У 2011-2013 гадах Эўразьвяз выдзяліць 5,5 млрд. эўра на правядзеньне рэформаў у краінах-кандыдатах і патэнцыйных кандыдатах на ўступленьне ў ЭЗ: Ісьляндыі, Харватыі, Турцыі, Былой Югаслаўскай Рэспубліцы Македонія й Чарнагорыі, а таксама Сэрбіі, Альбаніі, Босьніі ды Герцагавіне й краі Косава (патэнцыйныя кандыдаты).
ЭЗ акажа дапамогу ў рэфармаваньні судовай улады, дзяржаўнага кіраваньня, а таксама ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю й карупцыяй, у пабудове моцнай грамадзянскай супольнасьці, у рэфармаваньні сфэры адукацыі й г.д.
Больш за ўсё сродкаў атрымае Турцыя (2,5 мільярда эўра), Сэрбія (587 мільёнаў) й Харватыя (430 мільёнаў).
Імкнучыся палепшыць сытуацыю на рынку працы, у пэрыяд з 2014 па 2020 гг. Эўракамісія выдзяліць 15,2 млрд. эўра на мэты адукацыі, перападрыхтоўкі й стажыроўкі. У параўнаньні з папярэднім сямігадовым пэрыядам (2007-2013), бюджэтныя выдаткі ў гэтай сфэры вырастуць на 73%.
Эўракамісія прапануе падвоіць – з 400 тысяч да 800 тысяч - колькасьць грантаў, што выдзяляюцца студэнтам для навучаньня й стажыровак за мяжой.
Эўракамісія таксама плянуе супрацоўнічаць з Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам. Чакаецца, што банк адкрые крэдытную праграму для навучаньня студэнтаў за мяжой.
Нагадаем, што паводле адной з мэтаў адукацыйнай палітыкі ЭЗ, да 2020 года кожны пяты эўрапейскі студэнт павінен атрымаць вопыт навучаньня за мяжой.
У 2010 годзе Эўрапейскі Зьвяз на сваіх зьнешніх межах канфіскаваў 103 млн. адзінак тавараў, якія маглі быць выраблены з парушэньнем закону аб інтэлектуальнай ўласнасьці.
Больш за траціну падробак складаюць цыгарэты (34%). Офіснае абсталяваньне складае 9%; іншыя тытунёвыя вырабы 8%; этыкеткі, цэтлікі й эмблемы 8%; адзеньне 7% і цацкі 7%.
85% падробленай прадукцыі пастаўляецца зь Кітая. Сярод іншых краін-пастаўшчыкоў - Індыя, Ганконг, Малдова й Турцыя.
Калегія Сусьветнай гандлёвай арганізацыі па ўрэгуляваньні спрэчак падтрымала скаргу ЭЗ, ЗША й Мэксікі адносна уведзеных Кітаем абмежаваньняў на экспарт сыравіны.
Згодна з рашэньнем калегіі, экспартныя абмежаваньні «супярэчаць абавязацельствам, узятым на сябе Кітаем у рамках Пратаколу аб уступленьні ў СГА».
У канцы мінулага года Кітай увёў абмежаваньні на экспарт шэрагу сыравінных тавараў, перш за ўсё рэдказямельных элемэнтаў. Гэтыя рэчывы выкарыстоўваюцца ў высокатэхналягічнай вытворчасьці, у прыватнасьці, у плязмавых тэлевізарах, мабільных тэлефонах і іншых гатунках найноўшых прылад. Паколькі Кітай займае дамінуючую пазыцыю на сусьветным рынку рэдказямельных элемэнтаў, экспартныя абмежаваньні прывялі да імклівага павышэньня коштаў як на сыравінныя тавары, так і на канчатковую прадукцыю
У краінах ЭЗ жывуць 32,5 млн. замежнікаў. 12,5 мільёнаў грамадзян краін ЭЗ жывуць у іншых краінах супольнасьці, і 20 мільёнаў чалавек жывуць у ЭЗ, не зьяўляючыся пры гэтым грамадзянамі ні адной з краін-чальцоў зьвязу, паведамляе Эўрастат.
Замежнікі, якія пражываюць у ЭЗ, нашмат маладзейшыя, чым грамадзяне ЭЗ (іх сярэдні ўзрост - 34 гады, тады як сярэдні ўзрост грамадзян эўрасупольнасьці - 41 год).
Больш за ўсё іншаземцаў жыве ў Нямеччыне (7 мільёнаў), Гішпаніі (5,7 мільёнаў,), Вялікабрытаніі (4 мільёны), Італіі (4,2 мільёны ) й Францыі (3,8 мільёна).
Для 48% грамадзян Эўрапейскага Зьвязу права свабодна перамяшчацца й пражываць на тэрыторыі іншых краін Эўразьвяза зьяўляецца найважнейшым правам, забясьпечаным ЭЗ.
Пра гэта сьведчаць дадзеныя спэцыяльнага дасьледаваньня грамадзкай думкі грамадзян ЭЗ, праведзенага TNS Opinion & Social па замове Эўрапейскага амбудсмэна і Эўрапейскага парлямэнта.
Паводле вынікаў дасьледаваньня, 42% эўрапейскіх грамадзян лічаць недастатковай ступень празрыстасьці інстытутаў ЭЗ.
дг