Грэцыя прыклала велізарныя й беспрэцэдэнтныя намаганьні, каб аздаравіць сваю гаспадарку – заявіў учора ў Варшаве міністар замежных справаў Грэцыі Стаўрас Ламбрынідзіс. Ён пераконваў дыпляматаў і навукоўцаў, якія сабраліся ў Польскім інстытуце міжнародных справаў, што яго краіна правядзе ўсе неабходныя рэформы й выйдзе з крызысу.
Прэса й палітыкі актыўна распавядаюць пра правіны Грэцыі, якія давялі да фінансавай катастрофы. Пры гэтым усе забываюць пра тыя беспрэцэдэнтныя ў гісторыі Эўраязьвязу меры, на якія нядаўна пайшла гэтая краіна, каб выйсьці зь цяжкага становішча – паведаміў Стаўрас Ламбрынідзіс.
С. Ламбрынідзіс: Толькі за адін 2010 год Грэцыя зьменшыла дэфіцыт свайго бюджэту на 5%. Толькі за адзін год мы скарацілі нашыя дзяржаўныя выдаткі на 3,5%. Мы значна павысілі падаткі. Заробкі й пэнсіі былі ўрэзаныя. 93 тысячы дзяржаўных чыноўнікаў (альбо 10% ад агульнай колькасьці чынавенства) былі звольненыя з працы на працягу аднаго толькі мінулага году. Быў павышаны пэнсійны ўзрост. Каб зрабіць нашую адміністрацыю больш эфэктыўнай, мы скарацілі колькасьць адзінак мясцовага самакіраваньня з 1300 да 300. Вы ўяўляеце, колькі працаўнікоў адміністрацыі страціла сваю працу за адзін дзень? Але мы пайшлі на гэта.
Акрамя таго, Грэцыя рэфармавала сваю статыстычную службу, якая на працягу доўгіх гадоў падманвала Эўразьвяз, высылаючы яму фальсыфікаваныя дадзеныя. Афіны падрыхтавалі маштабны праект правытызацыі. Яны плянуюць прадаць каля 50 мільярдаў эўра дзяржаўнай уласнасьці.
“Шмат хто кажа сёньня – грэкі жылі неапраўдана раскошна, а цяпер павінны за гэта расплочвацца. І яны пакутуюць. Паверце мне”, – заявіў міністар замежных справаў Грэцыі. Стаўрас Ламбрынідзіс растлумачыў, навошта яго краіне патрэбныя новыя пазыкі.
С. Ламбрынідзіс: Калі краіна за кароткі прамежак часу прымае такія шырокія захады па кансалідацыі бюджэту, то валавы ўнутраны прадукт падае, а суадносіны дзярждоўгу да ВУП растуць. Вы пачынаеце аздараўляць эканоміку, а ўсе крэдытныя агенцтвы пачынаюць казаць, што вы набліжаецеся да дэфолту. Мы хочам як мага хутчэй вярнуцца да нармальнага функцыянаваньня эканомікі. Другая прычына заключаецца ў тым, што зьніжэньне заробкаў і пэнсіяў можна правесьці ў адзін момант, а структурныя рэформы патрабуюць часу. Таму ў часы вялікага скарачэньня бюджэту нам патрэбныя сродкі, каб захаваць эканамічны рост.
Міністар замежных справаў пераконваў дыпляматаў і экспэртаў, што Грэцыя пасьпяхова выкарыстае крэдыты Эўразьвязу й выйдзе з крызысу.
С. Ламбрынідзіс: Хачу падкрэсьліць, што калі Эўропа праявіць салідарнасьць, якую ня бачыў раней ніводны кантынэнт, і выдзеліць грошы на дапамогу Грэцыі ды іншым краінам, Грэцыя верне з высокімі працэнтамі кожнае эўра, якое яна атрымала. Калі мы працягнем палітыку скарачэньня бюджэту, але пры гэтым захаваем эканамічны рост, уся Эўропа стане пасьля крызысу значна мацнейшай.
Нарэшце, падчас сустрэчы ў Варшаве Стаўрас Ламбрынідзіс ня мог не закрануць тэмы жорсткіх грамадзкіх пратэстаў, якія рэгулярна адбываюцца ў Грэцыі. Грэкі пагодзяцца з суровай эканоміяй, але яны павінны мець надзею, што ў будучыні іх жыцьцё палепшыцца – заявіў міністар.
С. Ламбрынідзіс: Я ніколі не чакаў, што народ Грэцыі, улічваючы тое, як моцна ён пацярпеў, будзе выходзіць са сьцягамі на вуліцы й радавацца. Я лічу, што ў сёньняшніх умовах грэкі праявілі надзвычайную вытрымку й мудрасьць. У дэмакратыі вы ня можаце забараніць людзям абурацца супраць балючых эканамічных мераў, незалежна ад таго, наколькі неабходныя гэтыя меры й як шмат людзі ведаюць пра іх. Аднак грамадзяне павінны быць упэўненыя, што ахвяры, на якія яны ідуць сёньня, празь некалькі гадоў дазволяць выйсьці з крызысу.
Стаўрас Ламбрынідзіс таксама выказаўся пра моладзь, якая найбольш актыўна пратэстуе на вуліцах грэцкіх гарадоў. “Я б не чакаў ад грэцкай моладзі быць больш пакорнай. Калі я быў маладзейшы, я пакорны ня быў. Калі вы не змагаецеся за тое, каб краіна зьмянілася да лепшага, яна зьмяняецца да горшага”, – падсумаваў свой выступ міністар замежных справаў.
Аляксандар Папко