• Генпракуратура прызнае правы журналістаў, але не абараняе іх
  • 20.07.2011

Генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч падчас прэсавай канфэрэнцыі пацьвердзіў, што правы журналістаў, якія працуюць у часе вулічных акцый, не павінны парушацца. Аднак нічога ня змог сказаць аб тым, хто гэтыя людзі ў цывільным, якія перашкаджаюць працы журналістаў, ламаюць дарагую апаратуру ды й проста хапаюць мірных грамадзян на вуліцах гарадоў сярод белага дня. І галоўнае: ці будуць яны пакараныя?

Генпракурор Беларусі Рыгор Васілевіч нагадаў, што 15 ліпеня ён накіраваў ліст міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову з просьбай выконваць заканадаўства аб СМІ.

Рыгор Васілевіч: Такі ліст я накіраваў 15 ліпеня на адрас міністра ўнутраных спраў наконт таго, што ёсьць правы журналістаў. Зараз праводзіцца праверка. Па яе выніках будзем вырашаць гэтае пытаньне. Я адзначыў, што ёсьць правы ў журналістаў, якія замацаваныя ў Законе аб СМІ, у тым ліку ў артыкуле 34-ым, падкрэсьліў, што правы журналістаў ня мусяць парушацца. Наконт акцый: гэта пытаньні выканаўчай улады – дазваляць правядзеньне масавых акцый ці не, калі яны маюць месца. Наконт журналістаў: я лічу, што вашыя правы мусяць выконвацца. “Соблюдаться” па-беларуску як? Выконвацца? Так, выконвацца. Гэта, безумоўна, даўно мусіла ўвайсьці ў практыку, стаць добрай традыцыяй многа гадоў таму. І мяркую, што калі на акцыі прысутнічаюць журналісты, то й супрацоўнікі праваахоўных органаў можа будуць паводзіцца больш карэктна.

Адказваючы на пытаньне аб ходзе рассьледаваньня справы аб выбуху на станцыі сталічнага мэтро "Кастрычніцкая"  у красавіку гэтага года, Васілевіч урэшце афіцыйна назваў прозьвішчы абвінавачваемых.

Рыгор Васілевіч: Будзе паседжаньне адкрытым ці закрытым - вырашыць суд, але я мяркую, што будзе адкрытым. Два чалавекі абвінавачваюцца. Прозьвішчы – сакрэт палішынеля --  Канавалаў і Кавалёў, 1986-га года нараджэньня. Адзін зь іх прызываўся на службу ва ўзброеных сілах. І ў тым ліку мусіў здаць адбіткі пальцаў, у тым ліку й пасьля 3-га ліпеня 2008-га года яго маглі б вылавіць. У банку дадзеных яго адбіткаў не аказалася. Калі б у нас быў добры фон, калі законапаслухмяныя грамадзяне пайшлі б і адкаталі пальцы, у нас жа наадварот раздрай атрымаўся. А мы б захавалі пятнаццаць жыцьцяў. І вы паглядзіце па зводцы, што было: тым людзям яшчэ жыць і жыць, там практычна не было людзей пажылога ўзросту. І цяпер яшчэ каля дзясятка пакутуюць на бальнічных ложках.

Генпракурор паведаміў, што службовая асоба, якая згубіла адбіткі пальцаў абвінавачваемага і не ўнесла іх у банк дадзеных, будзе пакараная.

Рыгор Васілевіч: Супраць яго заведзеная крымінальная справа. Больш таго: абраная адна зь мераў стрыманьня. І будзе ўстанаўлівацца яго віна. Пакуль суд не вынес вэрдыкт, я магу так мякка сказаць. І прозьвішча я яго магу назваць, але пакуль ня буду называць.

Абвінавачаныя ў зьдзяйсьненьні выбуху на станцыі мэтро "Кастрычніцкая" 14 ліпеня прыступілі да азнаямленьня з матэрыяламі крымінальнай справы. Па законе на азнаямленьне з крымінальнай справай даецца месяц. Пасьля гэтага можа быць прызначаная дата судовага паседжаньня.
Нагадаю, выбух на станцыі "Кастрычніцкая" прагрымеў 11 красавіка. 15 чалавек загінулі, больш за 160 атрымалі траўмы, у тым ліку цяжкія. Некаторыя людзі на ўсё жыцьцё застануцца інвалідамі.

І аб пазытыўным: генпракурор паведаміў, што ў першым паўгодзьдзі 2011 года агульная колькасьць злачынстваў у Беларусі скарацілася на 14% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага года. За тры папярэдніх гады -- на 22 %.
Разам з тым расьце колькасьць фактаў прыцягненьня да адказнасьці асоб, якія кіруюць транспартам у нецьвярозым выглядзе, што ўжо раней прыцягваліся да адказнасьці за гэтае злачынства. Васілевіч заявіў, што “штрафы не спрацоўваюць”, таму трэба “ўзмацніць адказнасьць у рамках існуючага артыкула”. Гэта можа быць арышт ці абмежаваньне волі са штрафам.


Марыя Кароль