• Памяці кардынала Казіміра Сьвёнтка
  • 21.07.2011

Сёньня раніцай памёр Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтак. Ён прыжыў жыцьцё поўнае цяжкіх выпрабаваньняў, а таксама поўнае служэньня Богу, чалавеку. Ён застанецца ў памяці беларусаў як Вялікі кардынал.

Казімір Сьвёнтак быў найстарэйшым беларускім каталіцкім ерархам. Ягонае жыцьцё адзначалася глыбокім даверам і любоўю да Бога й чалавека, нягледзячы на шматлікія цяжкія выпрабаваньні (савецкая ўлада асуджала яго на сьмерць, зьняволіла на 10 гадоў у лягеры). Народжаны ў Эстоніі ў 1914, ён пражыў большую частку свайго жыцьця ў Беларусі, дзе дзякуючы яго высілкам адрадзіўся Каталіцкі касьцёл, у якім загучала жывое беларускае слова.

І вось сёньня зь Менска прыйшла сумная навіна: памёр першы беларускі кардынал, адзін з адраджэнцаў Касьцёла ў Беларусі Казімір Сьвёнтак.

Больш падрабязна распавядае ксёндз Юры Жэгарын, прэсавы-сакратар канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Кс. Юры Жэгарын: Сёньня 21-га ліпеня а 9 гадзіне раніцы на 97-м годзе жыцьця адышоў у вечнасьць кардынал Казімір Сьвёнтак, які зьяўляўся знакавай фігурай і вялікім чалавекам для вернікаў у Беларусі ды за яе межамі. Яго вялікасьць заключаецца ў тым, што ён быў сьведкам веры, сьведкам адданага служэньня іншаму чалавеку, служэньня Касьцёлу ды свайму пакліканьню. На працягу свайго жыця ён перажыў шмат выпрабаваньняў. У сёньняшнія часы вернікі й сьвятары ўзгадваюць яго як спагадлівага пастыра, які заўсёды хацеў дапамагчы іншым парадай і конкрэтным учынкам.

Казімір Сьвёнтак заўсёды ўражваў іншых сваёй глыбінёй веры ды пашанай да чалавека, узгадвае ксёндз Юры Варанко, апошні сьвятар, якога пасьвяціў у сан ксёндз-кардынал.

Кс. Юры Варанко: Вельмі цяжка перадаць цяпер у некалькіх словах багацьце гэтай асобы, яго адносіны да людзей. Але заўсёды ягонай асноўнай рысай была пашана да чалавека. Ён заўсёды з павагай размаўляў, прапанаваў, пытаўся. Ніколі не было такога, каб ён рэзка загадваў, казаў, што ты мусіш тое й тое. Ён заўсёды спрабаваў увайсьці ў сытуацыю кожнага чалавека. Было бачна яго асаблівы падыход да чалавека, яго цікавасьць.

Партал Catholic.by ўзгадвае гісторыю, як два гады таму кардынала Свёнтка спыталі, што б ён хацеў змяніць у сваім жыцьці? Ён адказаў, што хацеў бы зноў пражыць тое самае жыццё. Паводле словаў Юрыя Варанка, кардынал Казімір Сьвёнтак ніколі не наракаў на складанасьці свайго жыцьця, а дзякаваў Богу за тое, што ён даў яму магчымасьць служыць людзям.

Юры Варанко: Нейкіх асаблівых падрабязнасьцяў з часоў зьняволеньня ў савецкіх лягерах ён не расказваў. Калі ж ён уздымаў гэтую тэму, заўсёды казаў так: Калі б ня Бог і не мая вера, я б ніколі не вытрымаў тое, што там адбывалася. У яго заўсёды была падзяка Пану Богу, што Бог даў яму гэта перажыць і даў яму магчымасьць служыць далей людзям.

Дарэчы, у 2004 годзе Казімір Сьвёнак атрымаў узнагароду “Сьведка веры” ад Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Яшчэ раней, у далёкім 1994 годзе Папам нададзены тытул кардынала Казіміру Сьвёнтку. Гэта было прызнаньне ягоных заслугаў у аднаўленьні Касьцёла ў Беларусі. Казімір Сьвётак лічыў, што ня будзе народу й дзяржавы без духоўнасьці, - узгадвае ксёндз Юры Варанко.

Юры Варанко: Ён разумеў, што станаўленьне дзяржаўнасьці й народнасьці залежыць ад духоўнага стану чалавека. Народ без духоўносьці ня можа ўтвараць сваю культуру ды ствараць адзіную цэласнасьць. Бяз сувязі з Богам, без духоўных вартасьцяў цяжка будаваць незалежнасьць і дзяржаўнасьць.

Казімір Сьвёнтак быў вялікім кардыналам і ўзорам для беларусаў, - лічыць рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько.

Андрэй Дынько: Казімір Свёнтак быў вялікім кардыналам, чалавекам вялікай веры. Усе, каму давядзецца ў сваім жыцьці сутыкацца з выпрабаваньнямі, будуць успамінаць яго як узор таго, як трэба пераносіць выпрабаваньні, як трэба жыць. Кардынал Сьвёнтак быў важным прыкладам грамадзянскага служэньня краіне. Будучы палякам, ён адраджаў беларускі Касьцёл. Ён разумеў, што беларусам трэба нацыянальная дзяржава, нацыянальныя цэрквы ды свая супольнасьць. Дзякуй Богу, што ў нас быў такі кардынал.

А вось голас кардынала Сьвёнтка з нашага архіву. Сымбалічна тое, што гэта прамова кардынала на сьмерць ксяндза Юзэфа Булькі.

Казімір Сьвёнтак: Ад імя ўсіх тых, да каго дайшла твая справа, я хацеў бы падзякаваць за тваю сьвятарскую працу, падзякаваць за ўсё, што ты зрабіў дзеля людзей, для душы й для цела. Мяркую, што цяпер ты можаш ляжаць спакойна, бо ты заслужыў на тое, каб адпачыць.

Пахаваньне кардынала Казіміра Сьвёнтка адбудзецца ў панядзелак 25 ліпеня ў пінскай катэдры. Пахавальную святую Імшу ўзначаліць былы асабісты сакратар Папы Яна Паўла ІІ арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш.

 

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Здымкі Арцём Багданаў