• Палітычны партрэт Лукашэнкі ў Горадні
  • 20.07.2011

Вядомы беларускі палітолаг і публіцыст Валер Карбалевіч у межах дыскусійнага клюба «Гарадзенскі калегіум” ў Горадні запрэзэнтуе сваю нашумелую кнігу “Аляксандар Лукашэнка. Палітычны партрэт”. Падрабязнасьці ў нашага карэспандэнта Вацлава Галімскага.

Як паведаміў адзін з арганізатараў мерапрыемства, журналіст тэлеканалу “БелСАТ” і каарданатар кніжнай сэрыі “Гарадзенкая бібліятэка” Павал Мажэйка, прэзэнтацыя прымеркавана да 17 гадавіны панаваньня Лукашэнкі ў Беларусі.

Павал Мажэйка: Гэтыя дні – фактычна 17-я гадавіна ўступленьня Аляксандра Лукашэнкі на пасаду кіраўніка Беларусі. 17 год ён трымае ўладу. Здаецца, сытуацыя простая, як бот. Мы ўсё ведаем, здаецца, пра Лукашэнку і як ён трымае ўладу. Але, мне падаецца, чым далей, тым ня менш застаецца пытаньняў: а чаму 17 гадоў сытуацыя ў Беларусі не зьмяняецца? Чаму такая кепская эканамічная сытуацыя, якая ў іншых краінах даўно б зьмяла кіраўніцтва, а ў Беларусі ўсё ж Лукашэнка застаецца пры ўладзе? Гэтая сустрэча з Валерам Карбалевічам, аўтарам кнігі “Аляксандар Лукашэнка. Палітычны партрэт” можа быць дасьць  крыху больш адказаў на гэтыя пытаньні, якія хвалююць усіх.

Прэзентацыя кнігі Валера Карбалевіча ў Горадні распачнецца ў 18.45 у залі ва ўнутраным дворыку па адрасе вуліца Будзёнага 48А. Уваход вольны.

Вацлаў Галімскі, Горадня