• У Віцебску гасьцююць францускія сваякі Ільлі Рэпіна
  • 21.07.2011

У Віцебску гасьцююць французскія сваякі Ільлі Рэпіна. Яны ўпершыню прыбылі на Віцебшчыну, каб наведаць месцы, зьвязаныя з жыцьцём і творчасьцю славутага продка.

У складзе дэлегацыі - 18 чалавек, сярод якіх чацвёра прапраўнукаў Рэпіна — Іван, Серж, Надзін і Мішэль Дзяканавы, а таксама маладыя сваякі ў пятым пакаленьні. Усе яны — нашчадкі ўнучкі мастака Тацьцяны Мікалаеўны Рэпінай-Язевай, якая пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі пасялілася ў маёнтку дзеда Здраўнёва пад Віцебскам.

Ільля Рэпін набыў сядзібу ў 1892 годзе і да 1902-га любіў тут адпачываць летам зь сям'ёй. Менавіта ў Здраўнёве ён напісаў вядомыя карціны "Беларус", "Месячная ноч", "Дуэль" і "На сонцы". Цяпер тут захоўваюцца рэпінскія акварэлі, малюнкі, карціны, арыгінальныя фатаграфіі, лісты й кнігі.

У былым радавым маёнтку французы пазнаёміліся з нашчадкамі селяніна Сідара Шаўрова, зь якога Рэпін пісаў карціну "Беларус".

кр/БелаПАН