дашкевічу спаўняецца 30 год. Нявеста палітвязьня, якая й сама зьяўляецца палітвязьнем,  Наста Палажанка вырашыла наведаць горацкую калёнію, каб асабіста паспрабаваць павіншаваць будучага мужа зь юбілеем.

Насту Палажанку прыняў начальнік калёніі сп. Кавалёў, які адмовіў ёй у спатканьні з Дашкевічам, патлумачыўшы, што гэтая сустрэча можа “нашкодзіць палітвязьню”. Хоць менавіта начальнік меў права дазволіць такую сустрэчу. Якім чынам спатканьне маладых людзей нашкодзіць Дашкевічу – начальнік калёніі не патлумачыў. Больш за тое, сп. Кавалёў літаральна давёў дзяўчыну да гістэрыкі, некалькі разоў паўтарыўшы Палажанцы, што “яна Дашкевічу – ніхто”.

Яшчэ адную сумную навіну Наста Палажанка практычна выпадкова даведалася ад супрацоўніка калёніі, які паведаміў, што Зьміцер Дашкевіч утрымоўваецца ў штрафным ізалятары – карцары. Супрацоўнік ня мусіў распавядаць пра гэта дзяўчыне, аднак пайшоў на такі крок са спачуваньня. Колькі часу ды зь якой прычыны Дашкевіч ужо знаходзіцца там, высьветліць не ўдалося. Аднак вядома, што з карцару Зьміцер павінен выйсьці 25 ліпеня. То бок, сёньня сваё 30-годзьдзе Зьміцер Дашкевіч сустрэне ў карцары.

Раней Наста Палажанка абвесьціла пра сваё вясельле з Дашкевічам. Галоўнай перашкодай цяпер зьяўляецца тое, што пашпарт Зьмітра недзе згубіўся ў часе сьледзтва й суду. Наста Палажанка папрасіла кіраўніцтва калёніі зрабіць запыты на вяртаньне пашпарта. Але дзяўчыне адказалі, што шукаць пашпарт зьняволенага – ня іхная справа.

Нагадаем, Зьміцер Дашкевіч асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі па сфабрыкаваным абвінавачаньні ў злосным хуліганстве. Палітвязень адбывае пакараньне ў калёніі ў Горках.

Арцём Багданаў, Менск