На старонках „Запісаў” разглядалася гісторыя беларускіх газэтных выданьняў у публікаыі Рыгора Максімовіча «Навіны Грозныя» 1563 году. Да гісторыі зачаткаў беларускіх газэтных выданьняў (у: „Запісы”, кн. 4, Мюнхэн 1966, с. 247-250).
Аўтар зьвярнуў увагу на кароткую даведку пад назовам Першыя беларускія часапісы, якая была зьмешчаная на старонках 2-3 нумару часопіса „Беларускі сьцяг”, выдадзенага ў Коўне ў 1922 годзе. Аўтар даведкі, падпісаны мянушакаю Being, адзначыў, што:
„У каталёзе Бодлейскай бібліятэкі ў Оксфордзе (Англія), акром цэлага раду славянскіх кнігаў, зьмешчана сем непэрыядычных лістовак (рукапісны каталёг з 1684 г.):
1) Новіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю рускую, которі то князь паленьем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем, веліку і знаменіту шкоду вчіняет. З доданьем реляцыей Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкаго, 1562.
2) Новіна іста а правдіва о добытьі тыраном московскім места Полоцкаго, 1571.
3) Эдыкт з замку Полоцкаго, 1597.
4) Эдыкт з обозу под замком нашым Велікімі Лукамі, 1580.
5) Nova ex Livonia а Feria anno, 1602. Заключае навіны аб перамогах К. Хадкевіча ў Інфлянтах.
6) Новіны о взятьі Смоленска, або тріумф радосны, 1610.
7) Новіны о шчастлівом поступаньні на царство Московское Найясьнейшаго Владыслава, Короля Польскаго, 1617. З дрэварытам выабражаючым Дарагабуж і Владыслава прыймаючага ў абозе паслоў маскоўскіх” (Тамсама, с. 247).
Меркаваньнем Р. Максімовіча, „Навіны грозныя” трэба лічыць зачаткам усяго беларускага часапісьменства. Беларускі дасьледнік зьвярнуў увагу на памылку аўтара часопіса „Беларускі сьцяг” пры вызначэньні даты „Навінаў грозных”. Гэтае экстранае выданьне пра важную тагачасную падзею – напад Івана Грознага на Вялікае Княства Літоўскае ды завалоданне ім Полацкам – не магло паявіцца ў 1562 годзе, паколькі свой наступ Іван Грозны пачаў у студзені 1563 году, а Полацак узяў у палове лютага 1563 году (Тамсама). „Навіны грозныя” былі, праўдападобна, надрукаваныя ў заснаванай у 1562 годзе друкарні ў Нясьвіжы – адзінай тагачаснай друкарні на тэрыторыі ВКЛ, дзе была магчымасьць друкаваць кірылічным шрыфтам (Тамсама, с. 248).
„Раўнуючы «Навіны» да газэтнага тыпу публікацыяў, што разьвіліся пазьней, можна сказаць, што яны мелі характар аднаразовага, «экстранага» выданьня, прызначанага падзеі нязвычайнай, трывожнай, усіх абходзячай, усім вельмі важнай. Побач інфармацыйнага чыста заданьня – паведаміць аб грозных і сумных («жалостлівые») падзеях вайны, – «Навіны» былі ськіраваныя яўна й на тое, каб выклікаць абурэньне супроць жорсткага агрэсара ды рыхтаваць народ да абароны” (Тамсама, с. 249)
На жаль, цягам XVІ-XVІІІ стагодзьдзяў не дайшло да разьвіцьця беларускіх газэтаў і часопісаў у поўным значэньні гэтага слова. Толькі 300 гадоў па „Навінах грозных”, у гадох 1862-1863 пачала выдавацца нелегальная беларуская газэта „Мужыцкая Праўда” Кастуся Каліноўскага. Рэгулярныя, пэрыядычныя беларускія газэты „Наша Доля” й „Наша Ніва” зьявіліся толькі пасьля скасаваньня расейскае забароны беларускага друку ў 1906 годзе.
Ніна Баршчэўская